С 01.11.2024 по 29.11.2024 в Могилевской области проводится месячник безопасного труда на объектах жилищно-коммунального хозяйства Могилевской области | С 01.10.2024 по 31.10.2024 в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда на строительных площадках области

Сакрэт поспеху – шчаслівая сям’я

Вы здесь

Юная “зорачка” 8-гадовая Анастасія Зайцава – вучаніца дзіцячай школы мастацтваў – не раз радавала кіраўчан сваім музычным талентам. У яе творчай біяграфіі – пакуль яшчэ невялікай, аднак ужо даволі яскравай – удзел у якасці спявачкі ў раённых мерапрыемствах, а таксама музычных конкурсах розных узроўняў. Напрыклад, у сёлетнім кастрычніку спявачка прымала ўдзел у II адкрытым музычным конкурсе “Ступені творчасці”, які наладжваецца ў Мінску беларускім саюзам кампазітараў. У намінацыі “Вакальная творчасць. Салісты. Акадэмічны вакал” Анастасія стала лаўрэатам I ступені. Дыплом і кубак “Ступені творчасці-2020” юнай кіраўчанцы ўручыў заслужаны дзеяч культуры, народны артыст Беларусі, музыкант і кампазітар Эдуард Ханок.

 

http://www.kirovsk.by/wp-content/uploads/2020/11/%D0%97%D0%B0%D0%B9%D1%86%D0%B5%D0%B2%D0%B0-%D0%B8-%D0%A5%D0%B0%D0%BD%D0%BE%D0%BA_1.jpg   http://www.kirovsk.by/wp-content/uploads/2020/11/%D0%B7%D0%B0%D0%B9%D1%86%D0%B5%D0%B2%D0%B0-%D0%B4%D0%B8%D0%BF%D0%BB%D0%BE%D0%BC_1.jpg

 

Падчас удзелу ў творчым іспыце дзяўчынку падтрымлівалі яе выкладчыца па музычных дысцыплінах Святлана Шакарава, канцэртмайстар дзіцячай школы мастацтваў Дзмітрый Барэйша і, вядома ж, бацькі.

“Насця займаецца ў дзіцячай школе мастацтваў з 5 гадоў, – расказвае матуля нашай гераіні Вікторыя. – З маленства яна любіла музыку, спявала заўсёды і ўсюды! У нашай сям’і няма прафесійных музыкаў і спевакоў. Муж любіць пець, у мяне таксама нядрэнны голас. Аднак, мы запрыкмецілі, што наша дачка цягнецца да свету музыкі, ёй гэта падабаецца, таму вырашылі падтрымліваць і развіваць дзіцячы інтарэс. З музычных інструментаў яна асвойвае фартэпіяна, а спяваць любіць усё: і эстрадныя, і народныя, і акадэмічныя творы”.

Заняткі ў музычнай школе Анастасія Зайцава сумяшчае з вучобай у 3 класе СШ №2 імя К.П.Арлоўскага, асабліва любіць урокі матэматыкі і англійскай мовы. Як любая дзяўчынка, яна марыць вырасці сапраўднай прыгажуняй, таму наведвае аб’яднанне па інтарэсах “Імідж” узорнай студыі юнага мадэльера “Жамчужына” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Бацькі дзяўчынкі прыкладваюць шмат намаганняў, каб падтрымліваць яе інтарэс да музычнай творчасці і развіваць патэнцыял: “Мы з мужам дапамагаем Насцюшы знаходзіць цікавыя песні для выканання, ра­зам разбіраем п’есы на фартэпіяна, – працягвае расказваць Вікторыя. – Быць бацькамі таленавітага дзіцяці няпроста. Патрэбна шмат часу, каб дадаткова займацца з дачкой, вазіць яе на шматлікія рэпетыцыі, заняткі. Асаблівая тэма – падбор канцэртных нарадаў: сукенкі, туфлі, упрыгожванні, заколкі, прычоскі…

Хочацца падзякаваць педагогу школы мастацтваў Святлане Шакаравай за важкую дапамогу, яна ставіцца да Насці, як да роднага дзіцяці, не толькі адкрывае ёй чароўны свет музыкі, але і падтрымлівае, дае слушныя парады, клапоціцца”.

Першым творчым іспытам, у якім Анастасія Зайцава прымала ўдзел, быў школьны этап конкурсу “Мы гукамі размалюем свет”, у 2019 годзе, дзе яна атрымала Дыплом I ступені. У тым жа годзе ў Бабруйску праходзіў адкрыты фестываль-конкурс вакальна-харавой творчасці “У кожнай песні – сонейка”, дзе юная спявачка ўзнагаро­джана Дыпломам I ступені ў намінацыі “Акадэмічны вакал” і Дыпломам “Яскравы старт”. У сёлетнім маі сям’я Зайцавых запісала відэавыступленне Насці, якое прымала ўдзел у рэгіянальным конкурсе дзіцячай вакальна-харавой творчасці “Выдатныя даты выдатных людзей”, у намінацыі “Сольны спеў” кіраўчанка ўзнагаро­джана Дыпломам лаўрэата III ступені. У кастрычніку бягучага года таленавітая дзяўчынка ўдзельнічала ў пятым нацыянальным конкурсе мастацтваў “Аранжавы настрой”, які праходзіў у Магілёве, дзе атрымала Дыплом I ступені і медаль.

Анастасія – старэйшая дачка Яўгена і Вікторыі Зайцавых. Яна – прыклад для сваіх малодшых сястрычак 5-гадовай Машы і 3-гадовай Арышы.

Бацькі вельмі ўважліва ставяцца да іх выхавання і з маленства стараюцца прыкмячаць здольнасці сваіх дачок. Напрыклад, Марыя любіць танцаваць,
а Арына пакуль не вызначылася з інта­рэсамі: яна і спявае разам са старэйшай сястрой, і танцуе разам з сярэдняй.

Разважаючы над тэмай развіцця дзіцячых інтарэсаў, Вікторыя адзначыла: “Я лічу, што самае галоўнае, любіць сваіх дзяцей, шчыра і бескарысліва. Не шкадаваць часу, каб паразмаўляць з імі, пацікавіцца іх справамі, пагуляць у якую-небудзь гульню, пачытаць казкі. Адным словам, больш часу праводзіць разам з усёй сям’ёй. Мне здаецца, нельга спрабаваць праз сына ці дачку рэалізаваць свае мары, якія не спраў­дзіліся. Кожнае дзіцяці – асаблівае, непадобнае, са сваімі талентамі і здольнасцямі, варта толькі не палянавацца іх запрыкмеціць, а потым дапамагаць ім развівацца, падтрымліваць. А, наогул, важна, каб дзеці раслі ў шчаслівых сем’ях. Шчасце – гэта калі родныя і блізкія вам людзі здаровыя, дома пануе спакой, а ў душы – цеплыня. Няхай так будзе ў кожнага! У гэтым і ўтрымліваецца сакрэт усіх поспехаў”.

Яўгенія БЯЛЬКО.

Фота – з архіва сям’і Зайцавых.

 

Новостная рубрика: