Ярка, урачыста, маштабна адзначае Кіраўшчына галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Сёння, у дзень 78-й гадавіны з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, кіраўчане аддалі даніну глыбокай павагі ўсім, хто мужна змагаўся ў гады вайны з ворагам, хто самаадданай працай ствараў і абараняў нашу дзяржаўнасць.
Адбылася ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да брацкай магілы воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, размешчанай па вул.Гагарына райцэнтра. У ёй прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, члены раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікі працоўных калектываў, раённых структур грамадскіх аб’яднанняў, моладзь.
Памяць загінуўшых была ўшанавана мінутай маўчання.
Затым калона дэлегацый працоўных калектываў, упрыгожаная дзяржаўнай сімволікай, пакрочыла святочным шэсцем “Разам са сваёй краінай” па вуліцы імя Кірава ў суправаджэнні духавога аркестра “Фанфары Кіраўска”. На чале калоны быў Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь.
На галоўнай творчай пляцоўцы, уладкаванай на плошчы імя С.М.Кірава, адбыўся святочны канцэрт “Квітней пад небам сінім, Беларусь!”.
Ад раённага выканаўчага камітэта, сябе асабіста кіраўчан і гасцей раёна з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 78-й гадавінай вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў павіншавала старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, якая адзначыла, што 3 ліпеня – свяшчэнная дата ў айчыннай гісторыі. Яна стала сімвалам нацыянальнага гонару, увасабленнем гераізму, бяспрыкладнай мужнасці, велічы духу і адзінства нашага народа. Гэтае свята аб’ядноўвае ўсіх, хто шануе шматвекавую гісторыю сваёй Айчыны і верыць у дастойную будучыню нашай краіны.
Галіна Слабоднікава нагадала старонкі ваеннага ліхалецця, вызвалення Беларусі ад ворага, мірнага будаўніцтва.
Яна падкрэсліла, што кіраўчане заўжды заставаліся вернымі традыцям роднай краіны, уносілі дастойны ўклад у развіццё рэгіёна: “Разам мы будуем і рэканструіруем сельскагаспадарчыя аб’екты, жылыя дамы, школы, спартыўныя аб’екты, наводзім парадак на зямлі. Мы ганарымся тым, што Кіраўскі раён уносіць важкі ўклад у паступальнае развіццё нашай дзяржавы”.
Па выніках спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод гарадоў і раёнаў Магілёўскай вобласці наш раён узнагароджаны Ганаровай граматай Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.
За дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчай дзейнасці, значны ўклад у развіццё сферы сельскай гаспадаркі званне “Чалавек года Магілёўшчыны” прысвоена дырэктару ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Аляксандру Багелю з занясеннем на абласную Дошку гонару.
У Кнігу славы Магілёўшчыны з 2001 года ўнесены сямёра кіраўчан, з іх у бягучым годзе – трое нашых землякоў: ветэран працы, ганаровы грамадзянін Кіраўскага раёна Аляксандр Серакоў, дырэктар КСУП “Ніва-Барсукі” Іван Рыняк, трактарыст-машыніст КСУП “Ніва-Барсукі” Аляксандр Петранкоў.
Галіна Слабоднікава выказала шчырыя словы ўдзячнасці жыхарам раёна і працоўным калектывам за добрасумленную, стваральную працу.
“Мірнае і спакойнае, бяспечнае жыццё, грамадзянская згода, справядлівасць – гэта фундаментальныя каштоўнасці, якія леглі ў аснову нашай дзяржаўнасці, – адзначыла кіраўнік раёна. – І сёння нягледзячы на няпростую сітуацыю ў свеце, нам як ніколі, патрэбна згуртавацца і разлічваць толькі на свае сілы”.
Яна пажадала ўсім шчасця, здароўя, дабрабыту, поспехаў у справах на карысць роднай Беларусі.
Прайшла цырымонія ўзнагароджвання. За шматгадовую добрасумленную працу, узорнае выкананне працоўных абавязкаў, значны ўклад ва ўмацаванне законнасці і правапарадку на терыторыіі Кіраўскага раёна былі аб’яўлены падзякі райвыканкама пракурору раёна, саветніку юстыцыі Вячаславу Чучуліну, намесніку пракурора раёна, малодшаму саветніку юстыцыі Аляксею Лапезу.
Таксама былі аб’яўлены падзякі машыністу цестараздзелачных машын вытворчага аддзела райспажыўтаварыства Алесі Шаўчэнка, вадзіцелю транспартнага аддзела райспажыўтаварыства Васілю Катаражуку.
Віншаванні са святам і шчырыя пажаданні прысутным выказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Сакадынец.
Падзякі раённага Савета депутатаў былі аб’яўлены дырэктару ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Лявонцію Кушавараву, памочніку пракурора раёна Маргарыце Пірожнік, вадзіцелю службовага легкавога аўтамабіля пракуратуры раёна Івану Лагойку.
У ходзе канцэртнай праграмы былі ўшанаваны ганаровыя грамадзяне раёна і ветэраны працы, яны атрымалі святочныя падарункі.
Асобныя блокі праграмы былі прысвечаны моладзі. У сёлетні Год гістарычнай памяці асабліва сімвалічна гучала тэма пераемнасці пакаленняў.
Гледачы віталі маладыя сем’і раёна, удзельнікаў праекта “Уладар сяла“, а таксама раённага конкурсу-дэфіле дзіцячых калясак. “Маленькія беларусы – гэта наша надзея, будучыня роднай краіны. Мы навучым іх любіць гэтую зямлю і паважаць продкаў, што праслаўлялі Радзіму ва ўсім свеце”, – гучала са сцэны.
Радавалі ўдзельнікаў свята сваімі нумарамі творчыя калектывы, выканаўцы.
На плошчы імя С.М.Кірава разгарнуліся выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Вянок творчасці”, майстар-класы, разнастайныя тэматычныя пляцоўкі, працуюць дзіцячыя атракцыёны.
Прапаноўвае сваю прадукцыю райспажыўтаварыства, прадпрымальнікі.
У святочнай праграме – вячэрняя канцэртная праграма, рэспубліканская акцыя “Спяем гімн разам”, святочны фейерверк, тэматычная дыскатэка “Усё будзе супер!”.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА, Яўгеніі БЯЛЬКО.