С 01.11.2024 по 29.11.2024 в Могилевской области проводится месячник безопасного труда на объектах жилищно-коммунального хозяйства Могилевской области | С 01.10.2024 по 31.10.2024 в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда на строительных площадках области

Калі да працы — з душой, да людзей — з добрымі памкненнямі: юбілей адзначыла ганаровы грамадзянін Кіраўшчыны Валянціна Клімовіч

Вы здесь

Руплівая, адказная працаўніца, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, добразычлівы, чулы да людзей, не раўнадушны да таго, што адбываецца вакол, — такой ведаюць Валянціну Клімовіч у родным калектыве ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, у раёне. Валянціна Леанідаўна, аператар машыннага даення з амаль 40-гадовым стажам, удастоена высокіх дзяржаўных узнагарод — ордэна Пашаны, медаля “За працоўныя заслугі”, з’яўляецца Ганаровым грама­дзянінам Кіраўскага раёна. У 2016 годзе ёй была прысуджана спецыяльная прэмія “Чалавек года” Магілёўскага аблвыканкама за поспехі і дасягненні ў 2015 годзе.Нядаўна В.Л.Клімовіч адзначыла свой 60-гадовы юбілей. Віншаванні ў знамянальны дзень яна прымала на рабочым месцы — МТК “Валосавічы”, дзе працуе вельмі значны перыяд.

Валянціну Клімовіч ад імя райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў шчыра павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская, якая адзначыла шматгадовую плённую працу віноўніцы ўрачыстасці, а таксама яе душэўнасць, тое, што з Валянцінай Леанідаўнай заўсёды прыемна мець зносіны, яна — чалавек з вялікім сэрцам. Юбілярша дасягнула многага. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, працягвае плённа працаваць і ўносіць уклад у поспехі гаспадаркі, рэгіёна і краіны ў цэлым. Таццяна Бяляўская ўручыла В.Л.Клімовіч кветкі і каштоўны падарунак.Словы ўдзячнасці выказаў заслужанай працаўніцы дырэктар “Рассвета” Аляксандр Багель, да юбілею яна адзначана грашовай прэміяй. Кіраўнік падкрэсліў, што, каб усе імкнуліся вось так, з душой, выконваць сваю работу, была б і адпаведная аддача ў выглядзе больш высокіх паказчыкаў.Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама Наталля Шапавалава адзначыла, што Валянціна Леанідаўна працяглы час з’яўляецца прафгрупоргам фермы, перажывае за кожнага члена калектыву, у цэлым за вынікі работы жывёлагадоўчага аб’екта, хвалюецца, каб усё атрымлівалася належным чынам.Шчырыя віншаванні выказаў выканаўчы дырэктар Магілёўскага абласнога аграпрамысловага саюза, Ганаровы грамадзянін раёна Аляксандр Серакоў.Эстафету віншаванняў працягвалі галоўны заатэхнік “Рассвета” Юлія Красева, загадчык МТК “Валосавічы” Любоў Азаранка. Падзячнае пісьмо ўручыў Валянціне Клімовіч старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, падкрэсліўшы яе ўклад у развіццё жывёлагадоўчай галіны і тое, што яна — жаданы госць на розных мерапрыемствах у раёне, вобласці.Ад рэдакцыі “Кіраўца” Валянціне Леанідаўне былі паднесены ў падарунак фатаграфіі з яе ўдзелу ў знамянальных мерапрыемствах, кветкі. Увогуле ў гэты дзень у жанчыны, як і належыць, было цэлае мора кветак…На добрую памяць быў зроблены фотаздымак з гасцямі, калегамі па працы на прыфермскай тэрыторыі, якую Валянціна Клімовіч абхадзіла за доўгія гады ўздоўж і ўпоперак, як сама сказала, “колькі ботаў знасіла”…Усхваляваная юбілярша шчыра падзякавала ўсім за ўвагу і, як гэта звычайна бывае ў значныя юбілейныя даты, нагадала мінулыя гады. Як яшчэ ў дзяцінстве бегала на ферму і назірала за мамай, доячай кароў, а потым спрабавала дапамагаць. І не ведала тады, што гэтая нялёгкая праца стане яе прызваннем на ўсё жыццё.У памяці жанчыны — тыя дні, як пасля заканчэння Смальянскага саўгаса-тэхнікума, што на Віцебшчыне, прыехала працаваць у знакаміты калгас “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Работы па спецыяльнасці не было, і маладой дзяўчыне прапанавалі пайсці на ферму даяркай у групу раздою кароў. Спачатку вельмі хвалявалася, як справіцца, а потым з дапамогай прадстаўніц старэйшага пакалення — Людмілы Нічыпараўны Палевіч, пазней — поўнага кавалера ордэна Працоўнай Славы, Паліны Ануфрыеўны Скуднай, узнагароджанай ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, асвоіла ўсе прамудрасці прафесіі даяркі. Яна дасюль удзячная жанчынам, што далучылі яе да гэтай справы, якой Валянціна Леанідаўна аддае ўсю душу. Ды як жа інакш, лічыць яна, каровы ж — жывыя істоты, і падыход патрэбны адпаведны. І тады, калі ўсё рабілі ўручную, і зараз, калі ў жывёлагадоўлю прыйшлі новыя тэхналогіі.З яе добрасумленнымі, адказнымі адносінамі да працы прыйшлі і поспехі, высокія дасягненні па надоях малака, заслужанае ўшанаванне на розных узроўнях і высокія ўзнагароды — спачатку медаль “За працоўныя заслугі” — потым — ордэн Пашаны, які ў 2015 годзе атрымала з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі.Зараз Валянціна Клімовіч працуе разам з напарніцай Аленай Бяляўскай у радзільным аддзяленні МТК “Валосавічы” на раздоі кароў. І на гэтым участку таксама дабіваюцца поспехаў: так, па выніках працоўнага спаборніцтва жывёлаводаў раёна за першае паўгоддзе бягучага года дасягнулі найвышэйшай прадукцыйнасці працы сярод аператараў машыннага даення на раздоі кароў: валавая вытворчасць малака склала 106700 кг на кожнага аператара, удой на адну фуражную карову — 4742 кг.Амаль чатыры дзесяцігоддзі мінула, а быццам бы ўчора ўсё пачыналася, прызналася Валянціна Леанідаўна. На запрашэнне кіраўніцтва гаспадаркі працаваць далей, яна, усміхаючыся, адзначыла: “Пяцігодку гатова яшчэ прайсці!”. Валянціну Леанідаўну вельмі радуюць поспехі “Рассвета” ў розных галінах, тое, што яго працаўнікоў адзначаюць на рэспубліканскім, абласным узроўнях. Важна, лічыць яна, што ў гаспадарцы шануюцца і прымнажаюцца працоўныя традыцыі “Рассвета”. Яна ідзе ў нагу з часам: узводзяцца новыя аб’екты, мадэрнізуецца вытворчасць, набываецца сучасная тэхніка. У сельгаставарыстве працуе шмат моладзі, а гэта — яго будучыня!Нельга не адзначыць, што ў жыцці В.Л.Клімовіч усё добра склалася не толькі з працоўнай славай, а і ў сям’і, якая стала надзейным “тылам”: дапамагае і падтрымлівае жонку муж, дзве дачкі з сем’ямі жывуць у Бабруйску, але часта наведваюць бацькоў. Няхай жа, як жадалі юбіляршы ў віншавальных словах, будзе добрым працяг яе жыццёвага шляху, рэалізоўваюцца ўсе планы, як заўжды, адорваюць цеплынёй і клопатам родныя і блізкія людзі. А аўтарытэту, павагі кіраўніцтва раёна, гаспадаркі, калег, аднавяскоўцаў ёй не займаць!Здароўя, шчасця, дабрабыту Вам, шаноўная Валянціна Леанідаўна!

 

Новостная рубрика: