2 лютага, Кіраўск /Уласн. інф./. Два апошнія дні студзеня сталіся трагічнымі для двух удзельнікаў дарожнага руху. Абодва дарожна-транспартныя здарэнні адбыліся ў цёмны час сутак. 30 студзеня жыхар Бабруйскага раёна, рухаючыся ў 22.45 на аўтамашыне “Судзукі Свіфт” па вул. Арлоўскага ў Мышкавічах, наехаў на пешахода, які ляжаў на праезнай частцы. Вадзіцель з месца здарэння ўцёк, але ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў раніцай наступнага дня быў знойдзены. Выявілася таксама, што ён не меў права кіравання аўтамабілем. Па факту ўзбуджана крымінальная справа, праводзіцца праверка.
Другое здарэнне адбылося 31 студзеня ў 19.15. Вадзіцель аўтамабіля ВАЗ-21081, рухаючыся ў бок Кіраўска па трасе Магілёў — Бабруйск, адцягнуў сваю ўвагу ад кіравання транспартным сродкам і на 92-м кіламетры сутыкнуўся з аўтобусам аўтапарка-14, які выконваў рэйс Скачок — Кіраўск. У выніку легкавы аўтамабіль з’ехаў у правы па ходу руху кювет, дзе перакуліўся. Атрыманыя вадзіцелем траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём…
Яшчэ раз нагадваем вадзіцелям аб неабходнасці захоўвання асцярожнасці пры руху ў цёмны час сутак. Трэба абавязкова ўлічваць стан праезнай часткі і пагодныя ўмовы, выбіраць бяспечную хуткасць, захоўваць дыстанцыю і інтэрвал. Асаблівая ўвага патрэбна пры праездзе пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту. Пераканаўчая просьба да пешаходаў не выходзіць у цёмны час сутак, асабліва ва ўмовах выпадзення ападкаў, на праезную частку дарогі без святловяртаючых элементаў.