Сёння жыхар в.Вілы Кіраўскага раёна ветэран Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Фёдаравіч Баранчук адзначае свой 95-ы дзень нараджэння. З гэтай нагоды з віншаваннямі, добрымі пажаданнямі і падарункамі да яго завіталі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Лянкевіч.
Канстанцін Баранчук быў прызваны ў дзеючую армію ў 1944 годзе. У саставе воінаў 2-га Беларускага фронту вызваляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Беларусь, Польшчу, Усходнюю Прусію, удзельнічаў у баях за Кёнігсберг.
У пераможным 1945-м вярнуўся на сваю малую радзіму, у в.Вілы. Захапіўся стваральнай мірнай працай. Выхаваў разам з жонкай дваіх дзяцей, радуюць яго двое ўнукаў і двое праўнукаў. Зараз Канстанцін Фёдаравіч жыве ў дачкі ў г.Бабруйску, а ў цёплы час года завітвае ў родную вёску.
Звяртаючыся да ветэрана вайны, Таццяна Бяляўская засяродзіла ўвагу на тым, што перакрочыць 95-гадовую мяжу жыцця – ганарова, тым больш, маючы за плячыма такі значны жыццёвы вопыт, загартоўку цяжкімі ваеннымі дарогамі, а затым – перыядам аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі. Канстанціну Фёдаравічу ёсць што ўспомніць, ёсць чым ганарыцца, ёсць што перадаваць маладому пакаленню ў спадчыну.
Ад імя райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў ганаровыя госці павіншавалі віноўніка ўрачыстасці з юбілеем і надыходзячым святам – Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, падарылі яму кветкі, падарункі і пажадалі здароўя і даўгалецця.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.