Стала ўжо добрай традыцыяй у межах правядзення Дня жывёлавода ўшаноўваць лепшыя калектывы і асобных работнікаў жывёлагадоўчай галіны раёна, адрасаваць людзям словы падзякі за добрасумленную працу, уручаць Падзячныя пісьмы, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.
Аператары машыннага даення Алена Дзікарэвіч і Ірына Міхалап з МТФ «Стаўпішчы» ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» атрымалі Падзячныя пісьмы, грашовыя прэміі і салодкі падарунак за дасягненне высокіх паказчыкаў па надоях малака.
У Днях жывёлавода прымаюць удзел прадстаўнікі райвыканкама, райсельгасхарчу, кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых арганізацый раёна. У ходзе сустрэч вяскоўцаў інфармуюць аб сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці, раёна, таксама падрабязна абмяркоўваюцца мерапрыемствы, якія дазваляюць павялічыць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі.
На чарговым Дні жывёлавода прысутнічалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Гаўрылава, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, кіраўнікі гаспадарак, у якіх праходзіла ўшанаванне лепшых калектываў і работнікаў ферм і комплексаў.
З жывёлаводамі ішла гаворка аб тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліне, якія, як адзначалі выступаючыя, садзейнічаюць паспяховай рабоце калектываў, дазваляюць наладзіць бесперабойную работу вытворчых працэсаў, і ў выніку, атрымліваць гаспадаркам дадатковыя сродкі ад рэалізацыі якаснага малака і мяса.
У сваю чаргу, кіраўніцтва сельгасарганізацый імкнецца зрабіць больш эфектыўнай працу жывёлаводаў. З гэтай мэтай набываецца новая высокапрадукцыйная тэхніка, рэканструіруюцца памяшканні, паляпшаюцца бытавыя ўмовы.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Гаўрылава і намеснік дарэктара ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” па ідэалагічнай рабоце Наталля Шапавалава падчас зацікаўленай размовы з працаўнікамі МТФ “Стаўпішчы”
Падчас сустрэч з работнікамі ферм Ларыса Гаўрылава ў сваіх выступленнях надала асаблівую ўвагу пытанням прафілактыкі COVID-19, падрабязна расказала аб магчымасцях для ўсіх жадаючых прайсці вакцынацыю ад гэтай інфекцыі. Напярэдадні летніх канікулаў вялася гаворка пра бяспеку дзяцей у іх вольны час, а таксама грамадзяне даведаліся пра ўмовы, створаныя ў нашым раёне для аздараўлення рабят. Абмеркавалі і надзённую, у тым ліку і для нашай краіны, тэму кібербяспекі.
Віктар Ставер асвятліў эканамічную сітуацыю ў гаспадарках раёна ў цэлым, а таксама агучыў вынікі працы кожнай з ферм-пераможцаў спаборніцтва. Ён адзначыў, што за ўсімі дасягненнямі стаіць штодзённая і карпатлівая праца жывёлаводаў, а прафсаюзы высока цэняць працаўнікоў ферм за адданасць сваёй справе, іх жаданне дасягаць высокіх вынікаў.
Намеснік дырэктара “Рассвета” па жывёлагадоўлі Іна Бяляўская расказала аб прадпрымаемых захадах па павелічэнні вытворчасці малака, паляпшэнні яго якасці.
Былі ўшанаваны сярод калектываў малочна-таварных ферм, якія ажыццяўляюць даенне кароў у малакаправод, пераможцы спаборніцтва – працаўнікі МТФ «Стаўпішчы» ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага», сярод МТФ і комплексаў, абсталяваных даільнымі заламі – МТК «Барсукі» КСУП «Ніва-Барсукі».
Сярод калектываў жывёлагадоўчых ферм па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы (ад 0 да 3 месяцаў) лепшай стала ферма «Дваранінавічы» КСУП «Чырвоны баец».
Лепшымі аператарамі машыннага даення, якія ажыццяўляюць даенне кароў у малакаправод, сталі Алена Дзікарэвіч і Ірына Міхалап з МТФ «Стаўпішчы» ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага», у даільнай зале – Надзея Свірко і Таццяна Якаўлева з МТК «Барсукі» КСУП «Ніва-Барсукі».
Найвышэйшых вынікаў сярод аператараў па дарошчванні БРЖ (ад 0 да 3 месяцаў) дасягнулі Ганна Вяроўкіна і Алена Цяніцкая з фермы «Дваранінавічы» КСУП «Чырвоны баец»; ад 3 да 6 месяцаў – Алена Акуліч, Віталь Сяргейчык, Вячаслаў Сяргейчык і Святлана Гамершмідт з фермы «Цяса» ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага»; ад 6 да 12 месяцаў – Галіна Хамянкова з фермы «Харлапавічы» ААТ «Дабаснянскае».
Усім пераможцам раённага спаборніцтва былі ўручаны падзячныя пісьмы, грашовыя прэміі і салодкасці для чаяпіцця.
Падрыхтавала Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.