С 21 по 26 апреля 2025 года в Кировском районе проводится мероприятие «Неделя нулевого травматизма» | С 24 марта 2025 года по 25 апреля 2025 года в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда при проведении весенних полевых работ в сельскохозяйственных организациях области |

Боркі: боль і памяць

Вы здесь

Па традыцыі, у апошнюю нядзелю жніўня ў в.Боркі адбыўся мітынг-рэквіем “Усенародны боль і памяць”, прысвечаны Дню памяці яе жыхароў, спаленых і закатаваных нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На мемарыяльным комплексе “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” сабраліся ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, дэлегацыі працоўных калектываў раёна, кіраўнікі і члены грамадскіх аб’яднанняў, моладзь, жыхары Борак і навакольных вёсак.

 

Удзел у мітынгу-рэквіеме прынялі старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава, начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны ўрач ЦРБ Алена Круцько, настаяцель Свята-Пакроўскага храма г.Кіраўска іерэй Дзмітрый Первій.

 Дзень 15 чэрвеня 1942 года стаў апошнім днём жыцця для 1800 мірных жыхароў в.Боркі і шасці прылягаючых да яе пасёлкаў. А ўвогуле, на Магілёўшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны было знішчана больш за 100 населеных пунктаў, зніклі з твару зямлі 9372 двары разам з 14607 жыхарамі. Спаленыя вёскі Прыдняпроўскага краю ўвекавечаны на гранітных плітах на Сцяне памяці мемарыяльнага комплексу ў в.Боркі.

 У памяць аб ахвярах боркаўскай трагедыі і ўсіх жыхароў вялікіх і малых вёсак, чые жыцці былі абарваны фашысцкімі катамі, да мемарыяла былі ўскладзены вянкі і кветкі.

 

 Адкрываючы мітынг-рэквіем, старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў адзначыў, што менавіта наша мірная Беларусь першай прыняла на сябе ўдар гітлераўскіх акупантаў, стала жывым шчытом на іх шляху. Гераічная барацьба беларускага народа з фашыстамі пачалася з першых хвілін Вялікай Айчыннай вайны і працягвалася да поўнага выгнання ворага з роднай зямлі.

 На здымку: кветкі — у памяць аб загінуўшых жыхарах в.Боркі ўскладаюць старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава, старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў, начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.

 

За тры гады акупацыі Кіраўскага раёна супраць мірнага насельніцтва фашыстамі праводзіліся дзесяткі карных аперацый. Самая жудасная і маштабная з іх была ўчынена ў в.Боркі.

 Усяго на тэрыторыі раёна за гады вайны было знішчана 47 вёсак, 8 з якіх так і не адрадзіліся, спалена, вывезена і адпраўлена ў нямецкі тыл і лагеры смерці 2135 чалавек, 3391 — расстраляны, 7139 — закатаваны.

 Кіраўнік раёна падкрэсліў, што памяць аб вайне, яе ахвярах, стойкасці і мужнасці абаронцаў Айчыны ўвасоблена ў граніце помнікаў і абеліскаў, а таму будзе жыць вечна.

 Шчырыя словы ўдзячнасці Аляксандр Бутараў выказаў ветэранам вайны, якія сваім подзвігам прадэманстравалі ўсяму свету самаадданую і бязмежную любоў да сваёй Радзімы, падарылі магчымасць будучым пакаленням жыць у мірнай і свабоднай краіне.

 Сёння ў адным страі з ветэранамі вайны плячом да пляча стаяць і воіны-інтэрнацыяналісты. Менавіта іх агульны подзвіг у імя міру і спакою на зямлі з’яўляецца надзейным падмуркам у патрыятычным выхаванні моладзі на слаўных баявых традыцыях.

 Звяртаючыся да моладзі, кіраўнік раёна адзначыў, што юнакі і дзяўчаты павінны свята захоўваць слаўную гісторыю сваёй краіны і свайго народа, працягваючы перададзеную дзедамі і прадзедамі эстафету ва ўмацаванні палітычных і эканамічных заваёў на карысць незалежнасці і працвітання Беларусі.

 У сваёй прамове начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў ад-значыў, што, на жаль, на сучасным этапе сусветная супольнасць забылася на ўрокі, паднесеныя трагедыяй, якая пачалася ў чэрвені 1941 года. І сёння ў свеце павялічваецца колькасць краін, дзе ідуць рознага роду баявыя дзеянні, дзе па-ранейшаму гінуць мірныя жыхары. Галоўная задача сучаснага пакалення нашай краіны — зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць агрэсіі ў любым яе праяўленні і свята берагчы мір. “А прыкладам мужнасці і адданасці сваёй Радзіме з’яўляюцца ветэраны вайны”, — пад-крэсліў Уладзімір Рыжкоў.

 “Трагедыя вёскі Боркі — нябачны дагэтуль акт расправы над ні ў чым не віноўнымі людзьмі, — адзначыў на мітынгу-рэквіеме ветэран працы, былы малалетні вязень Рагачоўскага гета Рыгор Захаравіч Каган. — У цяперашні неспакойны час трэба рабіць усё магчымае, каб зберагчы мір і спакой у нашай прыгожай сінявокай Беларусі”.

 Жалобную заўпакойную ліцію па спаленых жыхарах в.Боркі і вёсак Магілёўшчыны адслужыў настаяцель Свята-Пакроўскага храма іерэй Дзмітрый Первій.

 Мінутай маўчання была ўшанавана памяць закатаваных тут мірных жыхароў. Гучаў метраном, а сэрцы прысутных сціскаў боль за тых, чые жыцці раптоўна абарваліся чэрвеньскім днём 1942 года…

 Вучаніца гімназіі горада Ксенія Русецкая звярнулася да прысутных ад імя маладога пакалення і адзначыла: “Мы павінны не толькі ведаць і памятаць гісторыю, але і імкнуцца да таго, каб не дапусціць паўтарэння такіх страшных трагедый. Як цудоўна жыць, вучыцца і працаваць у мірнай, прыгожай краіне. Мы, маладое пакаленне, павінны зрабіць усё ад нас залежачае, каб на нашай зямлі больш не чуліся выбухі снарадаў, не гінулі людзі. Абяцаем быць дастойнымі прадаўжальнікамі слаўных традыцый нашага народа!”

 Ганаровыя госці і ўдзельнікі мітынгу-рэквіему наведалі капліцу ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, дзе айцец Дзмітрый правёў малебен.

Наталля ХАДАКОВА,

Людміла СЯМЁНАВА.

Фота

 Максіма МІКЕШЫНА.