Адолелі «Гранітны каменьчык”
Аб мікашэвіцкі “Граніт”, вобразна гаворачы, “разбіваюцца” многія каманды, калі той гуляе на сваёй пляцоўцы. Аднак “Кіраўск-Белшына” ў 25-м туры міні-футбольнага чэмпіянату краіны ў вышэйшай лізе, гуляючы ў гасцях, здолела яго адужаць — 9:6. Матч выдаўся напружаным і непрадказальным. Да 15 мінуты кіраўчане вялі ў ліку 5:1, а да 22-й гаспадары звялі перавагу гасцей да мінімуму — 5:4. І тым не менш “Кіраўск-Белшына” давяла матч да перамогі. Выдатна згуляў наша варатар Аляксандр Гужва, які быў прызнаны адным з лепшых ігракоў матча. Адразу пяць мячоў ў свой рахунак дадаў лідар бамбардзірскай гонкі Аляксей Іўчанка — у яго цяпер іх стала 40 і адрыў ад бліжэйшага праследвальніка (а гэта яго сябар па камандзе Аляксандр Мацвеў) павялічыўся да 14 галоў. Тройчы вызначыўся Аляксей Пірожнік, праўда, адзін з галоў ён забіў ў свае вароты, аднак таксама быў названы адным з лепшых на пляцоўцы. Яшчэ па аднаму мячу ў вароты гаспадароў правялі Дзмітрый Стральцоў і Валерый Салавянчык. З 37-мю ачкамі “Кіраўск-Белшына” займае шосты радок у турнірнай табліцы.
Клас пацвердзілі
На адкрытым першынстве Гомельскай вобласці, якое уваходзіла ў залік другога этапа Кубка Беларусі, зноў пацвердзілі свой высокі ўзровень падрыхтоўкі нашы веласіпедысты — былыя і цяперашнія выхаванці ДЮСШ. Кіраўчан было 15 чалавек, і многія з іх не толькі занялі высокія месцы, але і ўвайшлі ў лік пераможцаў і прызёраў.
У першы дзень спаборніцтваў у індывідуальнай гонцы 4-ты і 5-ты рэзультат адпаведна паказалі Марына Кучынская і Надзея Свіркова. Таксама 5-е месца заняў Сяргей Котаў. У спрэчцы юніёраў толькі тэхнічныя праблемы з веласіпедам на фінішы не дазволілі Раману Цішкову стаць чэмпіёнам — у яго “срэбра”. А ў жанчын не аказалася роўнай Вользе Масюковіч, якая “адарвалася” да фінішу ад бліжэйшай канкурэнткі ажно на 21 секунду.
Групавыя гонкі назаўтра праходзілі пад праліўным дажджом. Гэта, тым не менш, не перашкодзіла ўсім пяцярым нашым маладзейшым дзяўчатам ўвайсці ў 10-ку мацнейшых. Марыя Рудак стала 3-й, Марына Кучынская — 4-й, Таццяна Кобазава — 5-й, Вераніка Русецкая — 7-й, Надзея Свіркова — 9-й. У юнакоў Сяргей Котаў заняў 6-е месца, а ў жанчын Вольга Масюковіч узяла “бронзу”.
На трэці дзень малодшыя кіраўчанкі вялі барацьбу фактычна толькі між сабой. Марына Кучынская стала першай, Марыя Рудак — другой. У астатніх узроставых катэгорыях кіраўчане ў лік прызёраў не трапілі.
***
Зараз Раман Цішкоў у саставе нацыянальнай юніёрскай зборнай удзельнічае ў мнагадзённай велагонцы ў Польшчы, а Яўген Шамсонаў у саставе асноўнай каманды краіны — у такой жа гонцы ў Італіі.
З прыцэлам на “золата”
Удала выступілі дзяўчаты 1998-99 гадоў нараджэння ў ІІІ-м туры Дзіцячай валейбольнай лігі, які праходзіў у Віцебску. Падапечныя Сяргея Лазаковіча перамаглі валейбольныя клубы “Мінск” (3:0), “Віцебск” (3:0), каманду “Мінск-Прафсаюзы” (2:1). Уступілі толькі Баранавічам (1:2). Менавіта з гэтай камандай кіраўчанкі зараз падзяляюць 1-е і 2-е месцы. Каманда з нашай ДЮСШ дагэтуль станавілася сярэбраным і бронзавым прызёрам, але “золата” яшчэ не брала. Спадазяемся, што сёлета гэта ўдасца. Усё вырашыцца ў маі ў Мінску, дзе пройдзе чацвёрты, заключны тур.
Амаль на роўных з алімпійскім рэзервам
У трэці раз у госці да юных валейбалістак ДЮСШ прыязджалі спартсменкі з Мазыра — выхаванкі мясцовай СДЮШАР — “Жамчужына Палесся”. Двума саставамі каманды правялі таварысцкія матчы. Старэйшы састаў кіраўчанак амаль на роўных звагаўся з алімпійскімі рэзервісткамі, але ўступіў 1:3. А вось малодшыя дзяўчынкі перамаглі апанентак 2:0. Такім чынам агульны лік па партыях — 3:3.
Гаспадыням дапамаглі родныя сцены
У Магілёве прайшлі фінальныя спаборніцтвы па валейболе сярод работнікаў адукацыі. Жаночая зборная нашага раёна ўпэўнена перамагла саперніц са Шклова і Касцюковіч. Аднак да агульнай пальмы першынства ёй не хапіла толькі крыху. У рашаючай гульні з магіляўчанкамі нашы жанчыны ўступілі 1:2. Прычым усё вырашылася толькі ў апошняй партыі, якую гаспадыні пляцоўкі “вырвалі” з лікам 15:13.
Дзве прадстаўніцы нашай каманды — Валерыя Жданава і Вольга Дубовік — уключаны ў састаў зборнай вобласці, якая будзе абараняць гонар Магілёўшчыны на рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Падрыхтаваў Аляксандр ХАХЛОЎ, намеснік дырэктара ДЮСШ.