Здаўна ў славян, ды і ў іншых народаў, быў распаўсюджаны добры звычай: агульную аб’ёмную і карысную для ўсіх справу рабіць гуртам ці, як яшчэ кажуць, – талакой. У талацэ людзі працавалі добраахвотна і бясплатна, як кажуць, з душой, – ад сваёй працы атрымлівалі агульную карысць і станавіліся больш з’яднанымі.
Такі вось метад талакі прымянілі нядаўна жыхары аграгарадка Паўлавічы, а, дакладней, вуліцы Новай. Калі браць увесь населены пункт, то гэтая вуліца – адна з самых “маладых” і адпавядае сваёй назве. А ўсе 16 дамоў на ёй былі ў свой час пабудаваны ў межах ажыццяўлення прэзідэнцкай прагра-
мы развіцця аграгарадкоў. Практычна ўсімі колішнімі навасёламі – хто годам-двума раней, хто пазней, як няцяжка можна здагадацца, сталі работнікі КСУП “Чырвоны баец”.
Сама па сабе вуліца – прыгожая і шырокая – адразу 2 дарогі на ёй. А вось у цэнтры паміж імі неяк пуста было – адна роўная і доўгая травяная дарожка. І ўзнікла жаданне ў мясцовых жыхароў азеляніць сваю вуліцу, пасадзіць на ёй дрэвы, якія з цягам часу нададуць утульнасці.
Арганізатарам у гэтай добрай і карыснай справе выступіў галоўны эканаміст “Чырвонага байца” Дзмітрый Сяргейчык. Знайшліся актывісты і памочнікі, падключылі іншых жыхароў і ў адзін з дзён выйшлі талакой на свой суботнік. Справа знайшлася для кожнага – і дарослых, і дзяцей: хтосьці дастаўляў саджанцы, хто капаў ямкі, хто садзіў дрэўцы, хто насіў ваду і паліваў… А на наступны дзень дрэўцы падвязалі калкамі. Зараз на вуліцы Новай расце цудоўная алея з 74 дрэў – бярозак, рабінак, чарнасліву…
Адметна, што акцыя, якую ініцыявалі самі жыхары вуліцы, супала з правядзеннем другой, рэспубліканскай, – “Тыдзень лесу”. І няхай высадзілі яны дрэўцы не ў лясным масіве, з экалагічнага боку праяўлена выдатная ініцыятыва і зроблена добрая справа, бо вядомая фраза “Дрэвы – лёгкія планеты” нават у дачыненні адной вуліцы з’яўляецца актуальнай.
– Мы вельмі рады, што вось так разам папрацавалі на агульную карысць, – падзяліліся ўражаннямі жыхары
вул.Новай. – Пакуль дрэўцы яшчэ малыя, будзем назіраць, каб прыжыліся, падпраўляць. А вырастуць – няхай радуюць нашых дзяцей і ўнукаў сваёй зелянінай, кіслародам і цяньком. Ды і ад ветра з поля будуць дрэвы абараняць. А пакуль дружна садзілі алею, у нас і назва яе нарадзілася – “Алея дружбы”!
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.