Всех желающих субъектов розничной торговли приглашаем принять участие в ярмарке, посвященной празднованию Дня Победы, которая состоится 9 мая 2025 г. в г.Кировске. Заявки на участие принимаются до 7 мая 2025 г. по телефонам +3752237 79 1 40, 79 1 41, факс 79 1 32, e-mail: kirovrec.econom@mail.ru. econ@kirovsk.gov.by |

Педагогі вызначылі лепшых

Вы здесь

На небасхіле творчасці, поспехаў і прафесійных талентаў запальваюцца і ззяюць, азараючы ўсё навокал чароўным святлом, зоркі эстрады, кіно, літаратуры… У адной чарадзе з імі — зоркі педагогікі. Менавіта дзякуючы ўнутранаму і знешняму святлу настаўнікаў кожнаму з нас адкрываецца шлях у падарожжа па краіне ведаў, а значыць — і шляхі ў будучае.

 Пачынаючы з 1991 года, у раёне наладжваецца конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, традыцыйна, яго пераможцы абараняюць гонар Кіраўшчыны на абласным этапе прафспаборніцтва. Шматгадовы вопыт правядзення “Настаўніка года” паказвае, што гэты конкурс садзейнічае павышэнню прэстыжу прафесіі педагога, выяўляе новыя “зорныя” імёны таленавітых выкладчыкаў, майстэрства якіх становіцца набыткам і прыкладам для іншых, развівае педагагічную творчасць.
 Сёлета за званне лепшага з лепшых змагаліся 11 настаўнікаў. На працягу некалькіх дзён канкурсантам трэба было вытрымаць некалькі этапаў: творчае самапрадстаўленне; апісанне педагагічнага вопыту (завочны этап); абарона педагагічнага вопыту; правядзенне ўрока ў незнаёмым класе; самааналіз сваёй работы. Старшыня журы — галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Каранкевіч адзначыла: “Пры падвядзенні вынікаў конкурсу галоўным крытэрыем пры ацэнцы ўдзельнікаў было іх прафесійнае майстэрства. Перавага надавалася правядзенню ўрокаў у незнаёмым класе, якія наладжваліся на базе гімназіі і СШ№1. Таксама вельмі важна для настаўніка ўмець зрабіць самааналіз работы, апісаць уласны вопыт выкладання.
 Аналізуючы сёлетні конкурс, варта адзначыць, што ўсе 11 удзельнікаў прадэманстравалі вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі. У кожным было нешта самае лепшае. На ўроках члены журы бачылі, з якой цеплынёй і любоўю настаўнікі ставяцца да дзяцей, а гэта — самае галоўнае ў прафесіі педагога. Складана было выбраць пераможцу. Розніца паміж выніковымі баламі была нязначнай. Аднак конкурс ёсць конкурс…”
 Ганаровае званне “Настаўнік года” заваявала настаў-ніца пачатковых класаў Мышкавіцкай СШ Аксана Пацягова. Аксана Іванаўна прысвяціла выкладчыцкай дзейнасці 9 год. Прызнаецца, што вырашыла стаць педагогам для таго, каб не раставацца з дзяцінствам альбо мець магчымасць хаця б жыць у яго асяроддзі. Дзякуючы прафесійным і чалавечым якасцям, маладой настаўніцы ўдаецца хутка знаходзіць агульную мову з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Яскравым доказам таго было творчае самапрадстаўленне Аксаны Пацяговай, якое дапамаглі ажыццявіць яе маленькія вучаніцы. А сакрэт яе поспеху просты — аптымізм і бязмежная любоў: да дзяцей, да ведаў і да сваёй прафесіі.
 Другое месца падзялілі паміж сабой настаўніца пачатковых класаў гімназіі Святлана Падашэўская і выкладчыца рускай мовы і літаратуры Паўлавіцкай СШ Алена Дзятлава.
 Пачатак кожнага ўрока Святлана Падашэўская ўспрымае, як выхад на сцэну: калі ў баку трэба пакінуць ўсе лішнія думкі, дрэнны настрой, хатнія клопаты і жыццёвыя праблемы, усміхнуцца і выйсці на сустрэчу са сваімі гледачамі і слухачамі — маленькімі вучнямі. “Калі заходжу ў клас і бачу даверлівыя вочкі маіх вучняў, у якіх бруіць жаданне спасцігаць свет ведаў, то разумею, што мая задача — дапамагчы ім, навучыць і пры гэтым я не маю права хлусіць, бо бацькі даверылі мне сэрцы сваіх дзетак”, — адзначыла Святлана Міхайлаўна.
 Алена Дзятлава прызналася, што жаданне стаць настаўнікам, выкладаць дзецям рускую мову і літаратуру з’явілася ў яе, дзякуючы маці і настаўніцы С.М.Асмалоўскай. Алена Леанідаўна вучылася ў Паўлавіцкай СШ. 28 год таму, пасля атрымання дыплома вярнулася ў родную школу выкладчыкам. На першы ўрок увайшла з усмешкай — з гэтага і пачалася яе прафесійная дзейнасць. У якасці свайго педагагічнага крэда Алена Дзятлава вызначыла: “Пад-штурхоўваць вучняў думаць, рабіць творчыя адкрыцці. Наша з рабятамі месца сустрэчы — не школа, а сэрца”.
 На трэцім месцы таксама дзве канкурсанткі — выкладчыца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Святлана Свірко і настаўніца пачатковых класаў СШ№1 Святлана Пятруша.
 Падчас творчага самапрадстаўлення Святлана Свірко прадэманстравала відэаролік, у якім яе вучні, іх бацькі і калегі Святланы Рыгораўны адгукаліся аб ёй, як настаўніцы і чалавеку. Вучні ўзялі інтэрв’ю, у якім Святлана Свірко прызналася, што вучыць дзяцей роднай беларускай мове натхніў яе настаўнік М.В.Зянькоўскі: “Дзякуючы Мікалаю Васільевічу, я ўсёй душой палюбіла беларускую мову. Мне захацелася ад-крываць гэтую любоў і іншым. Я не толькі выкладаю родную мову ў школе, але размаўляю на ёй і дома”.
 Дзякуючы дапамозе калег, Святлана Пятруша падрыхтавала арыгінальнае самапрадстаўленне. Інсцэніравалі казанне аб трох мудрацах, якія шукалі героя, здольнага выратаваць свет: неабыякавага, які не пужаецца цяжкасцей, разумнага, універсальнага, захопленага сваёй справай, ініцыятыўнага, таленавітага. Аказалася, што ўсімі гэтымі і многімі іншымі якасцямі валодае Святлана Аляксандраўна. “Акрамя гэтага я маю яшчэ і крылы, якія дапамагаюць пераадольваць выпрабаванні. Гэтыя крылы — мае вучні. Я дакладна ведаю, што няма дрэнных вучняў, таму імкнуся зразумець кожнага дзіцяці, вучу іх верыць у поспех, дасягаць вышынь. А яшчэ я ўпэўнена, што без любві да дзяцей немагчыма стаць настаўнікам”, — прызналася падчас конкурсу Святлана Пятруша.
 Дыпломамі ў намінацыі “Сэрца аддадзена дзецям” узнагароджаны настаўніцы пачатковых класаў Дабаснянскай СШ — Лілія Асташова і Чыгірынскай СШ — Марыя Панкратовіч.
 У намінацыі “Мудрасць і вопыт” адзначаны вы-кладчыкі інфарматыкі СШ №1 — Святлана Ганчарова і матэматыкі Барчыцкага ДССШ Анатоль Рышкевіч.
 Званне “Настаўнік, узвышаючы душу” прысвоена выкладчыкам рускай мовы і літаратуры Чыгірынскай СШ Таццяне Шаўцовай і беларускай мовы і літаратуры Мышкавіцкай СШ Ірыне Шынкоўскай.
 Дзякуючы спонсарскай падтрымцы РА ГА “Белая Русь” і райкаму прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі пераможцы і ўдзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства атрымалі памятныя падарункі. Кіраўчане Сяргей Іваніцкі і Міхаіл Пузянкоў заснавалі прыз глядацкіх сімпатый, якім узнагароджана Ірына Шынкоў-ская.

Яўгенія БЯЛЬКО.