С 01.11.2024 по 29.11.2024 в Могилевской области проводится месячник безопасного труда на объектах жилищно-коммунального хозяйства Могилевской области | С 01.10.2024 по 31.10.2024 в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда на строительных площадках области

У Зеляніцы ўшанавалі памяць загінуўшых землякоў

Вы здесь

11 красавіка ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. У гэты дзень мы ўспамінаем адну з самых трагічных старонак у гісторыі беларускага народа – стварэнне і дзеянне нямецка-фашысцкімі захопнікамі лагераў смерці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і ўсё, што звязана з генацыдам беларускага народа. Акрамя салдат, партызан, абараняўшых нашу зямлю ад карычневай чумы на франтах і ў тыле ворага, ад рук карнікаў і іх памагатых загінулі тысячы бязвінных мірных грамадзян.

У межах акцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх лагераў, а таксама Тыдня лесу, праходзячага у гэтыя дні, у Зеляніцы адбылося мерапрыемства з закладваннем алеі памяці каля мемарыяльнага знака на месцы пахавання астанкаў дзевяці спаленых фашыстамі жыхароў вёскі. У ім прынялі ўдзел кіраўнік спраў Баравіцкага сельвыканкама Вольга Бандаровіч, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Шчэрбіч, які прадаставіў пасадачны матэрыял, вучні Баравіцкай СШ і адзіны на сённяшні дзень жыхар Зеляніцы Віктар Нікалаенка.

Маладыя дрэўцы былі пасаджаны каля мемарыяльнага знака. Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. Аб тым, як здарылася трагедыя ў Зеляніцы, расказаў Віктар Нікалаенка. Тады, 30 красавіка 1943-га, з боку вёскі Хонава (зараз урочышча) у вёску прыбег чалавек, які ўцякаў з адной з навакольных вёсак, і пракрычаў зелянчанам: “Хто верыць у Бога – ратуйцеся, уцякайце ў лес, немцы паляць вёскі разам з жыхарамі!”. Многія тады пакінулі сядзібы, але не ўсе. А ў хуткім часе з’явіліся ў Зеляніцы карнікі. Тых, каго знайшлі, сагналі ў нежылую хату і спалілі зажыва. У той год фашысты знішчылі шэраг навакольных вёсак, у тым ліку з жыхарамі, у так званай лясной зоне на Кіраўшчыне: Кабылянка, Кокатава, Хонава, Дубнякі, Пільнікі… Сумна вядомыя ўсім Боркі з больш чым дзвюма тысячамі загінуўшых…

Пасля вайны на тым месцы жыхары вёскі ўстанавілі крыжы і агароджу і клапаціліся аб іх, даглядалі у памяць аб аднасяльчанах. Летась дзякуючы Баравіцкаму сельвыканкаму месца трагедыі набыло новае аблічча. Маладыя дрэўцы з цягам часу дапоўняць мемарыяльны ансамбль, які разам з іншымі помнікамі і абеліскамі будзе нагадваць аб жудасным перыядзе гісторыі нашага народа, які ніколі не павінен паўтарыцца.

Новостная рубрика: