Актыўна праводзіць сустрэчы з насельніцтвам удзельнік VI Усебеларускага народнага сходу, дырэктар КСУП “Ніва-Барсукі” Іван Рыняк. Падчас справаздачнага сходу, які нядаўна прайшоў у сельгаспрадпрыемстве, Іван Уладзіміравіч праінфармаваў аб рабоце форуму, адзначыў яго маштабнасць, падзяліўся ўражаннямі аб важнай грамадска-палітычнай падзеі ў нашай краіне.
– Усё тое, аб чым гаварыў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, – адзначыў Іван Рыняк, – а таксама ўдзельнікі УНС, – зразумелае і блізкае кожнаму. Мы павінны ганарыцца тым, што ствараем, павінны захаваць гэта, прымножыць і перадаць дзецям, унукам і будучым пакаленням. У сваім дакладзе Прэзідэнт падкрэсліў, што за гады незалежнасці Беларусі ўдалося пабудаваць сістэму, у аснове якой – непахіснасць суверэнітэту краіны. А суверэннасць грунтуецца на традыцыях, патрыятызме, імкненні да міру і стабільнасці ў грамадстве.
Іван Рыняк расказаў, што на форуме былі абазначаны асноўныя накірункі развіцця беларускай эканомікі на бліжэйшую пяцігодку. Сярод іх: імпартазамяшчэнне, інавацыі, развіццё ўжо створаных паспяховых вытворчасцей, аграрнага сектара. Эканоміка Беларусі па-ранейшаму сацыяльна арыентаваная, у прыярытэце – дзяржаўная падтрымка сем’яў з дзецьмі. Яшчэ адзін курс развіцця – моцныя рэгіёны. Плануецца развіваць раённыя цэнтры, іх вытворчую базу на аснове мясцовай сыравіны.