З 11 чэрвеня стартаваў раённы этап рэспубліканскага сямейнага праекта “Уладар вёскі-2020” – у онлайн-фармаце.
Удзельнікам да 24 чэрвеня трэба прадаставіць у РК ГА “БРСМ” відэаролік пра сваю сям’ю і эсэ на тэму “Мая сям’я самая лепшая”. Пераможцам прапануецца ўдзел у абласным адборы праекта, які можа праводзіцца як у традыцыйнай форме, так і ў онлайн-фармаце.
Вынікі абласных этапаў “Уладара вёскі” будуць падведзены да 1 ліпеня, фінал прызначаны на 10-11 ліпеня і пройдзе ў а/г Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.
Нагадваем, што арганізатарамі выступаюць грамадскія аб’яднанні “БРСМ”, “Беларускі саюз жанчын”, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства па сельскай гаспадарцы і харчаванні Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы ААТ “Белаграпрамбанк”.
Конкурс “Уладар вёскі” стартаваў у Глубоцкім раёне ў 2007 годзе. У 2008 годзе маладзёжную ініцыятыву падтрымалі на рэспубліканскім узроўні: конкурс пачаў праводзіцца ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны і набыў статус рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта, галоўная мэта якога – садзейнічанне замацаванню маладых сем’яў на вёсцы, умацаванне інстытута сям’і, развіццё гістарычных, культурных і сямейных каштоўнасцей, традыцый беларускай вёскі, папулярызацыя сярод вясковай моладзі здаровага ладу жыцця. У межах праекта сем’і-ўдзельнікі змагаюцца за перамогу ў творчых і сельскагаспадарчых конкурсах.
Летась сям’я Васіля і Кацярыны Фядотавых з а/г Барчыцы нашага раёна стала пераможцам рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар вёскі-2019”.
Даведкі – па тэлефоне 70-3-12 (РК ГА “БРСМ”).