Цікавых выпадкаў падчас палявання здараецца шмат. Аб адным з нядаўніх нам расказаў вядучы паляўніцтвазнавец Кіраўскай раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Леанід Язерскі.
— У перыяд веснавога палявання ўдалай аказалася здабыча ў аднаго з членаў нашага таварыства Васіля Ясянецкага, які па дазволу паляваў на птушку ў раёне вёскі Даброціна. Адзін з “трафеяў” аказаўся не зусім звычайным. Гэта была белалобая гусь. Здавалася б, нічога асаблівага — птушак такіх відаў часта падстрэльваюць аматары папаляваць на дзічыну. Аднак, падабраўшы гуску, паляўнічы заўважыў, што на шыі ў яе было чорнае пластыкавае кальцо, а на назе яшчэ адно — металічнае, з нумарам: гуска была акальцаваная. Гэтак робіцца з навуковымі мэтамі, у прыватнасці для вывучэння міграцыі птушак, іх працягласці жыцця, тэрыторыі, якія яны наведваюць. Згодна адпаведнага палажэння, прадугледжанага для падобных выпадкаў, паляўнічы даставіў кольцы ў нашу раённую структуру.
Мы звязаліся з Цэнтрам кальцавання птушак пры Акадэміі навук Беларусі, перадаўшы туды дадзеныя на кольцах птушкі. І вось што выявілася. Гэтую гуску закальцавалі ў горадзе Утрэхт, што ў Галандыі, ажно 5 гадоў таму — 27 снежня 2007 года. Прычым кальцавалі, ўжо калі яна была дарослай. З таго часу прайшло 1559 дзён. Аблюбавала гуска Беларускія краявіды. Згодна вывучаных дадзеных птушка праляцела 1636 кіламетраў, адхіліўшыся ад месца кальцавання на 86 градусаў!..
Хочацца папрасіць усіх аматараў палявання: калі ласка, калі вам здарыцца ўпаляваць акальцаваных птушку альбо жывёліну, абавязкова паведаміце аб гэтым. Гэта вельмі важна, каб потым знаць усім нам больш аб прыродзе наогул і жывёльным свеце ў прыватнасці.