Здаецца, яшчэ нядаўна на палях сельгасарганізацый было горача ад тэмпаў правядзення ўборачнай кампаніі, а ўжо набралі абароты новыя віды работ – сяўба азімых культур, уборка кукурузы на сілас. Аб тым, як гэтыя працэсы наладжаны ў КСУП “Ніва-Барсукі”, мы даведаліся, пабываўшы ў мінулую сераду на палетках гаспадаркі.
Першае, што яшчэ здалёк кінулася ў вочы, праязджаючы па ніваўскіх палях, – гэта вялізныя слупы пылу, якія пакідала за сабой працуючая тэхніка. Адсутнасць на працягу некалькіх тыдняў дажджоў і вятры зрабілі сваю адмоўную справу – зямля, высушаная пад сонечнымі промнямі, стала падобная на попел. У такіх умовах сяўбу азімых збожжавых весці няпроста, але задачы пастаўлены – і яны выконваюцца.
Работы ў сейбітаў яшчэ шмат – літаральна на днях пасеем азімы ячмень на 200 га, затым – чарга трыцікале, пад якое адведзена больш за 600 га, а завяршым пасяўную кампанію жытам.
Асаблівая ўвага – падрыхтоўцы глебы. Менавіта ад якасці праведзенага дадзенага агратэхнічнага прыёму залежаць будучыя збожжавыя намалоты. На ўзворванні глебы заняты Юрый Сямёнаў і Аляксандр Якаўлеў, на баранаванні – Аляксей Сямёнаў. Уносіць угнаенні пад сяўбу азімых Міхаіл Рымараў. Кожны з іх з разуменнем і адказнасцю выконвае даручаную справу, усведамляючы, што ў тым ліку і ад іх залежыць хлебны каравай 2023 года.
У чарадзе першапачатковых восеньскіх работ – уборка кукурузы на зялёную масу. Сёлета “царыца палёў” займае плошчу ў 1000 га, з якіх 190 га плануем абмалаціць на зерне.
Працэс распланаваны такім чынам, каб ад месца ўборкі сельгаскультуры і да месца яе закладкі ў траншэю быў максімальна кароткі шлях. Гэта дазваляе скараціць час на перавозку зялёнай масы і, што немалаважна, закласці яму і закансерваваць яе за 2-3 дні, як таго патрабуе тэхналогія.
Закладку кукурузы вядзем пад пільнай увагай адказных спецыялістаў, якія кантралююць, каб ямы былі запоўнены якаснымі кармамі.
Для таго, каб кансервацыя сіласнай масы была з максімальным захоўваннем пажыўнасці корму, кукуруза павінна быць правільна здробнена, менавіта таму яе ўборку даверылі вопытным механізатарам Алегу Стальмакову і Аляксандру Еўдакімаву. З раніцы і да змяркання яны бесперапынна напаўняюць кузавы аўтамабіляў і прычэпы трактароў, задзейнічаных на адвозцы. Хуткая дастаўка зялёнай масы да месцаў складзіравання – зона адказнасці Рамана Канановіча, Дзмітрыя Мендзелева, Аляксандра Аляхно, Мікалая Белаглазава, Васіля Марозава, Валянціна Пінчука, Аляксандра Рымарава і Рыгора Шчаглова.
Алег Сакабіцкі
Немалаважную ролю, а дзесьці і галоўную ў атрыманні якасных кармоў адыгрывае якасць трамбоўкі масы. Хібы пры трамбоўцы здольныя загубіць працу многіх механізатараў: пачынаючы ад тых, хто ўзворваў і рыхтаваў глебу, вёў сяўбу “царыцы палёў”, і завяршаючы тымі, хто зараз займаецца яе ўборкай і перавозкай. Таму на трамбоўцы – адзін з самых адказных працаўнікоў – Алег Сакабіцкі. Першыя 1900 тон карыснага корму для БРЖ ужо паспяваюць
у сіласнай траншэі. А ўсяго плануем мець не менш 22 тыс. т.
Ні на хвіліну не прыпыняюцца работы на прэсаванні саломы. На прэс-падборшчыках шчыруюць Сяргей Гушчын і Мікалай Сурын. Частка саломы адвозіцца да месцаў складзіравання каля жывёлагадоўчых аб’ектаў, астатняе сціртуецца на ўскрайку поля. На вызваленыя палеткі адразу выходзяць трактары з глебаапрацоўчымі агрэгатамі, пры неабходнасці ўносяцца ўгнаенні. Услед – пасяўныя агрэгаты.
Сёлета на палетках гаспадаркі паспявае ўраджай бульбы і сталовых буракоў. Культуры для нас новыя, але чакаем атрымаць важкі ўраджай. Для вырошчвання бульбы кіраўніцтва паклапацілася аб набыцці ўсёй неабходнай тэхнікі і агрэгатаў. Так, закупілі камбайн для копкі “другога хлеба”, саджалку, акучнік, невялікую сартыроўку для клубняў. У бліжэйшыя дні прыступім да ўборкі.
Сёлета мы значна абнавілі і ўзмацнілі наш машынны парк. Набылі 5 адзінак МТЗ-82, 1 энерганасычаны трактар, закупілі апрысквальнік для вадкіх хімікатаў, бочку для вывазкі КАС. Плануем набыць 2 культыватары, з дапамогай якіх вясною больш аператыўна правядзем такую важную агратэхнічную аперацыю, як закрыццё вільгаці.
Ёсць старанныя адносіны да даручанай справы ў механізатараў, ёсць і адпаведныя адносіны да працаўнікоў у кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Усе работнікі забяспечаны спецвопраткай, на палеткі дастаўляюцца гарачыя абеды. Заработная плата залежыць ад асабістага ўкладу працаўніка, таму, кожны разумее, што дастойная праца будзе дастойна аплачвацца.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.