У апошні дзень жніўня на базе Круглянскага раёна адбыліся абласныя “Дажынкі”. Губернатар Магілёўшчыны Пётр Руднік у ліку іншых кіраўнікоў раёнаў уручыў каравай, выпечаны са збожжа новага ўраджаю, старшыні Кіраўскага райвыканкама Уладзіміру Піскіжаву.
Гэты прыгожы духмяны каравай — сімвал укладу нашага рэгіёна ў агульны намалот Прыдняпроўскага краю —красаваўся на стале залы пасяджэнняў райвыканкама падчас правядзення расшыранай аператыўнай нарады ў пачатку гэтага тыдня. Старшыня райвыканкама адзначыў, што наш раён — адзін з трох у вобласці (Кіраўскі, Горацкі і Мсціслаўскі), якія пераўзышлі найбольшы ў сваёй гісторыі намалот збожжа. Для Кіраўшчыны самым выніковым па валавым зборы збожжа быў 2008 год — 65143 тоны, сёлета атрымалі на 629 тон больш!
Уладзімір Піскіжаў падзякаваў усім, хто меў дачыненне да ўборкі хлеба, за добрасумленную працу, адказныя адносіны да справы, папрасіў кіраўнікоў перадаць словы віншаванняў і ўдзячнасці працоўным калектывам, якія прымалі ўдзел у правядзенні ўборачнай кампаніі.