С 02.06.2025 по 30.06.2025 в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда на строительных площадках области

За мірны край, за пераможны май вялікі дзякуй, ветеран!

Вы здесь

За мірны край, за пераможны май вялікі дзякуй, ветеран!
 
Кіраўшчына, як і ўся Беларусь, адзначыла 71-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты, праходзілі ў раёне напярэдадні: адбыліся незабыўныя і хвалюючыя сустрэчы-гутаркі ветэранаў вайны з вучнямі школ і моладдзю, да іх з віншаваннямі і падарункамі наведаліся прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў. Да помнікаў, брацкіх магіл і абеліскаў былі ўскладзены вянкі і кветкі.
Дзень Перамогі быў напоўнены сонечным святлом, пяшчотнай веснавой цеплынёй, квеценню садоў і святочнай атмасферай.
Па традыцыі, у райцэнтры 9 Мая каля брацкай магілы воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, па вул.Гагарына сабраліся ветэраны вайны, воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі раённай улады, працоўных і вучнёўскіх калектываў, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў і госці нашага горада.
Ва ўрачыстасцях прыняла ўдзел член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны ўрач райбальніцы Алена Круцько.
На грудзях удзельнікаў святочных падзей, аб’яднаных адзіным патрыятычным настроем, ззялі чырвона-зялёныя стужкі з яблыневымі кветкамі, якія ў нашай краіне ў межах рэспубліканскага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі” сталі сімвалам Перамогі.
Ганаровае месца на ўрачыстым мітынгу-рэквіеме “Мір на зямлі вашым подзвігам створаны” было адведзена, вядома ж, ветэранам.
Да сабраўшыхся звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў. Ён адзначыў, што Дзень Перамогі — самае дарагое свята для кожнага з нас. Беларускі народ, як ніхто іншы, ведае цану міру і вышэй за ўсё ставіць гонар і свабоду сваёй Айчыны, захоўвае ў сэрцах не толькі мужнасць, гераізм, адвагу воінаў і працаўнікоў тылу, але і горыч страт ваеннага ліхалецця.
На Кіраўшчыне гітлераўцы правялі дзесяткі карных аперацый супраць партызан і мірных жыхароў. Самая масавая з іх — трагедыя в.Боркі, дзе былі закатаваны і спалены жывымі 1800 мірных жыхароў. Менавіта таму кожны жыхар раёна свята шануе памяць аб загінуўшых, даражыць мірам і свабодай, з павагай ставіцца да тых, хто набліжаў светлы Дзень Перамогі.
Пакаленне людзей, якое прайшло ўсе кругі ваеннага пекла, здзейсніла яшчэ адзін подзвіг — знайшло ў сабе сілы і адрадзіла родную Айчыну, адзначыў кіраўнік раёна.
Аляксандр Бутараў павіншаваў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Днём Перамогі, пажадаў ім як мага надалей заставацца ў страі і служыць для маладога пакалення прыкладам мужнасці і стойкасці.
8 мая ў нашай краіне адзначаўся Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь. Віншуючы жыхароў Кіраўшчыны з гэтым святам, Аляксандр Бутараў пажадаў, каб галоўныя сімвалы краіны, як найвялікшыя нацыянальныя каштоўнасці, для кожнага былі стымулам для новых працоўных перамог, здзяйсненняў і імкненнем да пастаяннага развіцця.
Ад імя франтавікоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны горача і сардэчна павіншавала прысутных са святам Перамогі ветэран вайны Галіна Васільеўна Каранкевіч. Яна заклікала заўсёды помніць аб загінуўшых, беражліва адносіцца да тых, хто падарыў чалавецтву вясну 1945-га года. “На жаль, і сёння не ўсюды на нашай планеце спакойна. Таму давайце будзем даражыць гэтай цішынёй, берагчы яе і ніколі не забываць тых, хто аддаў сваё жыццё за мір і свабоду на зямлі”, — падкрэсліла ветэран.
“Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб наш народ больш ніколі не зведаў жахлівых падзей той страшнай вайны, — з такімі словамі ад імя маладога пакалення звярнулася да ўдзельнікаў мітынгу-рэквіему вучаніца 11 класа СШ №1 Яўгенія Касцючэнка. — Дзень Перамогі — свята, якое ніколі не стане проста сімвалам або каляндарнай датай. Мы, маладое пакаленне, разумеем, што няма нічога на свеце даражэй, чым мірнае неба над галавой і свабодная краіна. Мы схіляем галовы перад ветэранамі і кажам ім: “Дзякуй! Дзякуй, што выстаялі! Дзякуй, што перамаглі!”.
Вучні школ раёна ў знак удзячнасці падарылі ветэранам майскія кветкі.
Да брацкай магілы, як сімвал непагаснасці памяці пакаленняў, былі паднесены запаленыя лампадкі.
Адлік метранома зноў сціснуў сэрцы. Мінута маўчання… У гэты момант на тварах ветэранаў — смутак, а на вачах — слёзы. Яны, напэўна, перанесліся ў думках у тыя страшныя ваенныя гады, успомнілі сваіх баявых таварышаў, тых, каму, на жаль, не давялося дачакацца Перамогі.
Да брацкай магілы былі ўскладзены вянкі, кошыкі памяці і кветкі. Першы кошык памяці — ад старшыні райвыканкама Аляксандра Бутарава і старшыні раённага Савета дэпутатаў Галіны Слабоднікавай.
Па завяршэнні мітынгу-рэквіему дзеці выпусцілі ў неба белых галубоў — сімвал міру, спакою і светлых надзей.
…Святочная калона, нібы плынь, якая звязвае мінулае і сучаснасць, у суправаджэнні духавога аркестра плаўна рушыла па вуліцы Кірава. На чале калоны — воіны тэрміновай службы са сцягам Перамогі, далей — эскорт машын з галоўнымі героямі святочных мерапрыемстваў — ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.
Галоўная плошча горада ператварылася ў вялікую канцэртную пляцоўку. Да ўвагі ўдзельнікаў свята — тэатралізаваны канцэрт — “Вайны свяшчэнныя старонкі навечна ў памяці людской!”
На плошчы горада пад адкрытым небам была наладжана работа тэатралізаваных пляцовак “Сцяна памяці”, якія былі падрыхтаваны з удзелам прадстаўнікоў калектываў, арганізацый і ўстаноў горада. Іх афармленне давала магчымасць акунуцца ў атмасферу франтавога быту, суровых ваенных выпрабаванняў: “Самы першы дзень вайны”, “Усё для фронта — усё для Перамогі!”, “Блакада Ленінграда”, “Ніхто не забыты, нішто не забыта. Спаленыя вёскі”, “Канвеер смерці” і іншыя. Зацікаўленасць выклікала пляцоўка “Вялікі Май — Пераможны Май!”, дзе быў усталяваны імправізаваны рэйхстаг з развіва-ючымся чырвоным сцягам.
У вайсковай палатцы працаваў кінатэатр “Перамога”, дзе быў наладжаны прагляд дакументальнай кінахронікі і мастацкіх фільмаў аб Вялікай Айчыннай вайне.
Усе жадаючыя мелі магчымасць пакаштаваць сапраўднай салдацкай кашы з палявой кухні.
… Гучаць фанфары “Дзень Перамогі”, па акрузе разносіцца хвалюючы голас: “Перамога! Як доўга ішла да яе наша краіна. Колькі было перажыта на гэтым шляху. Але савецкі народ адстаяў сваю Радзіму. І ўсё дзеля жыцця на зямлі, дзеля Перамогі!”…
І вось ужо на сцэне эпізод пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гучыць паведамленне савецкага ўрада, што 22 чэрвеня 1941 года ў чатыры гадзіны раніцы без усялякага аб’яўлення вайны германскія ўзброеныя сілы атакавалі межы Савецкага Саюза…
Змяняючы адзін аднаго, на сцэне — трагічныя моманты вайны: гора і слёзы матуль, гераізм і мужнасць савецкіх салдат.
Святочная тэатралізаваная праграма знайшла жывы водгук у сэрцы кожнага гледача, нікога не пакінула раўнадушным, у многіх на вачах блішчэлі слёзы.
У знак павагі і шчырай удзячнасці ветэранам былі ўручаны кветкі і памятныя сувеніры. Асаблівыя словы віншаванняў прагучалі ў адрас ветэрана вайны Галіны Васільеўны Каранкевіч, якая 8 мая адзначыла свой 85-гадовы юбілей, падарунак ёй уручыў старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў.
Дружным строем па плошчы прайшлі будучыя салдаты — прызыўнікі-2016. У іх адрас прагучаў наказ быць дастойнымі прадаўжальнікамі традыцый абаронцаў Айчыны і з гонарам несці імя воіна-салдата.
Пад гукі фінальнай песні “Дзень Перамогі” ў неба ўзмылі рознакаляровыя паветраныя шары, якія сімвалізавалі мір на нашай зямлі.
Для аматараў здаровага ладу жыцця на гарадскім стадыёне былі наладжаны спартыўныя мерапрыемствы.
Звонкі дзіцячы смех і радасныя воклічы чуліся ў гарадскім парку: тут для рабят быў наладжаны адпачынак.
Увечары кіраўчан і гасцей горада чакаў святочны канцэрт у гонар Вялікай Перамогі.