2 сакавіка, Кіраўск /Уласн. інф./. Відавочна, якой балючай для грамадства праблемай з’яўляецца п’янства: яго адмоўны ўплыў адчуваецца ўсюды, але галоўнае, на нашым будучым — дзецях. І таму прафілактыка п’янства і алкагалізму, барацьба з імі з’яўляецца важнай задачай на дзяржаўным узроўні.
У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай нацыянальных дзеянняў па папярэджванні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на 2006-2010 г.г. у раёне рэалізоўваецца план мерапрыемстваў у гэтым напрамку, ход яго выканання знаходзіцца на кантролі ў вертыкалі ўлады.
У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў актывізавалася дзейнасць органаў выканаўчай улады па пытаннях прафілактыкі п’янства і алкагалізму, больш эфектыўным стала ўзаемадзеянне наркалагічнай службы раёна з дзяржаўнымі органамі кіравання. Да работы па прапагандзе здаровага ладу жыцця падключыліся ўсе грамадскія фарміраванні.
Пэўная работа, накіраваная на прафілактыку п’янства і алкагалізму, фарміраванне здаровага ладу жыцця, праводзілася ўстановамі аховы здароўя, адукацыі, культуры. На папярэджванне надзвычайных сітуацый, прафілактыку пажараў і выяўленне фактаў вырабу і рэалізацыі спіртаўтрымліваючых вадкасцей былі накіраваны сумесныя дзеянні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і РАУС.
У выніку праведзенай у мінулым годзе работы па раёне знізіўся паказчык захворвання на алкагалізм, не рэгістраваліся выпадкі ўзнікнення алкагольнай, наркатычнай і таксічнай залежнасці ў дзяцей і падлеткаў. Зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, выпадкаў суіцыдаў. Не было траўм на вытворчасці і рабочых месцах у нецвярозым стане.
Разам з тым, узровень спажывання спіртных напіткаў і ўзровень смяротнасці, звязаны з гэтым, не зніжаюцца. Калі ў 2007 г. 6 жыхароў раёна памерла ў выніку атручвання алкаголем, то летась — 14. Павялічылася колькасць падлеткаў, затрыманых за спажыванне спіртнога і знаходзячыхся ў стане ап’янення ў грамадскіх месцах (69 супраць 41 у 2007 г.).
У сувязі з гэтым райвыканкамам на бягучы год зацверджаны план дадатковых мерапрыемстваў, накіраваных на пераадоленне п’янства і алкагалізму, адказныя органы і службы прыступілі да яго рэалізацыі.
Створана рабочая група па выпрацоўцы і выкананні узгодненых мер па працаўладкаванні і арганізацыі працэсу адаптацыі да жыцця ва ўмовах грамадства асоб, якія вызваляюцца з месц пазбаўлення волі, лячэбна-працоўных прафілакторыяў. Для такіх асоб будуць прымяняцца дадатковыя меры псіхалагічнай падтрымкі, прафесійнай арыентацыі і падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэнні кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэб і ў адпаведнасці з іх здольнасцямі, навыкамі.
Членам ГА “БРСМ” неабходна актывізаваць свой удзел у рабоце па прафілактыцы правапарушэнняў сярод дзяцей і моладзі, асаблівую ўвагу надаўшы тым, якія стаяць на ўліку ў РАУС, шляхам далучэння да грамадска-карыснай працы і актыўных форм правядзення вольнага часу.
Больш выніковай па-вінна стаць дзейнасць грамадскіх пунктаў аховы парадку, камісій па барацьбе з п’янствам, таварыскіх судоў, саветаў прафілактыкі працоўных калектываў, а таксама добраахвотных дружын.
Аддзелу адукацыі райвыканкама неабходна прыняць вычарпальныя меры па выкараненні выпадкаў распіцця вучнямі спіртных напіткаў і ўзмацненні кантролю з боку бацькоў за іх паводзінамі.
У ліку напрамкаў, намечаных планам, — удасканальванне фізкультурна-аздараўленчай, спартыўнай работы з насельніцтвам па месцы жыхарства, павелічэнне колькасці спартыўна-масавых мерапрыемстваў для дзяцей і падлеткаў.
На старшынь сельвыканкамаў ускладзены абавязак каардынавання работы па выяўленні, уліку асоб, пакутуючых на хранічны алкагалізм, злоўжываючых спіртным, арганізацыі іх лячэння, працаўладкавання, ажыццяўленні індывідуальных прафілактычных мер у адносінах да іх.
Вельмі важным з’яўляецца для адказных органаў і служб своечасовае выяўленне сацыяльна няўдачных сем’яў і прыняцце практычных мер, накіраваных на абарону законных правоў і інтарэсаў дзяцей.
Раённы план дадатковых мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджванні і пераадоленні п’янства і алкагалізму ўключае шмат іншых канкрэтных напрамкаў работы. У іх выніковасці многае залежыць ад комплекснага падыходу ўсіх, хто ажыццяўляе прафілактыку п’янства і алкагалізму, да гэтай праблемы. Важная задача — больш актыўна выкарыстоў-ваць матэрыяльныя і працоўныя рэсурсы раёна, патэнцыял працоўных калектываў. Супраць п’янства — усёй грамадой!