С 01.11.2024 по 29.11.2024 в Могилевской области проводится месячник безопасного труда на объектах жилищно-коммунального хозяйства Могилевской области | С 01.10.2024 по 31.10.2024 в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда на строительных площадках области

Хай працай славіцца наш край!

Вы здесь

16 лютага, Кіраўск /Уласн. інф./. Хоць мінулая пятніца і была адзначана 13-м чыслом, яна для працаўнікоў нашага раёна выдалася радаснай, урачыстай, бо менавіта ў гэты дзень на традыцыйным сходзе ў раённым Доме культуры былі падведзены вынікі работы народнагаспадарчага комплексу раёна за адышоўшы год, ушанаваны пераможцы спаборніцтва па розных намінацыях. А вынікі нашай агульнай працы ўнушальныя, у чым кіраўчане і жыхары раёна маглі пераканацца з публікацый нумара “Кіраўца”, прысвечанага ўрачыстаму сходу.

Галоўныя для Кіраўшчыны вехі 2008 года нагадаў паказаны ў пачатку свята і стаўшы яго заканамерным пралогам фільм аб нашым раёне, зняты тэлерадыёкампаніяй “Магілёў”.

Сімвал плённай працы — духмяны каравай быў паднесены дзяўчатамі ў нацыянальных касцюмах старшыні райвыканкама У.У.Піскіжаву. У сваёй прамове ён спыніўся на асноўных выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў мінулым годзе, акрэсліў стратэгічныя арыенціры на год бягучы (аб гэтым ішла размова ў  інтэрв’ю             У.У. Піскіжава раённай газеце, змешчаным у папярэднім нумары “Кіраўца”).

Прысутных шчыра вітаў і выказаў удзячнасць за плённую працу, пажаданні далейшага ўмацавання  і  працвітання  раёну кіраўнік спраў Магілёўскага аблвыканкама Р.А. Варонін. Ён уручыў У.У.Піскіжаву Ганаровы дыплом Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь  за першае месца, якое заняў наш раён у рэспубліканскім спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў па нарыхтоўцы кармоў у 2008 годзе.

Ганаровай граматай аблвыканкама быў узнагароджаны калектыў райаграпрамтэхзабеспячэння, які заняў другое месца ў абласным аглядзе па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз сельскагаспадарчых арганізацый Магілёўскай вобласці да работы ў зімовых умовах.

Ганаровыя граматы аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх працоўных паказчыкаў у 2008 годзе Р.А. Варонін уручыў  загадчыцы дзіцячай кансультацыі цэнтральнай раённай бальніцы Т.В.Кавалеўскай, аператару машыннага даення СВК “Калгас “Ніва” А.У.Мялешкінай, грашовыя прэміі аблвыканкама — вадзіцелю РУП “Жылічы” Г.М.Семенчукову, брыгадзіру брыгады муляраў ПМК-255 У.Р.Пархамовічу.

Наступная частка святочнай праграмы была прысвечана гасцям. А да кіраўчан зноў завіталі дэлегацыі сяброў з Расіі — Белгародскага раёна і горада Бранска. У адказ на іх шчырыя віншаванні і пажаданні У.У.Піскіжаў адзначыў, што кіраўчане вельмі шануюць дружбу  з расіянамі і спадзяюцца, што яна будзе працягвацца і далей, увасабляючыся ў абмене дэлегацыямі дзяцей для адпачынку і аздараўлення і іншых добрых справах. А прадстаўнік Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі С.М.Мяфедаў запрасіў паступаць у іх навучальную ўстанову, каб праз выпускнікоў-спецыялістаў  часцінка працы іх выкладчыкаў улілася ў высокія паказчыкі Кіраўскага раёна.

Раздзяліць радасць свята да працаўнікоў нашага раёна прыехалі дэлегацыі адміністрацыі Ленінскага раёна г.Бабруйска, Бабруйскага і Быхаўскага раёнаў, якія таксама віншавалі прысутных з паспяховымі вынікамі мінулага года.

А намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Бабруйскаграмаш” Э.С.Жэмейціс разам з пажаданнямі працаўнікам раёна яшчэ больш важкіх дасягненняў уручыў памятны сувенір механізатару СВК “Калгас “Беларусь” Р.І.Сцяпанаву.

Пранікнёныя словы аб тым, што кожны чалавек нават у самых складаных абставінах, якія падносіць жыццё, павінен быць высокамаральнай, духоўнай асобай, гаварыў на свяце іерэй Дзмітрый Первій.

Сярод ганаровых гасцей свята была Л.Н.Палевіч, поўны кавалер Ордэна Працоўнай Славы, і гэта сімвалізавала пераемнасць працоўных традыцый. Людміле Нічыпараўне быў уручаны сувенір на добрую памяць, а прысутныя ў знак пашаны адарылі яе шчырымі апладысментамі.

Вядучыя зачыталі ўрадавыя тэлеграмы, якія прыйшлі ў адрас працаўнікоў раёна ад намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.М.Іванова, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў С.І.Крыжэвіча і А.Ц.Глаза.

Далей пачалася ўрачыстая цырымонія ўшанавання  пераможцаў раённага спаборніцтва па выніках 2008 года сярод працоўных калектываў, падраздзяленняў, а таксама за званне лепшых па прафесіі (з вынікамі спаборніцтва чытачы раённай газеты мелі магчымасць пазнаёміцца ў мінулым нумары).

Старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В.Маркевіч падвёў вынікі агляду-конкурсу “На лепшы сельскі Савет дэпутатаў”. Месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — Любоніцкі сельскі Савет (старшыня В.А.Драчова), другое — Грыбавецкі (Г.П.Шчур), трэцяе — Стайкаўскі (М.К.Фрэйберг).

Пераможцам у спаборніцтве сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў па закупу лішкаў малака ў насельніцтва прызнаны Дабаснянскі сельскі Савет (старшыня Т.М.Анціпенка), другое і трэцяе месца прысуджаны адпаведна Скрыпліцкаму і Стайкаўскаму сельскім Саветам (Ж.М.Рышкевіч і М.К.Фрэйберг).

У працоўным спаборніцтве сярод малаказборшчыкаў лепшымі сталі М.А.Сідоранка (Дабаснянскі с/С), Ж.А.Патапава (Стайкаўскі с/С), С.А.Рубцоў (Скрыпліцкі с/С); сярод малаказдатчыкаў: М.В.Чарноў (Баравіцкі      с/С), Т.С.Маслава (Дабаснянскі с/С), А.А.Маглюй (Казуліцкі с/С), Я.Д.Лазаковіч (Любоніцкі с/С), Т.Г.Каліноўская (Скрыпліцкі с/С), Т.У.Паферава (Стайкаўскі с/С).

Урачыстая цырымонія працягвалася ўшанаваннем пераможцаў агляду-конкурсу за званне “Лепшы стараста”: імі сталі старасты вёсак Любонічы — Н.А.Урбан, Лёўкавічы — С.Д.Былініна, Боркі — Л.М.Шпакоўскі; за званне “Лепшы старшыня дамавога, вулічнага камітэта горада”: Г.М.Ісаева (дом №9а па вул.Пушкінскай), В.Я.Котаў (дом №77 па вул.Гагарына), В.У.Каляснёва (дом №12 па вул.Савецкай).

Усе адзначаныя пераможцы былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў і каштоўнымі падарункамі.

Эстафету ўзнагароджвання працягвалі намеснік старшыні Магілёўскага абкама прафсаюза П.П.Грыбаноўскі і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК М.С.Худавец.

Ганаровай граматай абкама прафсаюза і каштоўным падарункам за актыўную работу па дасягненні высокіх рэзультатаў у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі па выніках работы за 2008 год узнагароджаны старшыня СВК “Чырвоны баец” А.У.Серакоў, дырэктар РАПТЗ А.І.Гіраеўскі, каштоўнымі падарункамі — старшыня прафкама ААТ “Кіраўск-Лён” Н.І.Гушчына, выкладчык-метадыст Жыліцкага сельгаскаледжа Т.А.Чычаева, учотчыца СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага В.І.Свірко.

Ганаровай граматай райкама прафсаюза работнікаў АПК і каштоўным падарункам узнагароджаны начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Т.М.Русецкая, старшыня прафкама СВК “Чырвоны баец” І.А.Галанцоў.

Музычныя віншаванні на працягу ўсёй святочнай праграмы гучалі ў адрас працаўнікоў раёна і гасцей ад народнага ансамбля песні “Мілавіца”,  творчых калектываў Кіраўскай, Мышкавіцкай, Жыліцкай школ мастацтваў, іншых удзельнікаў мастацкай самадзейнасці раёна.

А напярэдадні ўрачыстай часткі і пасля яе ўсе жадаючыя маглі пазнаёміцца з прадукцыяй шэрагу Бабруйскіх прадпрыемстваў на выставе-продажы, прадэгусціраваць вырабы, якія прапаноўвалі Кіраўскія прадпрыемствы і арганізацыі. Працавала таксама выстава прыкладной мастацкай творчасці самадзейных майстроў раёна.

Свята пакінула самыя лепшыя ўражанні ў сэрцах яго ўдзельнікаў і гасцей.

Новостная рубрика: