Гэты год азнаменаваны 100-годдзем з дня стварэння Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі. На яго рахунку – шмат слаўных ратных і працоўных спраў, якія ўпісаны ў гісторыю маладзёжнай арганізацыі.
24 верасня 1920 года I Усебеларускі з’езд камсамола арганізацыйна аформіў стварэнне Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі (КСМБ). Рэзалюцыя з’езда падкрэслівала, што КСМБ з’яўляецца непарыўнай часткай Расійскага Камуністычнага Саюза Моладзі (РКСМ).
У чэрвені 1924 года рашэннем VI з’езда РКСМ арганізацыі было прысвоена імя У.І.Леніна – ЛКСМБ – Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі Беларусі.
• Гісторыя камсамола Беларусі – гэта, у першую чаргу, масавы гераізм юнакоў і дзяўчат падчас Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 100 тысяч беларускіх камсамольцаў мужна змагаліся на франтах, 73 з іх удастоены ганаровага звання Героя Савецкага Саюза, сярод якіх – 29 маладых партызан.
• Не менш значных узнагарод, поспехаў і перамог дасягнулі прадстаўнікі саюзнай моладзі на вытворчасці, у сельскагаспадарчай, будаўнічай і іншых сферах. Камсамол Беларусі непарыўна звязаны з пачаткам гісторыі гарадоў Салігорска і Наваполацка, Светлагорска і Навалукомля, Белазёрска і Жодзіна.
• Нагадаем асобныя этапы станаўлення і развіцця камсамольскага руху ў нашым раёне.
У маі 1920 года у мястэчку Любонічы была створана першая камсамольская ячэйка, у састаў якой увайшлі 7 чалавек на чале з сакратаром Пятром Баркоўскім. У хуткім часе з’явіліся пярвічкі ў вёсках Стаўпішча, Казулічы, Пацава Слабада і іншых. Камсамольцы праводзілі сходы, на якіх абмяркоўвалі пытанні сацыялістычнай перабудовы вёскі, адраджэння яе культуры, і ўвасаблялі гэта ў справах. Кожны камсамолец быў байцом часцей асобнага прызначэння па барацьбе з бандытызмам. Так, у 1923 годзе сіламі міліцыі і камсамольцаў была разгромлена вялікая групоўка бандытаў, якая дзейнічала ў лясах каля Гарадца.
• 30 сакавіка 1935 года ў Бабруйску адбыўся першы сход камсамольскай арганізацыі Кіраўскага раёна, на якім быў створаны рённы камітэт ЛКСМБ на чале з сакратаром Г.П.Чэхавым. А праз год у клубе калгаса “Чырвонае Букіно” адбылася першая раённая камсамольская канферэнцыя, удзел у якой прыняў 121 дэлегат з 18 пярвічак, існаваўшых на той час у раёне.
• У чэрвені 1944 года ў раёне дзейнічалі 22 камсамольскія пярвічкі, якія аб’ядноўвалі больш за 250 юнакоў і дзяўчат. 15 лютага 1945 года адбылася першая пасляваенная раённая камсамольская канферэнцыя. Аўтарытэт арганізацыі ўзрастаў хуткімі тэмпамі. У 1950 годзе ў ёй налічваўся 1581 камсамолец, а ў 1953 – ужо 3300. Расла і колькасць пярвічак.
Камсамольцы пасляваенных гадоў былі ў перадавіках вытворчасці. Па выніках сацыялістычнага маладзёжнага спаборніцтва за павелічэнне вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, па вырошчванні льну, вывазу арганічных угнаенняў Кіраўская раённая арганізацыя неаднаразова прызнавалася пераможцай і чатыры разы ўдастойвалася Пераходнага Чырвонага Сцяга ЦК ЛКСМБ і Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР.
• У 1973 годзе наш раён быў прызнаны пераможцам ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве за павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа і іншай прадукцыі земляробства і быў узнагароджаны Чырвоным Сцягам
ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ. Гэтая ўзнагарода — вынік плённай працы работнікаў вёскі, у тым ліку і камсамольскай моладзі.
Ганаровае званне “Лепшая маладая даярка Беларусі” атрымалі працаўніцы калгаса “Рассвет” Алена Багданава, Галіна Бурынчык, Соф’я Бяляўская.
• Камсамольскае жыццё асацыіравалася ў моладзі раёна не толькі з напружанымі працоўнымі буднямі, але і з цікава праведзеным вольным часам. У 60-я гады нашы рабяты ўпершыню прымалі ўдзел у турыстычным злёце, змагаліся за званне лепшых у гульні Клуба вясёлых і знаходлівых. У 80-х камсамольцы актыўна ўдзельнічалі ў напісанні “Летапісу народнай славы”, арганізоўвалі паходы па месцах баявой і працоўнай славы. Быў створаны першы маладзёжнакамсамольскі будаўнічы кааператыў. Рабяты добраўпарадкоўвалі гарадскі парк. Сваімі працоўнымі і грамадскімі справамі славіліся камсамольска-маладзёжныя калектывы магазіна “Дзіцячы свет”, гарадской цырульні.
• Мужнасцю і гераізмам вызначыліся воіны-камсамольцы, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. У памяці кіраўчан назаўсёды застануцца імёны загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў: Пятра Петрусевіча, Віктара Шумілава, Аляксандра Ядлоўскага.
• У снежні 1991 года на XXX з’ездзе ЛКСМБ спыніў сваё існаванне і быў перайменаваны ў «Саюз моладзі Беларусі».
Мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю ЛКСМБ, праходзяць у рэспубліцы, Магілёўскай вобласці, нашым раёне.