На Кіраўшчыне шмат добрасумленных і адказных працаўнікоў, якія сваёй руплівасцю славяць наш край. Дзяржава адпаведна ставіцца да іх: расце колькасць тых, хто адзначаны высокімі ўзнагародамі. Адметна, што разам з умудронымі вопытам, з’яўляюцца ў адным страі і маладыя працаўнікі, адданыя свайму жыццёваму выбару.
У жыцці трактарыста-машыніста ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Аляксандра Тылінскага нядаўна адбылася важная і хвалюючая падзея: ён быў удастоены медаля “За працоўныя заслугі”. Факт гэты адметны яшчэ і тым, што Аляксандру ў хуткім часе споўніцца толькі 35 год. На Кіраўшчыне ён стаў самым маладым з тых, хто атрымаў такую высокую узнагароду.
А гаворыць гэта пра многае. Сваім бездакорным стаўленнем да справы Аляксандр даўно пераканаў усіх, хто яго ведае, што яму па сілах любое даручэнне кіраўніцтва, любое заданне, звязанае з тэхнікай і полем. Адказны, працавіты, пунктуальны, акуратны ва ўсім, душой хварэючы за работу – толькі некаторыя са шматлікіх станоўчых характарыстык, якімі надзяляюць механізатара калегі па цэху. Аўтарытэт сярод іх заваяваў ён хутка і ўпэўнена, цяпер яго толькі мацуе.
Сваю працоўную дарогу Аляксандр Тылінскі абраў асэнсавана яшчэ ў школе. Прычым прызванне перадалося, пэўна, на генным узроўні. Яшчэ хлапчуком ён заварожваўся тэхнікай. А як жа інакш, калі на трактарах катаўся разам з абодвума дзядулямі – і Рафаіл Тылінскі, і Васіль Міхалап у свой час старанна працавалі на палях саўгаса “Бераснёўскі”. Так што, пах “саляркі” Саша ўпітаў змалку. А пасля школы падаўся ў сельгаскаледж у Клічаве, які скончыў па спецыяльнасці “тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”.
Пастаянным месцам работы стала для хлопца Кіраўскае РАПТЗ, куды ён уладкаваўся ў 2006 годзе. Паколькі кіраўніцтва хутка пераканалася, што Аляксандр выдатна разбіраецца ў тэхніцы і без браку выконвае любую работу, яму даручылі адзін з найбольш адказных участкаў – корманарыхтоўку. Замацавалі за ім складаную высокапрадукцыйную машыну – “Ягуар”. Самаходны кормакамбайн такога тыпу з’явіўся першым у раёне менавіта ў РАПТЗ у 2001 годзе. І як прыняў яго Аляксандр Тылінскі праз 5 год, так і дагэтуль нарыхтоўвае на ім кармы кожны сезон.
Нягледзячы на ўжо вялікі “ўзрост”, “Ягуар” у майстарскіх руках механізатара і сёння працуе, як кажуць, нібыта гадзіннік. Так абслугоўваць тэхніку можа, пэўна, толькі той, хто яе бязмерна любіць. І рэзультаты палявой работы – адпаведныя. Бадай, не бывае сезонаў, каб па выніках штогадовых раённых спаборніцтваў на корманарыхтоўцы Аляксандр не трапляў у лік лаўрэатаў. Прычым высокія рэзультаты ў яго не толькі на “зялёным жніве”. Пакуль “Ягуар” чакае ў боксе сваёй пары, механізатар шчыруе на “Беларусу”на іншых участках. Да прыкладу, падчас нашай з ім нядаўняй сустрэчы, ён актыўна ўносіў тукі – падкармліваў шматгадовыя травы. А літаральна ўчора прыступіў да яшчэ аднаго са сваіх штатных работ – пачаў сеяць кукурузу.
Варта адзначыць, што зямельную навуку Аляксандр спасцігае не толькі практычна. Сваю прафесійную кампетэнтнасць ён падмацаваў без адрыву ад вытворчасці ў Беларускай сельгасакадэміі. Вось толькі штурвалы трактара і камбайна дыпламаваны інжынер пакінуць і памяняць на кабінет не можа – “прыкіпеў” усёй душой і нават не ўяўляе сябе без поля. А вышэйшая адукацыя зусім не лішняя: сучасная тэхніка патрабуе грунтоўных ведаў.
– Заўсёды чакаю вясну, калі распачнецца чарговы сезон сельгасработ, – кажа Аляксандр Тылінскі. – Калі нарэшце шум матора трактара замяняе любімую мелодыю, а сэрца перапаўняе палявая рамантыка. Тады нават стомы можаш не адчуваць, хоць выязджаць на палетак даводзіцца часцей, як толькі сонца кранула зямлю сваімі промнямі, а дадому вяртацца, калі яно ўжо села…
А дома Аляксандра чакаюць яго любімыя і любячыя людзі. Са сваёй каханай з прыгожым імем Марта, ураджэнкай Любоніч, хлопец пазнаёміўся падчас вучобы ў Клічаве. А пасля заканчэння каледжа і вяселле згулялі. Зараз радуюць бацькоў 12-гадовы сын Раман і 6-гадовая дачушка Ульяна. У Тылінскіх свой дом, які калісьці быў выдзелены маладой сям’і ад акцыянернага таварыства. Жонка Марта, якая таксама працуе ў РАПТЗ, – спецыялістам па кадрах, мужа свайго нахвальвае. Кажа, што і дома ён такі ж скрупулёзны і старанны, пастаянна імкнецца палепшыць быт, сапраўдны гаспадар – усё робіць сваімі рукамі.
Што ж, можна смела канстатаваць, што такія, як Аляксандр Тылінскі, – яркі прыклад для маладога пакалення, як можна і патрэбна рэалізаваць сябе ў жыцці, доказ таго, наколькі важныя прафесіяналізм і грамадзянская пазіцыя чалавека працы ў развіцці рэспублікі.
– Сельская гаспадарка – складаная сфера, – адзначыў напрыканцы нашай гутаркі Аляксандр. У Беларусі ствараюцца ўсе ўмовы для развіцця аграпрамысловага комплексу. І я ганаруся, што сваёй працай уношу ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.
Аляксандр ХАХЛОЎ.