Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Іванавіч Куцілкін адзначыў шаноўны юбілей – 95годдзе з дня нараджэння.Да Рыгора Іванавіча, які зараз знаходзіцца на лячэнні ў райбальніцы, з віншаваннямі, падарункамі і кветкамі завіталі кіраўнік раёна Міхаіл Гулы і старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава. Яны пажадалі ветэрану здароўя, сямейнай цеплыні і клопату і яшчэ не аднойчы ў жыцці сустрэць Дзень Перамогі.
У размове з гасцямі Рыгор Іванавіч нагадаў некалькі найбольш памятных момантаў свайго ваеннага шляху, распавёў аб няпростых пасляваенных гадах аднаўлення разбуранай ворагам народнай гаспадаркі. Падзяліўся Рыгор Іванавіч і ўспамінамі пра тыя пачуцці, якія былі ў яго і саслужыўцаў у доўгачаканы для абаронцаў Айчыны і ўсяго савецкага народа дзень – 9 мая 1945 года. Па словах юбіляра, свята Вялікай Перамогі застаецца для яго самым значным і дарагім.Калі пачалася вайна, Рыгору Куцілкіну было 16 гадоў. У канцы снежня 1942 года ён разам з аднакласнікамі быў прызваны на фронт: юнакоў накіравалі ў дэсантныя войскі, а дзяўчат – у зенітныя. Большая частка з іх загінула ў першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны.Курс маладога байца Рыгор прайшоў за некалькі дзён і ў саставе 20й паветранадэсантнай брыгады змагаўся з ворагам на Карэльскім перашыйку, вызваляў гарады і мястэчкі на тэрыторыі Польшчы. Быў паранены, пралячыўся ў шпіталі – і зноў на фронт.Нямала за гады ваеннага ліхалецця давялося перажыць Рыгору Іванавічу. Але ён заўсёды бясстрашна, з мужнасцю і адвагай змагаўся з ворагам.Пасля вайны Р.І.Куцілкін паступіў і ў 1949 годзе закончыў Казанскае ваеннае авіяцыйнае тэхнічнае вучылішча. Службу праходзіў у авіяцыйным палку ў г.Бабруйску. Калі быў утвораны Кіраўскі раён, у райкаме партыі яму прапанавалі пасаду начальніка раёна электрасетак, і Рыгор Іванавіч даў згоду. Гэтай справе ён прысвяціў 26 гадоў жыцця. Для яго, расіяніна, Кіраўшчына стала другой Радзімай.Разам з жонкай яны выхавалі двух дзяцей. Радуецца Рыгор Іванавіч унукам і праўнукам.
Увесь жыццёвы і працоўны шлях Р.І.Куцілкіна – прыклад патрыятызму, адданасці Радзіме, адказнасці за даручаную справу.