8 жніўня, Кіраўск /Ул. інф./ Творчая дэлегацыя Магілёўскай вобласці, у саставе якой была і выкладчык Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў, член Саюза майстроў Рэспублікі Беларусь Аліна Якавенка, прадстаўляла Беларусь на ІІІ Міжнародным фестывалі “Славянскія дні — Нітра 2011”, які праходзіў у г.Нітра (Славацкая Рэспубліка).
У межах фестывалю была арганізавана выстава-продаж твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Адначасова дзейнічалі творчыя майстэрні: удзельнікі стваралі свае шэдэўры непасрэдна на вачах у зацікаўленай публікі. Саломапляценне на фестывалі прадставілі толькі беларусы. Нават знайшліся жадаючыя паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Праўда, ім такі занятак аказаўся не па сілах. Наогул жа, і госці фестывалю, і мясцовыя жыхары былі літаральна зачараваны работамі беларускіх майстроў. Да таго ж, іх работы актыўна раскупліваліся. А дэкаратыўныя пано Аліны Станіславаўны ў падарунак ад беларускіх майстроў атрымалі высокія госці фестывалю.