21 верасня, Кираўск /Уласн. інф./ У мінулыя выхадныя на маляўнічым беразе Чыгірынскага вадасховішча сабралася эліта рыбалоўнага спорту Еўропы: тут праходзілі міжнародныя спаборніцтвы па спартыўнай лоўлі рыбы фідэрам “Кубак Дружбы” Беларусь-2011. У трэці раз Кіраўшчына прымала рыбаловаў-спартсменаў з Беларусі і замежжа, і ў трэці раз Чыгірынскае вадасховішча, багатае на рыбу розных відаў і памераў, шчодра прадастаўляла ім магчымасць паспрачацца за лідарства.
У суботу ў паралельным з чэмпіянатам фармаце, па традыцыі, прайшло адкрытае асабіста-каманднае першынство Кіраўскага раёна па лоўлі рыбы на донную вуду.
З года ў год спаборніцтвы па рыбнай лоўлі пашыраюць свае маштабы: калі ў першы год удзел прымала 12 каманд, у 2010-м — 17, то сёлета — 22. Інтарэс да “Кубка Дружбы” ўзрастае, і гэта бачна не толькі па колькасці каманд, але і па іх саставу: у сёлетніх спаборніцтвах прымалі ўдзел чэмпіёны свету па фідэрнай лоўлі рыбы расіяне Ілья Калачоў і Іван Андрыянаў, срэбраны прызёр свету ўкраінец Яўген Будлак, пераможцы нацыянальных першынстваў.
На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў, якое праходзіла ў пятнічны вечар на базе адпачынку СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага “Дом рыбака”, старшыня БГА “Федэрацыя рыбалоўнага спорту” Яраслаў Ціхановіч адзначыў:
— На сёлетні “Кубак Дружбы” прыехалі лепшыя спартсмены-рыбаловы 5 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі і навічкі — дзве каманды з Літвы. Лічу, нашы спаборніцтвы можна называць малым чэмпіянатам Усходняй Еўропы. Пераможцамі і прызёрамі першага ў свеце чемпіянату па фідэрнай лоўлі рыбы, які прайшоў у пачатку сёлетняга верасня ў Італіі, сталі менавіта тыя каманды, якія ўдзельнічалі ў “Кубку Дружбы” ў мінулыя гады. На сённяшні дзень прысутныя тут спартсмены з Расіі і Украіны пасля паспяховага ўдзелу ў вышэйшым рыбалоўным форуме — самыя моцныя рыбаловы ў свеце. Прыемна, што ў гэтым ёсць і наша невялікая заслуга, бо “Кубак Дружбы” — гэта не толькі чэмпіянат, але і трэніроўка, і абмен вопытам.
…Ну, а каму ж усміхнулася ўдача, выствелілася напрыканцы другога дня спаборніцтваў — у нядзелю. Чэмпіёнам “Кубка Дружбы” Беларусь-2011 стала расійская каманда “Мавер” у саставе Міхаіла Дунаева і Паўла Гарэлава. Дарэчы, апошні спартсмен-рыбалоў заняў трэцюю прыступку п’едэсталу гонару ў асабістым заліку.
Другое і трэцяе месцы занялі каманды з Эстоніі — “Andler-2” і “Pelikan” адпаведна.
У асабістым заліку першынство — на рахунку эстонскага спартсмена-рыбалова Дзмітрыя Забашта, а вось другое месца адваявала ў сапернікаў-мужчын Таццяна Дзянісава.
Самую вялікую рыбу вадасховішча дазволіла вылавіць менавіта беларусу — Вадзіму Якубовічу. Лешч заважыў 1580 кг.
Сярод рыбаловаўаматараў раённага першынства па рыбнай лоўлі на донную вуду былі ўдзельнікі рознага ўзросту, розных заняткаў і нават жанчына — удзельніца каманды райаграпрамтэхзабеспячэння Ганна Жыдовіч. Ёй, адзінай прадстаўніцы слабага полу, было прадастаўлена ганаровае права ўзняць Дзяржаўны флаг нашай краіны на ўрачыстым адкрыцці першынства.
Удзел у ім прынялі 9 каманд: райаграпрамтэхзабеспячэння, ліцэя №15, Стайкаўскага і Дабаснянскага сельсаветаў, пракуратуры, тры каманды прадстаўлялі Кіраўскую ДЮСШ. Завіталі на першынство і госці — каманда з Гродзенскай вобласці “Гродна-фіш”.
Адным у гэты дзень пашанцавала вылавіць з сініх вод сваё рыбацкае шчасце, іншым — не. Аднак вынікі былі падведзены, пераможцы — вызначаны. Першае месца заняла каманда ліцэя №15, дзякуючы удаламу ўлову — падляшча вагой у 298 г Уладзіміра Рышкевіча.
Другое месца — на рахунку райаграпрамтэхзабеспячэння. Улоў прадстаўніка каманды Уладзіміра Згібнева заважыў 167 г.
Трэцяе месца — у каманды ДЮСШ-1. Падляшча вагой 110 г злавіў Валянцін Шакараў.
Такім жа чынам размеркаваліся месцы і ў асабістым заліку.
Самую маленькую рыбку вагой 14 г вадаём падараваў Вадзіму Кіхтэнку з каманды райаграпрамтэхзабеспячэння.
На ўрачыстым закрыцці першынства старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў ўручыў пераможцам і прызёрам дыпломы і падарункі. Былі адзначаны юныя рыбаловы — каманда ДЮСШ-3 у саставе Андрэя Шакарава і Уладзіслава Шапоткіна і самы вопытны ўдзельнік — Міхаіл Уніятаў.
Старшыня райвыканкама разам з сынам таксама праводзіў гэты дзень на вадаёме. Ім рыбацкая ўдача ўсміхнулася адной з самых шырокіх сваіх усмешак — пашанцавала выцягнуць з вадаёма шчупака вагой каля трох кілаграмаў.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ
Максім МІКЕШЫН