Кожную раніцу амаль на працягу тыдня аграрыі Кіраўшчыны з надзеяй глядзяць на неба, чакаюць заканчэння дажджу і надыходу цёплых сонечных дзён, каб актывізаваць веснавыя палявыя работы.
Першымі ў раёне да сяўбы цукровых буракоў прыступілі механізатары КСУП “Ніва-Барсукі”. Пакуль дазваляла
надвор’е, і палі не ператварыліся ў залітыя вадой азёры, ніваўцы паспелі пасеяць цукровыя буракі больш чым на 85 га. Агульная ж плошча пад салодкія карані складзе каля 185 га.
Сяргей Гушчын задзейнічаны на сяўбе цукровых буракоў
Як адзначыў дырэктар КСУП “Ніва-Барсукі” Іван Рыняк, важнай умовай для паспяховага вырошчвання цукровых буракоў з’яўляецца своечасовая і якасная падрыхтоўка плошчаў, унясенне угнаенняў, падкормка і хімапрацоўка раслін. У гаспадарцы аб гэтым паклапаціліся своечасова. Яшчэ з восені ўчасткі, дзе планавалася размясціць цукровыя буракі, апрацавалі гліфасатамі, унеслі калійныя і фосфарныя угнаенні, узаралі. Вясной падкармілі землі азотам, закрылі вільгаць і правялі перадпасяўную апрацоўку. Асаблівую увагу надалі выбару якаснага і высокаўраджайнага насення.
Цукровыя буракі – культура капрызная ў вырошчванні і патрабуе строгага захавання тэхналогіі апрацоўкі. Таму работы даверылі адным з самых вопытных і адказных механізатараў. На сяўбе салодкіх каранёў задзейнічаны Сяргей Гушчын, якасна падрыхтоўвае глебу Юрый Сямёнаў. Карысныя рэчывы ў выглядзе азотных угнаенняў старанна ўносіць Аляксандр Петранкоў, дагэтуль калійныя – Міхаіл Рымараў. Своечасова правялі закрыццё вільгаці Мікалай Таранаў і Аляксей Сямёнаў.
Спрыяюць паспяховаму правядзенню сяўбы наяўнасць сучаснай энерганасычанай тэхнікі і створаны загадзя запас насення і паліва.
Людміла СЯМЁНАВА.
На верхнім здымку: якасна праводзіць перадпасяўную апрацоўку глебы Юрый Сямёнаў.