Час дабрыні, цудаў і падарункаў у Кіраўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі
Традыцыйна ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская і начальнік аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Траццякова з падарункамі і салодкасцямі наведалі выхаванцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Гасцей навагодняга ранішніка і рабят сустрэлі Дзед Мароз і Снягурачка і запрасілі іх у падарожжа па казачным лесе. Карагоды каля прыгажуні-ёлкі, песні і вершы стварылі атмасферу свята і цудаў. Усе разам прагналі з чароўнага лесу Кікімару, якая хацела сапсаваць урачыстасць, і пры дапамозе добрых слоў і чароўнага посаха Дзеда Мароза запалілі рознакаляровымі агеньчыкамі ёлку.
А затым настаў самы прыемны час на ўсіх ранішніках – уручэнне падарункаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі парадаваліся салодкім наборам і новым цацкам, развіваючым гульням. Міхаіл Гулы ад імя райвыканкама ўручыў дырэктару ЦКРНіР Алене Каранкевіч сертыфікат на набыццё камп’ютарнай тэхнікі.
Развітваючыся з калектывам цэнтра, кіраўнік раёна адзначыў, што ў навагоднія і калядныя святы дарослыя, як і дзеці, вераць у цуды. Міхаіл Уладзіміравіч пажадаў, каб усе жаданні ў дзетак, іх бацькоў і выхавальнікаў абавязкова споўніліся, а таксама моцнага здароўя і добрага настрою. Асаблівыя пажаданні здароўя і бадзёрасці духу ён адрасаваў мамам выхаванцаў цэнтра, пакрэсліўшы, што нічога на свеце няма мацнейшага за матуліну любоў.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.