9 лютага, Кіраўск /Соб. инф./. Закончыўся першы тур рэспубліканскай дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі сезона 2009 года, у якім прымалі ўдзел кіраўскія валейбалісты.
Спаборніцтвы сярод дзяўчат 1995 г. н., якія праходзілі на базе аграгарадка Мышкавічы нашага раёна,і прынеслі гаспадарам і першую перамогу. Кіраўчанкі абыгралі каманды Мінска, Мазыра Гомельскай вобласці і Бешанковіч Віцебскай вобласці, прычым уступіўшы толькі адну партыю мазырскім валейбалісткам. Былі вызначаны і лепшыя ігракі турніру. У нашай камандзе імі сталі Нона Ланцава і Вікторыя Ціханавец.Зараз дзяўчаты сур’ёзна рыхтуюцца да другога тура, які пройдзе 20-22 лютага ў Мінску. Пасля гэтага па дзве лепшыя каманды з кожнай падгрупы выйдуць у фінал і будуць змагацца за медалі.
Трэнер нашай каманды Сяргей Лазаковіч лічыць, што ў дзяўчат ёсць усе шанцы трапіць у фінальную частку лігі, бо такой сур’ёзнай заяўкі адразу пасля першага тура не было яшчэ ні разу, а ўдзельнічае каманда ў падобных спаборніцтвах у пяты раз. 3 разы была чацвёртай, і заўсёды пачыналі “са скрыпам”. А тут адразу — такая яркая перамога.
Заслугоўвае ўвагі і той факт, што дапамогу ў арганізацыі спаборніцтваў аказаў СВК “Рассвет” імя К.Арлоўскага. Ён жа выступіў і спонсарам турніру.
Закончыліся і спаборніцтвы сярод юнакоў 1996-97г.н., якія праходзілі ў Брэсце. Тут з пяці каманд-удзельніц кіраўчане сталі трэцімі, а фартуна была на баку гродзенскіх валейбалістаў, якія не ўступілі сапернікам ніводнай партыі. У састаў нашай каманды ўваходзілі рабяты, якія ўжо маюць вопыт гульні на выездзе, і тыя, якія ўдзельнічалі ў падобных спаборніцтвах упершыню.Гэтыя абставіныпаўплывалі на вынік гульні. Лепш іншых на валейбольнай пляцоўцы зарэкамендаваль сябе Дзмітрый Хурсаў і Юрый Літвіненка. Па словах трэнера Валянціна Шакарава, і ў хлопчыкаў ёсць шанц заняць дастойнае месца. Неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб у другім туры, які пройдзе ў Глыбокім Віцебскай вобласці таксама 20-22 лютага, прадэманстраваць добрую гульню.
Кіраўскія юнакі прымаюць удзел у спаборніцтвах яшчэ адной узроставай групы, 1995 г.н. Але тут выступленне ў першым туры не было такім паспяховым. З 4-х каманд-удзельніц кіраўчане толькі 4-ыя. Спадзяёмся, што гульні другога тура, якія пройдуць 13-15 лютага дома, на базе аграгарадка Мышкавічы, прынясуць нашым землякам поспех.