У Мышкавічах адбылася сустрэча з насельніцтвам
У сельскіх населеных пунктах раёна працягваецца правядзенне сустрэч з насельніцтвам прадстаўнікоў мясцовай улады, дэпутатаў, кіраўнікоў арганізацый і служб, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва. Як паказвае практыка, такая форма работы, з’яўляецца эфектыўнай, дазваляе праінфармаваць, чым жыве раён, а таксама даведацца аб хвалюючых вяскоўцаў пытаннях, дапамагчы аператыўна іх вырашыць.
Нядаўна такая сустрэча адбылася з жыхарамі аг.Мышкавічы ў мясцовым сельскім Доме культуры. Удзел у ёй прынялі старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гацко, прадстаўнікі зацікаўленых устаноў, арганізацый і служб.
Адной з падстаў сустрэчы стаў калектыўны зварот жыхароў Мышкавіч, адрасаваны дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Гацко, наконт магчымага адкрыцця ў іх аграгарадку аб’екта гандлю сеткі магазінаў “Евроопт”. Па словах адной з заяўніц Клаўдзіі Акуліч, гэты зварот сяльчане аргументуюць жаданнем выбіраць прадукты па розных кошце і якасці, удзельнічаць у рэкламных гульнях і акцыях, прапануемых гэтай гандлёвай сеткай, карыстацца скідкамі на тавары.
Уладзімір Гацко адзначыў, што стараецца актыўна рэагаваць на пытанні, з якімі грамадзяне да яго звяртаюцца. Ён паведаміў, што падчас запланаванай сустрэчы з дырэкцыяй сеткі магазінаў “Евроопт” агучыць жаданне і меркаванні жыхароў Мышкавіч. Аб выніках гутаркі сяльчане будуць праінфармаваны.
Міхаіл Гулы падзякаваў вяскоўцам за ініцыятыву і выказаў сваё меркаванне наконт абслугоўвання Кіраўскім райспажыўтаварыствам, аб’екты якога займаюць большую частку гандлёвай сеткі раёна, у тым ліку і на тэрыторыі аг.Мышкавічы. Ён падкрэсліў, што, зыходзячы з уласнага вопыту, лічыць магазіны райспажыўтаварыства аднымі з лепшых не толькі ў раёне, але і на абласным узроўні: шырокі асартымент і высокая якасць тавараў, ветлівае абслугоўванне. Аднак ніводны зварот грамадзян да прадстаўнікоў улады не павінен заставацца не разгледжаным. Пакуль пытанне наконт магчымасці адкрыць у аграгарадку магазін “Евроопт” будзе разгледжвацца, Міхаіл Уладзіміравіч прапанаваў сяльчанам у якасці альтэрнатывы паспрабаваць карыстацца паслугамі “Е-доставки” – онлайн-гіпермаркета гандлёвай сеткі “Евроопт”.
Падчас сустрэчы ад грамадзян гучалі пытанні наконт работы аўтамагазінаў райспажыўтаварыства. Старшыня праўлення Святлана Сарока давяла да ведама, што ў раёне дзейнічае 4 аўтамагазіны, усе абсталяваны плацёжнымі тэрміналамі, камп’ютарнай сістэмай, што паляпшае якасць абслугоўвання пакупнікоў.
Міхаіл Гулы даў даручэнне Святлане Сарока правесці маніторынг работы аўталавак на тэрыторыі Мышкавіцкага сельсавета, па яго выніках ухіліць выяўленыя парушэнні.
Жыхароў аграгарадка цікавілі пытанні далейшага добраўпарадкавання вуліц, дарог у іх населеным пункце. Міхаіл Гулы паведаміў, што сёлета ў Мышкавічах запланавана правесці раённае свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2021”, у межах падрыхтоўкі да яго некаторыя з гэтых работ будуць выкананы.
Частка з агучаных падчас сустрэчы праблемных для сяльчан пытанняў узятыя на кантроль, заяўнікі будуць праінфармаваны аб іх разглядзе.
Напрыканцы сяльчане звярнуліся да кіраўніцтва раёна, дэпутатаў з падзякай за тое, што сустрэчы з насельніцтвам праводзяцца на пастаяннай аснове, жыхароў сельскіх населеных пунктаў не пакідаюць адзін на адзін з праблемнымі пытаннямі і стараюцца аператыўна рэагаваць на звароты.
Яўгенія БЯЛЬКО.