25 лютага, Кіраўск /Соб. інф./. Сістэма праводзімай работы, накіраванай на павышэнне якасці жыцця людзей, максімальнае спрашчэнне рашэння пытанняў, з якімі яны штодзённа сутыкаюцца, дазволіла знізіць у мінулым годзе колькасць зваротаў грамадзян як у раённы, так і ў кожны сельскі выканаўчы камітэт.
У райвыканкам, сельвыканкамы за 2008 год паступіла 468 зваротаў, што на 139 менш, чым за 2007 год і на 202 менш, чым за 2006 год.
Спектр узнятых праблем у асноўным не змяніўся: як і раней, пераважная большасць датычыцца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі (193 ці 41,2%, з іх 62% — добраўпарадкавання населеных пунктаў), сельскай гаспадаркі і нарыхтовак (25 ці 5,3%), праваахоўчых органаў (23 ці 4,9%), працы і заработнай платы (22 ці 4,7%).
У райвыканкам у мінулым годзе паступіла 198 зваротаў, што на 17 менш, чым у папярэднім годзе. З іх 51% — звароты сельскіх жыхароў раёна, 33,3% — з г.Кіраўска, 15,7% — іншагародніх. Павялічылася колькасць зваротаў у райвыканкам ад жыхароў Любоніцкага, Паўлавіцкага, Стайкаўскага, Грыбавецкага сельсаветаў. А найбольшая колькасць зваротаў паступіла ад жыхароў Дабаснянскага сельсавета — 27.
З 20 да 31 павялічылася колькасць калектыўных зваротаў у райвыканкам. Праз вышэйстаячыя органы і СМІ паступіла на 1 зварот менш, чым у 2007 годзе.
Найбольш набалелымі ў грамадзян былі пытанні якасці ўтрымання вуліц і дваравых тэрыторый, добраўпарадкавання вуліц горада і сельскіх населеных пунктаў.
На працягу апошніх год заставалася нявырашанай праблема тэлефанізацыі сельскіх населеных пунктаў. Выкарыстанне тэхналогіі бесправаднога фіксіраванага доступу дазволіла задаволіць 28 заяў жыхароў в.Гарадзец аб тэлефанізацыі домаўладанняў.
У параўнанні з папярэднімі гадамі ў райвыканкам летась не паступалі звароты па рамонце жыллёвага фонду — гэта звязана з тым, што рамонт праводзіцца планава, па ўзгадненні з дамавымі камітэтамі. Разам з тым, абгрунтаванай крытыцы падвяргаецца нізкая якасць і значныя тэрміны выканання рамонту дамоў (у тым ліку работы па навядзенні парадку на прыдамавой тэрыторыі пасля рамонту). Так, УКП “Жылкамгас” былі парушаны ўстаноўленыя праектна-каштарыснай дакументацыяй тэрміны па рамонце жылога дома №2 па вул. К.Маркса райцэнтра. Віноўныя пасадавыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Жыхары дома 2а па вул. Ленінскай звярталіся па пытанні нездавальняючага рамонту. Праведзена абследаванне тэхнічнага стану балконных груп і пасля экспертызы будзе прынята рашэнне аб неабходнасці правядзення рамонтных работ і тэрмінах іх выканання.
Жыхары вёсак Добасна, Пясцова, Харлапавічы, Стайкі, Кострычы, Любонічы неаднаразова звярталіся да кіраўніцтва СВК “Добасна-агра”, “Калгас “Свярдлова” і РАПТЗ па пытаннях водазабеспячэння жылых дамоў. Толькі пасля звароту грамадзян у райвыканкам пытанні былі вырашаны.
З 18 да 22 павялічылася колькасць пісьмаў са скаргамі па пытаннях працы, налічэння і выплаты заработнай платы. Парушэнні ў налічэнні заработнай платы выяўлены ў СВК “Добасна-агра”, “Калгас “Беларусь”, “Чырвоны баец”, на кансервавым заводзе, у дзіцячым садку в. Хвайніца і інш.
Летась у райвыканкам паступіла 10 паўторных зваротаў, 2 з якіх задаволены, па 2-х адшукваецца магчымасць станоўчага вырашэння пытання, па 5 дадзены тлумачэнні, 1— неабгрунтаваны. З двума грамадзянамі спынена перапіска.
У мінулым годзе былі праведзены праверкі захоўвання парадку разгляду зваротаў ва ўсіх сельвыканкамах, упраўленнях і аддзелах райвыканкама і шэрагу арганізацый і прадпрыемстваў. У ліпені 2008 года Камітэтам дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь былі праведзены праверкі работы райвыканкама і сельвыканкамаў па вырашэнні сацыяльна значных пытанняў насельніцтва, павышэнні якасці і адказнасці пасадавых асоб у рабоце са зваротамі грамадзян.
Да дысцыплінарнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян прыцягнута 19 чалавек, з іх 11 работнікаў дзяржапарата.
Адсутнасць з боку пасадавых асоб аб’ектыўнага аналізу рэальнага становішча на месцах, недастатковае інфармаванне насельніцтва аб прымаемых рашэннях не дазваляе папярэдзіць з’яўленне скаргаў.
Недастатковая работа праводзіцца адказнымі дзяржорганамі з грамадскімі фарміраваннямі (вулічнымі, дамавымі камітэтамі, старастамі вёсак) па рашэнні праблем на месцах.
Больш цеснымі і даверлівымі павінны быць зносіны з людзьмі ў пасадавых асоб, больш плённай — работа па задавальненні абгрунтаваных прэтэнзій грамадзян.
Зменшылася колькасць зваротаў па пытаннях паляпшэння жыллёвых умоў, дзейнасці школ і навучальных устаноў. Не было зваротаў аб рабоце прамысловых і будаўнічых арганізацый, скаргаў на работу ўстаноў аховы здароўя. У той жа час больш іх стала па пытаннях арганізацыі работы прыгараднага аўтатранспарту і гандлю.
У ходзе вусных прыёмаў кіраўніцтвам райвыканкама прынята 110 чалавек, з іх старшынёй райвыканкама — 49, яго намеснікамі — 61.
За 2008 год з удзелам старшыні райвыканкама, яго намеснікаў, старшыні раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікоў арганізацый раёна было праведзена 40 выязных вусных прыёмаў грамадзян ва ўсіх сельскіх Саветах дэпутатаў, дзе быў прыняты 151 чалавек.
На дзеючы ў райвыканкаме тэлефон “гарачай лініі” за год паступіла 36 зваротаў.