С 01.11.2024 по 29.11.2024 в Могилевской области проводится месячник безопасного труда на объектах жилищно-коммунального хозяйства Могилевской области | С 01.10.2024 по 31.10.2024 в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда на строительных площадках области

Дыялогавая пляцоўка па пытаннях развіцця дзяржавы

Вы здесь

Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі працуюць дыскусійныя пляцоўкі, асноўная мэта якіх – абмеркаванне перспектыў развіцця краіны і рэгіёнаў, выпрацоўка прапаноў для ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а таксама іншыя заканадаўчыя акты для далейшага дынамічнага развіцця дзяржавы і грамадства, павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага, эканамічнага, сацыяльна-культурнага будаўніцтва ў інтарэсах грамадзян.

Такая дыялогавая пляцоўка была арганізавана і ў Кіраўску. Яна адбылася 15 кастрычніка ў актавай зале Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі ў межах пашыранага пасяджэння каардынацыйнага Савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый раёна. Абмяняцца меркаваннямі, выказаць думкі і прапановы прыйшлі ў тым ліку прадстаўнікі малога бізнесу, працоўных калектываў, прафсаюзаў, мясцовай улады і дэпутаты. Удзел у рабоце пляцоўкі прынялі старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы і старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава.
Галіна Слабоднікава, задаючы тон рабоце дыскусійнай пляцоўкі, адзначыла, што дыялог – аснова любога развіцця, наладжвацца ён павінен у межах прававога поля. Удзельнікам сустрэчы прадастаўлена выдатная магчымасць выказацца і быць пачутымі.
Работа прайшла па прынцыпе панельных дыскусій. Было прапанавана працаваць па некалькіх тэматычных блоках: эканоміка – інфраструктура, бізнес, рэгіянальныя праекты; сацыяльная галіна – ахова здароўя, адукацыя, спорт, культура, экалогія; дзяржаўная маладзёжная палітыка.

Увага – развіццю бізнес-асяроддзя
Мадэратар дыскусіі эканамічнага блоку галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Марыя Дземідовіч падкрэсліла, што адзін з перспектыўных накірункаў развіцця нашага раёна – развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
Уладальнікі прыватнага бізнесу зай­маюцца ў асноўным рознічным гандлем, а таксама грузаперавозкамі і дрэваапрацоўкай. Ажыццяўляюць дзейнасць 317 індывідуальных прадпрымальнікаў, 86 малых і сярэдніх прадпрыемстваў, 20 сялянска-фермерскіх гаспадарак, 8 аграэкасядзіб.
Актыўна развіваецца рамесная дзейнасць – зарэгістравана 130 рамеснікаў.
Дзяржавай аказваецца фінансавая падтрымка тым, хто жадае займацца прадпрымальніцтвам, рамяством, аграэкатурызмам. Летась аднаразовая субсідыя выдадзена 7 грамадзянам, за 9 месяцаў бягучага года яе атрымалі 10 жыхароў раёна.
Звяртаючыся да прысутных, спецыяліст прапанавала агучыць, якія прычыны і фактары стрымліваюць развіццё бізнес-асяроддзя ў раёне.
У дыскусію ўключыліся прадстаўнікі малога бізнесу. Напрыклад, кіраўнік СФГ “Красніца”, якое займаецца раслінаводствам, Пётр Лазаковіч адзначыў, што асноўная праблема ў яго рабоце – пагодныя ўмовы, пад якія трэба падлажвацца. Рэгістрацыя, афармленне дакументаў, падаткавая сістэма, пошук рынкаў збыту – работа па гэтых накірунках наладжана ў дзяржаве і раёне на высокім узроўні.
Слова ўзяў Анатоль Сцепановіч, які год таму аформіўся індывідуальным прадпрымальнікам. Ён расказаў аб асноўных цяжкасцях, якія ўзніклі ў яго на старце. Сярод іх – недасканалая сістэма банкаўскага крэдытавання: для стартавага капіталу патрэбны сродкі, каб узяць крэдыт у банку, трэба прайсці праз шматлікія доўгатэрміновыя працэдуры афармлення дакументаў, і ў выніку – у крэдыце могуць адказаць. Мужчына выказаў прапанову спрасціць працэдуры крэдытавання для пачынаючых прадпрымальнікаў, увесці адтэрміноўкі па крэдытах. Таксама ў раёне адсутнічае так званы інкубатар для развіцця малога бізнесу – установы, дзе можна павучыцца весці бізнес, падзяліцца вопытам, атрымаць дзейсныя парады.
Індывідуальны прадпрымальнік з 20-гадовым стажам Сяргей Барадуленка адзначыў, што, зыходзячы з асабістага вопыту, дынаміка развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці каласальная. З таго моманту, як ён пачынаў гандлёвую дзейнасць, зараз многае змянілася ў лепшы бок. Аднак, ячшэ ёсць моманты, якія трэба ўдасканаліць. На яго думку, прыйшоў час аб’ектам, якія гандлююць прадуктамі, адмовіцца ад абавязковага асартыментнага пераліку, які стрымлівае развіццё канкурэнтаздольнага асяроддзя ў гэтай галіне.
Усе сышліся на думцы, што варта развіваць дзейнасць невялікіх прадпрыемстваў прыватнага бізнесу.

Эфектыўна выкарыстоўваць шосты школьны дзень
Падчас дыскусіі ў межах другога блоку дыялогавай пляцоўкі мадэратарам дырэктарам СШ №2 імя К.П.Арлоўскага Галінай Русецкай было прапанавана пачаць дыялог аб унясенні змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №2 імя К.П.Арлоўскага Таццяна Коршак адзначыла, што неабходна паменшыць колькасць вучняў у 5-11 класах – з мэтай большай даступнасці адукацыі для дзяцей.
Намеснік дырэктара па навучальнай рабоце СШ №1 Лілія Царанок пад­крэсліла, што ў вучняў сярэдняга звяна – 7-8 класаў – вельмі вялікая вучэбная нагрузка, кожны дзень у іх па 7-8 асноўных урокаў, не ўлічваючы факультатыўныя заняткі. Яна ўнесла прапанову, каб у шосты школьны дзень дазволілі праводзіць факультатывы ва ўсіх класах, гэта будзе больш эфектыўна.
Загадчык ясляў-сада №4 Таццяна Арцюхова прапанавала ўнесці дапаўненні ў п.2 арт.159 Кодэкса аб адукацыі “Агульныя патрабаванні да прыёму асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі”. Сутнасць у тым, што, калі бацькі не жадаюць аддаваць дзіцяці, якому споўнілася 6 год, у школу, ім трэба мець афіцыйнае абгрунтаванне для гэтага. І, наадварот, калі дзіцяці яшчэ няма 6 год, для яго паступлення ў 1 клас варта мець заключэнне, што ён гатовы засвойваць адукацыйную праграму.
Гарачая дыскусія атрымалася па пытанні правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. Малады спецыяліст, які сёлета прыехаў у наш раён праца­ваць у райбальніцу медбратам, Мікіта Салановіч, адзначыў, што, на яго погляд, эфектыўней, калі ў лік студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў будуць залічаць не толькі на падставе рэзультатаў ЦТ, але і ўступных экзаменаў, субяседванняў. Тады ў маладых людзей з’явіцца магчымасць на справе даказаць экзаменатарам, што яны хочуць і могуць вучыцца жаданай прафесіі, а тэсціраванне – гэта сухія лічбы, за якімі не бачна асобы.

Удзельнічаць у выбарах – з 21 года
Мадэратарам работы трэцяга блоку панельнай дыскусіі – маладзёжнай палітыкі – выступіла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікторыя Бяляўская. Яна давяла да ведама прысутных, што ў раёне пражывае 2900 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года. Сёлета да нас прыехала 63 маладых спецыялісты, якія размеркаваны працаваць у розныя галіны народнагаспадарчага комплексу.

Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што востра стаіць пытанне з жыллём для маладых спецыялістаў, а таксама прапанавалі разгледзець магчымасць павелічэння колькасці рэзервных месцаў для службы ў арміі. Атрымліваецца, што ў многіх галінах маладых спецыялістаў чакаюць з нецярпеннем, а ім трэба ісці ў армію амаль праз некалькі месяцаў пасля працаўладкавання. А пасля службы ўжо мала хто вяртаецца працаваць на месца размеркавання.
Было прапанавана павялічыць узрост грамадзян, якія атрымліваюць права прымаць удзел у выбарах – з 18 да 21 года. Таксама з гэтага ж узросту дазволіць маладым людзям набываць алкагольныя і тытунёвыя вырабы.
Падчас дыскусійнай пляцоўкі абмяркоўваліся пытанні аб тэрмінах паўнамоцтваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзейнасці мясцовага кіравання і самакіравання.
Па выніках работы дыялогавай пляцоўкі
Падводзячы вынікі работы, Міхаіл Гулы адзначыў, што ў будучым ства­рэнне такіх дыялогавых пляцовак з
удзелам розных катэгорый грамадзян можа стаць дзейсным спосабам для абмеркавання хвалюючых, набалелых пытанняў. Удзельнікі адкрытага дыялогу не столькі ўносілі канкрэтныя прапановы па рэформе Канстытуцыі, колькі дзяліліся праблемамі ў галінах жыцця­дзейнасці, у якіх працуюць, і выказвалі свае меркаванні па іх вырашэнні. Міхаіл Уладзіміравіч падзякаваў грамадзянам за актыўнасць і неабыякавасць.
Галіна Слабоднікава давяла да ведама, што выказаныя падчас дыскусіі прапановы, якія знайшлі найбольшую падтрымку з боку грамадскасці, будуць апрацаваны і накіраваны для разгляду на абласным узроўні, пасля чаго плануецца выпрацоўка канчатковых прапаноў ад нашага рэгіёна па ўнясенні тых ці іншых змяненняў у заканадаўства краіны.
Яўгенія БЯЛЬКО. Фота аўтара.

Кожны жадаючы можа прыняць удзел у абмеркаванні магчымых змяненняў у Асноўны закон дзяржавы і накіраваць свае прапановы ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама на электронную пошту: info_kirovsk@mail.ru

 

Новостная рубрика: