Якраз напярэдадні раённага свята стала вядома прыемная навіна: вучаніцы 10-га класа СШ №2 імя К.П.Арлоўскага Аліна Пацягова і Лізавета Пялава ўвайшлі ў лік пераможцаў рэспубліканскага маладзежнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Арганізатарам яго з’яўляецца грамадскае аб’яднанне «БРСМ». Праект дзяўчынак “Экалагічная карта” стаў лепшым у намінацыі “Рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў”. Кіраўніком праекта была намеснік дырэктара школы А.М.Каранкевіч.
Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу адбылася ў аўторак у Мінску.
У 9-м сезоне конкурсу прынялі ўдзел больш за 500 школьнікаў і студэнтаў, а таксама маладыя вучоныя ва ўзросце да 35 гадоў. У ліку іх ідэй – каля 100 аўтарскіх распрацовак у галіне медыцыны, энергетыкі, аграпрамысловага сектара, інфармацыйных і авіякасмічных тэхналогій. Дарэчы, гранд-фіналу папярэднічала 47 адборачных тураў.
На апошнім этапе ўдзельнікі прадстаўлялі свае распрацоўкі экспертнаму савету, у які ўвайшлі прадпрымальнікі, навукоўцы і пераможцы мінулых гадоў. У кожнага фіналіста было ўсяго 5 мінут на тое, каб даказаць: яго праект – лепшы.
Фінал праходзіў пад эгідай экалагічнай тэматыкі. Удзельнікам для прэзентацыі праектаў выдалі экасумку з наборам прадметаў першай неабходнасці: гэта ручкі, флэшкі, нататнікі. Галоўнае, усё з дрэва. Такімі ж былі дыпломы і статуэткі.