Для мужчыны сапраўднае шчасце – гэта моцная і дружная сям’я, магчымасць зрабіць шчаслівымі сваіх дзяцей, жыць пад мірным небам і з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень, – лічыць кіраўчанін Андрэй Харытонаў. Разам з жонкай Юліяй яны выхоўваць трое дзетак – Максіма, Яраслава і Палінку.
Менавіта на даверы, любові і павазе будуе свае адносіны з жонкай і дзецьмі Андрэй Сяргеевіч. Мужчына ўпэўнены, што калі дзеці звяртаюцца з нейкай просьбай ці проста хочуць пагаварыць, трэба ўмець адкласці работу “на потым”, выслухаць, параіць, дапамагчы і справай, і словам. Самая распаўсюджаная памылка сучасных бацькоў – адкупіцца цацкамі або салодкасцямі. Некаторыя мужчыны лічаць, што такім чынам кампенсуюць малым недахоп бацькоўскай увагі. На самой жа справе, матэрыяльныя каштоўнасці, якія здаюцца дарослым першачарговай задачай, для малога зусім не важныя. Яму значна прыемней пагуляць з бацькамі, абмеркаваць з імі тое, што яго хвалюе.
Андрэй Харытонаў служыць камандзірам аддзялення ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Але, нягледзячы на плотны графік работы, заўсёды імкнецца праводзіць са сваімі дзецьмі як мага больш часу. Разам з сынамі захапляецца спортам, любіць паганяць мячык. Дарэчы, старэйшы Максім – дзесяцікласнік, актывіст школьнага жыцця, спартсмен. Нядаўна разам з сябрамі па камандзе вярнуўся з дзіцячага Міжнароднага турніру Кубак Масквы па пляжным футболе, дзе каманда заняла ганаровае 3 месца. Футбол стаў любімым заняткам і для сярэдняга сына Яраслава, які вучыцца ў 2 класе.
Пражываючы ва ўласным доме, Андрэй Сяргеевіч імкнецца навучыць сваіх сыноў прамудрасцям мужчынскіх спраў, лічыць, што кожны прадстаўнік моцнай паловы павінен валодаць аднолькава добра і сучаснымі гаджэтамі, і малатком, і пілой. У той жа час, ён падтрымлівае жонку, якая вучыць хлопцаў самастойнасці, каб былі здольныя і адзенне сваё памыць ці пагладзіць, і, калі трэба, – зварыць суп ці кашу. Усё гэта, упэўнены Харытонавы, будзе іх дзецям толькі на карысць.
Гаворачы пра сваіх дзяцей, Андрэй Сяргеевіч адзначае, што вельмі ганарыцца імі: старэйшыя сыны імкнуцца добра вучыцца, любяць спорт, дапамагаюць бацькам. Трохгадовая Палінка – любіміца сям’і. Па словах мужчыны, нараджэнне дачушкі стала для яго адным з самых шчаслівых момантаў у жыцці. Кожны раз, калі яе маленькія ручкі абдымаюць яго за шыю, а вусны шэпчуць “Татачка, я цябе вельмі люблю”, яго сэрца напаўняецца бясконцай цеплынёй і пяшчотай, і з’яўляюцца новыя сілы жыць, працаваць, рабіць усё ад яго залежачае, каб падарыць сваім дзецям незабыўныя, яркія і радасныя імгненні!
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Аляксандра ХАХЛОВА.