Для ўдзелу ў пятым Усебеларускім народным сходзе, на якім будуць вырашацца глабальныя пытанні далейшага развіцця краіны, наш раён вылучыў прадстаўнікоў, якім жыхары раёна цалкам давяраюць. У саставе дэлегацыі — лепшыя з лепшых, людзі, якія праявілі сябе ў розных сферах сваёй дзейнасці, грамадскай рабоце. Сярод іх — Алена Варацілкіна, галоўны інжынер філіяла КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ-197.
Нарадзілася і вырасла Алена Іванаўна на Гомельшчыне, а ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціла рабоце на кіраўскай зямлі, на карысць яе добраўпарадкавання і працвітання.
У наш раён яна трапіла па размеркаванні, пасля заканчэння Гомельскага дарожна-будаўнічага тэхнікума. Сваю працоўную дзейнасць пачала ў якасці дарожнага майстра тагачаснага дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка. І вось ужо на працягу 30 гадоў Алена Іванаўна застаецца вернай абранай прафесіі і адной арганізацыі — ДРБУ-197. Дарэчы, яна — адзіны галоўны інжынер-жанчына ў вобласці ў галіне дарожнага будаўніцтва. Нягледзячы на тое, што калектыў дарожнай арганізацыі складаецца ў большасці сваёй з мужчын, Алена Іванаўна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам калег за свае прафесіяналізм і дасканалае веданне многіх тонкасцяў прафесіі.
Расказваючы аб прафесійнай дзейнасці, Алена Варацілкіна адзначыла, што ў сваёй рабоце калектыў дарожнікаў імкнецца да таго, каб праяз-джаючы па населеных пунктах раёна, людзі адчувалі камфорт ад роўных і добраўпарадкаваных дарог. Менавіта над гэтым і працуюць работнікі ДРБУ-197.
Па словах галоўнага інжынера, значныя аб’ёмы работ па рамонце асфальтнага палатна ўдалося зрабіць іх арганізацыі з набыццём устаноўкі для ямачнага рамонту дарог “Тайфун”. Яе прымяненне дазволіла значна зменшыць затраты на правядзенне работ, палепшыць іх якасць, да таго ж, можна праводзіць ямачны рамонт практычна пры любым надвор’і.
Сярод найбольш значных аб’ектаў, над якімі апошнім часам працуе іх арганізацыя, Алена Варацілкіна назвала капітальны рамонт часткі вул.Арлоўскага горада. Дарэчы, у ліпені бягучага года яна будзе здадзена ў эксплуатацыю. Значныя аб’ёмы работ па ямачным рамонце асфальтнага пакрыцця былі выкананы на аўтадарогах Кіраўск — Жылічы, Новы Гарадок — Стайкі — Чыгірынка. Менавіта гэтыя дарогі пэўны час выклікалі нараканні ў жыхароў раёна, якім даводзілася імі карыстацца. Нямала турбот і аўтааматарам, і дарожнай арганізацыі дастаўляла аўтадарога Шырокае — Барсукі — Лешчанка. Зараз тут праводзяцца работы так званымі картамі: на найбольш пашкоджаныя ўчасткі наносіцца новы слой асфальту.
Не даюць разгарнуць рамонтныя работы на поўную моц і пэўныя фінансавыя складанасці, аднак, як адзначыла галоўны інжынер, дарожнікі не сядзяць склаўшы рукі, імкнуцца рабіць усё магчымае, каб дарогі былі больш камфортнымі і бяспечнымі.
Каменціруючы свой прадстаячы ўдзел у пятым Усебеларускім Народным сходзе Алена Варацілкіна адзначыла, што для яе гэта не толькі вялікі гонар, але і адказнасць: на форуме будуць разглядацца пытанні аб зробленым за апошняе пяцігоддзе, а дэлегаты форуму — вырашаць, як развівацца нашай Беларусі далей, якія захады прадпрыняць, каб захаваць стабільнасць і прымножыць добрыя вынікі. Галоўнае — распрацаваць такую праграму развіцця краіны, каб яна была накіравана на далейшае павышэнне дабрабыту кожнага чалавека, на росквіт краіны ў цэлым. У Беларусі свой шлях развіцця, у аснове якога — ідэалы міру, незалежнасці, роўнасці і сацыяльнай справядлівасці, і яго трэба абавязкова прытрымлівацца, упэўнена Алена Іванаўна.