С 01.11.2024 по 29.11.2024 в Могилевской области проводится месячник безопасного труда на объектах жилищно-коммунального хозяйства Могилевской области | С 01.10.2024 по 31.10.2024 в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда на строительных площадках области

Патрыятызм – гэта справы, а не гучныя словы

Вы здесь

Перш чым пачаць свае разважанні пра патрыятызм, хачу шчыра падзякаваць усім, хто застаўся з намі ў 2023 годзе, хто верыць у нас, разумее нас і падтрымлівае. А мы і надалей будзем імкнуцца трымаць руку на пульсе, аператыўна знаёміць вас з навінамі раёна, вобласці, рэспублікі.

Апошнім часам мы ўсё часцей успамінаем аб самым дарагім, што толькі можа быць у нас: аб міры на нашай зямлі, аб магчымасці спакойна гадаваць дзяцей, клапаціцца аб іх будучым, працаваць на карысць сваёй сям’і і дзяржавы. Менавіта таму сёння я абрала для абмеркавання актуальную, значную, глыбокую тэму – патрыятызм. Ва ўсе часы гэта тэма з’яўляецца асноватворнай, не падуладнай часу, рэформам. Менавіта патрыятызм ляжыць у аснове развіцця любога грамадства.

ХХІ стагоддзе… Трывожны час… Мір мы параўноўваем з крохкім шклом, якое ненарокам у любую хвіліну можа разбіцца… А не даць яму разбіцца можам толькі мы самі, калі будзем моцнымі, пільнымі, сабранымі, аб’яднанымі любоўю да сваёй Радзімы. Невыпадкова ў нашай рэспубліцы на змену Году гістарычнай памяці прыйшоў Год міру і стварэння, асноўнымі накірункамі якога з’яўляюцца ўдасканаленне сістэмы ваенна-патрыятычнага выхавання насельніцтва, прасоўванне мірных ініцыятыў грамадзян і грамадскасці, садзейнічанне міжканфесійнаму дыялогу, які забяспечвае мір і згоду ў беларускім грамадстве, дэманстрацыя пераваг беларускай эканамічнай мадэлі ва ўмовах глабальнай турбулентнасці, пазіцыянаванне стваральнай працы як галоўнай умовы развіцця беларускай дзяржавы. Яшчэ Вісарыён Бялінскі казаў: “Патрыятызм, чый бы то ні быў, даказваецца не словам, а справай”. Лічу, што яго выказванне актуальна і сёння. На маю думку, патрыятызм пачынаецца не з гучных лозунгаў, а са справы, з любві: любві да сваіх родных і блізкіх, да сваёй бацькаўшчыны, да ўсяго, што вакол нас. Чалавек адстойвае інтарэсы Радзімы, беражліва адносіцца да яе гісторыі, традыцый, культуры, прымае блізка да сэрца яе радасці і нягоды, клапоціцца пра дабрабыт сваёй краіны, малой радзімы, сваёй сям’і – у гэтым і заключаецца наш патрыятызм.

Ці можна навучыць патрыятызму? Мяркую, што не. А вось прывіць – можна. Толькі займацца гэтым неабходна з ранняга дзяцінства. Бацькі павінны тлумачыць дзецям, што яны беларусы, і пры гэтым расказваць, хто такія беларусы – людзі працавітыя, талерантныя, добрыя і гасцінныя. Калі дзеці яшчэ да школы гэта зразумеюць, у школе замацуюць дадзеныя паняцці, тады і будуць ставіцца да іх з гонарам. Потым усе разам, бацькі, выхавацелі, настаўнікі павінны прывіць павагу да нацыянальнай беларускай культуры, дзяржаўных сімвалаў – нацыянальнай святыні, якія яднаюць народ. А самае галоўнае ў патрыятычным выхаванні дзяцей – уласны прыклад бацькоў. На думку прыходзіць выпадак, калі летась на гарадской плошчы 3 ліпеня выконвалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, я з гонарам назірала за першакласнікам СШ № 2 імя К.П.Арлоўскага, які быў з маці і ўрачыста, упэўнена, з поўнай адказнасцю спяваў разам з усімі, а ў першую чаргу – разам з маці, гімн. Упэўнена, такое стаўленне гэтага хлопчыка да дзяржаўных сімвалаў абавязкова дасць свае станоўчыя парасткі, дапаможа яму стаць сапраўдным грамадзянінам, навучыць не толькі любіць сваю Радзіму і клапаціцца аб ёй, але таксама любіць сваіх бацькоў і клапаціцца аб іх дабрабыце.

Не па чутках ведаю, што амаль усе вучні школ нашага раёна наведалі адно з самых трагічных месцаў Магілёўшчыны і Беларусі ў цэлым – мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» у Борках. Нагадаю, 15 чэрвеня 1942 года тут адбылася адна з самых буйных карных аперацый фашыстаў за гады Вялікай Айчыннай вайны. У гэты дзень акупанты сцерлі з твару зямлі вёску Боркі і 6 прылягаючых да яе пасёлкаў, знішчылі больш за дзве тысячы чалавек… Такое забываць нельга! Менавіта з гэтай мэтай і арганізоўваецца наведванне вучнямі школ мемарыяльнага комплексу. А вось цікава, ці ўсе дарослыя жыхары раёна, у тым ліку бацькі, дзядулі і бабулі сённяшніх вучняў, наведалі гэтае месца? Рэкамендую ўсім абавязкова пабываць там, у поўнай меры адчуць трагізм гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пакуты беларускага народу. Калі папярэдняе пакаленне вытрымала з гонарам такія выпрабаванні, то пасароміць яго памяць не мае права ніхто. У гэтым і ёсць пераемнасць пакаленняў. Трэба быць прыкладам для сваіх дзяцей. А ў першую чаргу, быць годным чалавекам. Напэўна, годны чалавек у той ці іншай ступені ўжо і ёсць патрыёт.

Мы з вамі жывем у Беларусі, звязваем з ёю сваё будучае, будучае сваіх дзяцей, а значыць, павінны памятаць, што любоў да Айчыны – гэта годнасць цывілізаванага чалавека, і мы павінны жыць і працаваць так, каб маглі сказаць: “Я – патрыёт сваёй краіны!”, а галоў­нае – даказваць гэта сваімі ўчынкамі, вучобай, працай!

Паважаныя чытачы “раёнкі”, запрашаю вас паразважаць над глабальнай і вечнай тэмай патрыятызму на старонках нашай газеты. Чакаю вашых лістоў.

Нагадваю, нашым аўтарам па любой тэме можа стаць кожны, у каго ёсць свае арыгінальныя ідэі, уласны погляд на падзеі навакольнага свету. Давайце пісаць гісторыю раёна разам!

 Калі вы сутыкнуліся з невырашальнай, на ваш погляд, сітуацыяй, мы гатовы вам дапамагчы. Тэлефануйце нам па нумарах: 77-6-18, 77-6-17 і 77-6-16. Мы чакаем ад вас не толькі скаргі, але і прапановы, і падзякі. Трэба ўмець быць удзячнымі за добрае слова і дапамогу, выпрабаванні і падарункі лёсу.

З павагай, Галіна РУСЕЦКАЯ, галоўны рэдактар раённай газеты “Кіравец”.

 

Новостная рубрика: