25 лютага, Кіраўск /Соб. інф./. Традыцыйны раённы конкурс педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2009” яшчэ раз пераканаў усіх, хто на ім прысутнічаў, што праца педагога не толькі ганаровая, але і складаная, карпатлівая, якая патрабуе любові да дзяцей і сваёй прафесіі, цярпімасці, камунікабельнасці, умення творча мысліць, пастаяннага імкнення да самаўдасканалення, таленту, многіх іншых якасцей. Усё гэта ярка прадэманстравалі ўдзельнікі конкурсу.
Першая частка конкурсу прайшла на базе раённага Цэнтра пазашкольнай работы і ўключала ў сябе адразу некалькі этапаў. Настаўнікі прадаставілі партфоліа, у якіх сабралі лепшыя напрацоўкі ўласнай педагагічнай дзейнасці, і ўсе пры падрыхтоўцы праявілі максімум старання і ўменняў. Журы даволі цяжка было вызначыць лепшыя работы, як, да слова, не менш цяжка было і пры ацэнцы іншых конкурсаў.
Тэсціраванне на веданне нарматыўных дакументаў, якімі педагогі карыстаюцца ў рабоце, паказала, што з большасцю пытанняў канкурсанты справіліся.
Цікавым выдаўся конкурс самапрадстаўленняў. Кожная ўдзельніца падышла да яго творча, пераконваючы па ходу журы і прысутных у тым, што яна не выпадкова трапіла на конкурс. Многія расказвалі аб сабе і сваіх педагагічных і жыццёвых прынцыпах у вершах, хтосьці прадэманстраваў свае вакальныя здольнасці. Сярод удзельніц былі лаўрэаты разнастайных конкурсаў. У ліку дасягненняў многіх і тое, што іх вучні з’яўляліся пераможцамі і прызёрамі прадметных алімпіяд і творчых конкурсаў.
Затым педагогі абаранялі ўласныя адукацыйныя праекты, якія вылучаліся сваімі актуальнасцю, арыгінальнасцю, навізной, яркасцю і ўпэўненасцю меркаванняў.
Другая частка конкурсу прайшла праз дзень на базе СШ № 1. Яна ўключала ў сябе самы складаны этап — правядзенне адкрытага ўрока ў незнаёмым класе, а таксама самааналіз гэтага ўрока. Усе ўрокі былі вельмі цікавымі і запамінальнымі, у першую чаргу, для вучняў, з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій, нестандартных форм і метадаў.
У агульным марафоне, набраўшы найбольшую колькасць балаў, перамогу святкавала самая вопытная з удзельніц Л.Ф. Будніцкая з Баравіцы. Другое месца дасталося прадстаўніцы Мышкавіцкай СШ А.В. Эзрынай і трэцюю суму балаў набрала Н.М.Юхноўская з Паўлавіч. Але выдатных слоў заслугоўваюць, безумоўна, усе канкурсанткі, якія правялі значную работу пры падрыхтоўцы да конкурсу і перажылі шмат хвалюючых хвілін падчас яго. Варта адзначыць і самую маладую з удзельніц Н.У. Каранкевіч, якая, нягледзячы на тое, што працуе ў школе толькі першы год, дастойна змагалася з больш вопытнымі калегамі.
Усе канкурсанткі былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі райвыканкама і каштоўнымі падарункамі, якія ўручыў начальнік аддзела А.Л. Абросімаў. Ну а Л.Ф. Будніцкай застаецца пажадаць удачы на абласным конкурсе, які пройдзе ў сакавіку на базе Магілёўскага дзяржаўнага інстытута развіцця адукацыі, дзе Ларыса Фёдараўна будзе абараняць гонар нашага раёна.