У нашай краіне ідзе актыўная падрыхтоўка да шостага Усебеларускага народнага сходу.
“Кіравец” працягвае публікацыю меркаванняў жыхароў раёна пра значнасць гэтага форуму, пра тое, чаго яны ад яго чакаюць і якія тэмы лічуць неабходнымі для абмеркавання.
Свае думкі выказала Валянціна КЛІМОВІЧ, аператар машыннага даення ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, узнагароджаная ордэнам Пашаны, медалём “За працоўныя заслугі”, з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Кіраўскага раёна:
–Тое, што Усебеларускі народны сход – гэта сапраўды дэмакратычны форум, на якім важныя для нашай краіны пытанні абмяркоўваюцца з удзелам народа, асабіста адчула, калі ў якасці дэлегата ад Кіраўскага раёна ўдзельнічала у рабоце трэцяга Усебеларускага народнага сходу ў 2006 годзе. Побач са мной у зале прысутнічалі прадстаўнікі розных сфер дзейнасці, сацыяльных груп, узростаў, кожны з якіх мог выказаць свае думкі наконт напрамкаў далейшага развіцця.
Была прынята праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на пяць год, дэвізам якой стаў лозунг “Дзяржава для народа”. Пра тое, што было адзначана на форуме, мы, дэлегаты, расказалі ў сваіх працоўных калектывах, іншых арганізацыях, на прадпрыемствах раёна.
Дзякуючы мэтанакіраванай палітыцы дзяржавы і яе кіраўніка, добрасумленнасці і адказнасці працаўнікоў рэалізоўваліся пастаўленыя ў ходзе гэтага і далейшых форумаў задачы і вызначаныя мэты.
Я, як прадстаўнік аграрнай сферы, асабліва цаню, што вялікая ўвага надаецца яе развіццю, вынікі гэтага бачныя і па нашай гаспадарцы, і, у прыватнасці, па жывёлагадоўчай галіне, у якой я працую. Будуюцца новыя аб’екты, павышаецца тэхналагічная дысцыпліна, расце вытворчасць прадукцыі, паляпшаецца яе якасць.
Думаю, што і падчас работы шостага Усебеларускага народнага сходу будзе ісці размова пра павышэнне эфектыўнасці работы АПК.
Яшчэ хачу сказаць, што ў сённяшні няпросты час, калі ёсць сілы, якія жадаюць раз’яднаць наш народ, усе, каму неабыякавая будучыня роднай Беларусі, павінны супрацьстаяць гэтаму націску. Дзеля таго, каб упэўнена рухацца наперад, каб мы, нашы дзеці і ўнукі жылі ў мірнай і бяспечнай краіне.