Прафесіяналы дэманстравалі майстэрства
Раённы конкурс сярод аператараў машыннага даення прайшоў на базе Жыліцкага сельскагаспадарчага каледжа. Ён выявіў лепшых прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Фаварытамі сталі жывёлаводы КСУП “Жылічы”. Адразу трое прадстаўніц гаспадаркі аказаліся ў ліку лаўрэатаў. Аднак усе канкурсанты паказалі выключныя прафесійныя здольнасці…
Традыцыя правядзення такіх конкурсаў нездарма замацоўваецца ў раёне. Іх мэта — удасканаленне прафесійнага майстэрства аператараў машыннага даення кароў, павышэнне іх кваліфікацыі і прэстыжу. У адрозненні ад мінулых падобных мерапрыемстваў, сёлетняя праграма конкурсу была больш маштабнай, разнастайнай і насычанай, чаму ў поўнай меры пасадзейнічалі арганізатары: упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама супрацоўнікі сельгаскаледжа, якія грунтоўна падрыхтаваліся да гасціннай сустрэчы ўдзельнікаў мерапрыемства.
Умовы конкурсу не “сціскалі” ўдзельнікаў да нейкіх “моцных” рамак: кожны заяўлены мог паказаць свой спрыт і кампетэнтнасць у абранай справе. Адна з умоў: стаж практычнай работы аператараў — не менш, чым 2 гады. За гэты перыяд, думаецца, можна праявіць свае навыкі і ўменні… Усе астатнія карты, як гаворыцца, — у рукі самім гаспадыням хлявоў з рагулямі…
Канкурсанткі акунуліся ў незабыўную атмасферу: вось ён — той самы экзамен, дзе трэба і тэорыю ведаць, і на практыцы сябе паказаць. Тут і кампетэнтная экзаменацыйная камісія, у саставе якой — вядучыя спецыялісты райсельгасхарчу, дзярж-племпрадпрыемства, райветстанцыі і іншыя… А галоўнае — тыя непаўторныя эмоцыі палёгкі, калі гэты экзамен вытрыманы!..
Праходзіў конкурс у добразычлівай атмасферы. Два этапы неабходна было пераадолець 26-ці ўдзельніцам. Але кожны з іх нёс сваю псіхалагічную нагрузку.
У чытальнай зале бібліятэкі сельгаскаледжа прайшоў тэарэтычны этап. Удзельніцам былі прапанаваны тэставыя заданні. За 15 мінут па-трэбна было паказаць веды па фізіялогіі жывёлы, правілах машыннага даення, абслугоўванні даільнага абсталя-вання і ўстановак. Варта ад-значыць, што канкурсанткам не спатрэбіўся адведзены час, бо за лічаныя хвіліны яны здалі свае пісьмовыя адказы…
Тэорыя плаўна перайшла ў практыку. У адной з аўдыторый каледжа была ўсталявана імправізаваная даільная ўстаноўка, побач размешчаны неабходныя для работы жывёлаводаў прэпараты і рэчы. Канкурсанткам, здавалася б, трэба было і ня-шмат: расказаць і прадэманстраваць увесь ланцужок тэхнала-гічнага працэсу. Але ж бездакорна гэта можа, як вядома, зрабіць той, хто ў штодзённай рабоце правільна і дакладна выконвае свае абавязкі. І выявілася наступнае: нягледзячы на нязначныя “памаркі”, абсалютная большасць аператараў выдатна справіліся з заданнем, даказаўшы, што іх нездарма дэлегавалі на конкурс з сельгаспрадпрыемстваў, яны па праву з’яўляюцца лепшымі прадстаўнікамі прафесіі — такой пачэснай і неабходнай для ўсіх нас!..
…Пакуль кампетэнтнае журы падводзіла вынікі этапаў конкурсу, у фае глядзельнай залы каледжа разгарнуліся іншыя дзеянні. Холдынг “Магілёўская малочная кампанія “Бабушкина крынка” прадставіў на дэгустацыю для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства і шматлікіх гасцей разнастайную прадукцыю прадпрыемства, якая, да слова, прыйшлася ўсім даспадобы.
А непасрэдна для канкурсантак была нала-джана экскурсія па будынку сельгаскаледжа. Іх таксама гасцінна запрасілі ў музей Жыліцкага палаца-паркавага ансамбля.
Цырымонія ўзнагароджвання ўдзельніц конкурсу праходзіла ў глядзельнай зале сельгаскаледжа. Усіх шчыра вітаў дырэктар холдынгу “Магілёўская кампанія “Бабушкина крынка”, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Кананчук. Звяртаючыся да лепшых аператараў машыннага даення Кіраўшчыны, ён падкрэсліў запатрабаванасць і неабходнасць гэтай прафесіі, бо малако і малочныя прадукты неабходныя для нашага арганізму. Да таго ж, прадукцыя ферм — гэта асноўная крыніца даходу ў сельгаспрадпрыемствах. Перш, чым малочная сыравіна ператворыцца ў разнастайныя прадукты перапрацоўкі, асноўная нагрузка кладзецца на плечы менавіта аператараў… Апошніх, дарэчы, чакалі ад “Бабушкиной крынки” каштоўныя падарункі, якія Ігар Кананчук ва ўрачыстай атмасферы ўручыў пераможцам і прызёрам конкурсу.
З прывітальным словам да канкурсантак і ўсіх прысутных звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Адамаў. Нездарма ён назваў прайшоўшае мерапрыемства сапраўдным святам для жывёлаводаў. У іх практычна няма выхадных — прафесія абавязвае быць у штодзённых клопатах, працэс вытворчасці малака не церпіць прыпынкаў. Гэты конкурс, адзначыў Аляксандр Якаўлевіч, — яшчэ і свайго роду вынік работы ўсёй сістэмы жывёлагадоўчай галіны раёна. І знакава, што вынікі задавальняюць, а, значыць, накірункі работы ў жывёлагадоўлі — дзейсныя і правільныя.
Ну, а цяпер, як гаворыцца, на дэсерт, непасрэдна пра галоўных герояў конкурсу. Дакладней, лаўрэатаў. Выдатна праявілі сябе аператары КСУП “Жылічы”. Магчыма, хтосьці скажа, што гаспадарам шанцуе больш, альбо дома і сцены дапамагаюць… Аднак журы абсалютна аднолькава ставілася да ўсіх канкурсантак, і перамога жылічанак, калі вывучыць пратаколы, выглядае заканамернай. Дарэчы, усе трое прадстаўніц сельгаспрадпрыемства аказаліся ў ліку лепшых…
Сярод аператараў машыннага даення, якія працуюць на лінейным малакаправодзе, абсалютную перамогу атрымала Тамара Кузьмянкова з МТФ “Пархімкавічы” КСУП “Жылічы”. Яшчэ адна “жылічанка” заняла другое месца. Гэта вопытная работніца МТФ “Пархімкавічы” Ніна Ляўковіч. Трэцяй стала іх калега па цэху з суседняй гаспадаркі ААТ “Дабаснянскае” Ірына Кучынская, якая працуе на МТФ “Дабрыца”.
У намінацыі “аператары машыннага даення, працуючыя ў даільнай зале” перамога прысуджана Алене Арцюкоўскай з МТФ “Ізабеліна” КСУП “Ніва-Барсукі”. Другое месца заняла Таццяна Недасекіна з МТК “Валосавічы” СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, трэцяе — на рахунку Валянціны Івановай з МТК “Стайкі” ААТ “Стайкаў-скае”.
Своеасаблівай пераемнасцю пакаленняў сталі наступныя намінацыі конкурсу. Маладыя аператары бяруць эстафету ў больш вопытных і, як гэта паказвае практыка, трывала замацоўваюць веды на практыцы. Сярод аператараў машыннага даення ва ўзросце да 31 года на лінейным малака-праводзе і ў даільнай зале першае месца заняла прадстаўніца МТК “Добасна” ААТ “Дабаснянскае” Надзея Русава. На другой прыступцы п’едэсталу гонару аказалася Ірына Зыранава з СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларусь- нафта-Магілёўаблнафтапрадукт”.
Узнагароды былі ўручаны як самай маладой ўдзельніцы конкурсу, а ёю стала Алена Какоўка з КСУП “Жылічы”, так і самай вопытнай — Жанне Кісель з ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”.
Удзельніцам конкурсу адрасаваліся ў гэты дзень шматлікія віншаванні і пажаданні, музычныя нумары. А наперадзе ва ўсіх гэтых жанчын — будзёныя клопаты, ад якіх, бясспрэчна, залежыць той малочны асартымент у магазінах, за якім мы спяшаемся літаральна штодня…
Гаворыць пераможца конкурсу Алена Арцюкоўская:
— У жывёлагадоўлі працую ўжо 22 гады. І ўвесь час — на адным месцы — ферме “Ізабеліна”. Пачынала на так званай бачкавой дойцы, потым перайшла на лінейны малакаправод і вось ужо 11 гадоў — у даільнай зале. У конкурсе ўдзельнічаю другі раз. У 2014 годзе заняла трэцяе месца, зараз удалося выступіць яшчэ лепей. Наогул уражанні ад сёлетняга конкурсу — самыя пазітыўныя. Пастараліся арганізатары. Па-сапраўднаму адчуваецца святочная атмасфера. Прыемна, што аператарам машыннага даення кароў аказваецца такая ўвага. Усе мы, удзельніцы, з розных гаспадарак, але займаемся адной важнай справай. Лічу, што такія конкурсы вельмі патрэбныя, бо пасля іх жаданне вынікова працаваць яшчэ больш узрастае.