С 02.06.2025 по 30.06.2025 в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда на строительных площадках области

Хто старанна працуе — таму з ураджаем шанцуе!

Вы здесь

На календары канец ліпеня — асабліва напружаны час для вяскоўцаў. Сярод мноства клопатаў галоўны зараз — пра хлеб. Жніво на Кіраўшчыне ў самым разгары. Вядома ж, у ход уборачных работ уносяць пэўныя карэктывы дажджы. Цяпер, калі надвор’е палепшылася, найпершая задача — максімальна выкарыстаць кожную пагодную хвіліну, каб убраць збожжа ў аптымальныя тэрміны і без страт.

Па дадзеных райсельгасхарчу, на раніцу ўчарашняга дня ў цэлым па раёне збожжавыя і зернебабовыя былі ўбраныя на плошчы 2614 гектараў, намалочана 12270 тон збожжа. Лідарамі ўборачнай кампаніі з’яўляюцца СВК “Бераснёўскі”, дзе ўбрана 27% ад агульнай плошчы, СГФ “Чыгірынка” — 24% і СВК “Ніва — 22%.

Удала стартавалі на сёлетнім жніве камбайнеры і вадзіцелі СВК “Калгас “Ніва”. Дзень за днём, плённа шчыруючы на хлебных палетках, яны ўсё больш умацоўваюць свае лідзіруючыя пазіцыі. Першыя зжатыя гектары засведчылі, што нездарма папрацавалі механізатары — ураджайнасць радуе ніваўцаў.

Да таго, як выйсці на хлебныя палеткі, у гаспадарцы завяршылі ўборку рапсу. Валавы збор масланасення склаў 1056 тон, ураджайнасць — больш за 25 цэнтнераў з гектара, дзяржаве рэалізавана 500 тон.

Са збожжавых каласавых хутчэй за іншыя культуры паспела трыцікале. Яго плошча ў бягучым годзе складае 562 га, ураджайнасць — каля 50 ц/га. Радуе сёлета ўраджайнасцю і жыта, на круг у сярэднім выходзіць па 58 ц/га.

Старанна працуюць на жніве хлебаробы сельгас-прадпрыемства. Кожны з іх, а таксама іншыя ўдзельнікі ўборачнага канвеера імкнуцца ўнесці важкі ўклад у агульны хлебны каравай.

Вельмі задаволена працай механізатараў, занятых на жніве, кіраўніцтва гаспадаркі. Працуюць яны сумленна, нікога не трэба ні падганяць, ні лішні раз кантраляваць. Гледзячы на тое, з якой зладжанасцю камбайны рухаліся па полі, як акуратна выстройваліся адзін за адным, каб не прапусціць ніводнага “лапіка” пшаніцы, можна было ўпэўніцца: кожнае вырашчанае зярнятка для іх сапраўды на вагу золата.

Падчас правядзення ўборачнай кампаніі найбольшая адказнасць, канешне ж, кладзецца на камбайнераў. Трэба сказаць, што стараннасць у працы і майстэрства дэманструюць літаральна ўсе, а вось барацьба за лідарства разгарнулася паміж экіпажамі Аляксандра Петранкова і Аляксандра Няфёдава. Абодва ўжо не навічкі на ўборачных работах і іх прозвішчы заўсёды ў спісе перадавікоў. Варта нагадаць, што руплівая праца А.С.Петранкова адзначана ордэнам Пашаны і медалём “За працоўныя заслугі”, так што хлебаробам ёсць з каго браць дастойны прыклад. Не здае сваіх пазіцый Аляксандр Петранкоў і на сёлетнім жніве: сярод камбайнераў, працуючых на машынах замежнай вытворчасці, ён зараз займае першае месца ў раённым спаборніцтве. На айчынных камбайнах лепшыя вынікі — таксама ў прадстаўнікоў “Нівы” Аляксандра Няфёдава і Аляксея Макаронка.

На адвозцы збожжа папераменна ў лідары выходзяць Андрэй Храпянкоў і Васіль Марозаў. Добрасумленныя адносіны да выканання сваёй справы дэманструюць Аляксандр Кандрацьеў, Мікалай Собалеў, Іван Скрыпуноў.

Ад камбайнаў збожжа дастаўляецца на перапрацоўку. Трэба сказаць, што на ачышчальна-сушыльным комплексе гаспадаркі робяць усё магчымае, каб зерне было дапрацавана да патрэбнай кандыцыі. Спачатку яго дасушваюць, потым ачышчаюць і дапрацоўваюць. Толькі пасля гэтага яно адгружаецца на Клімавіцкі КХП, Бабруйскія КХП і гідролізны завод у залік выканання дзяржзаказу. З агульных 1400 тон, “ніваўцы” здалі ўжо больш за 1000 т.

 На працягу ўсяго светлавога дня не змаўкае на палетках гул камбайнаў і грузавых машын, амаль круглыя суткі круцяцца механізмы і агрэгаты сушыльнай гаспадаркі — уборачны канвеер з кожным днём набірае абароты.

Людміла СЯМЁНАВА.