С 01.11.2024 по 29.11.2024 в Могилевской области проводится месячник безопасного труда на объектах жилищно-коммунального хозяйства Могилевской области | С 01.10.2024 по 31.10.2024 в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда на строительных площадках области

Такое не павінна паўтарыцца…

Вы здесь

Палітыка фашысцкага генацыду на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны – гэта карныя аперацыі і тысячы спаленых вёсак, лагеры смерці, гета і іншыя месцы прымусовага ўтрымання, паказальныя пакаранні смерцю і шыбеніцы ў гарадах. Жахі генацыду ўшчыльную прайшліся і па Кіраўшчыне. Толькі ў 1942 годзе карніцкія атрады фашыстаў і іх прыспешнікаў расстралялі і спалілі зажыва на тэрыторыі нашага раёна каля 3 тысяч мірных грамадзян. Боркі, Збышын, Стаўпішча, Казулічы, Ахоцічы, Пацава Слабада… Сумны спіс, які і зараз болем адгукаецца ў сэрцах неабыякавых да чужога гора людзей, можна працягваць…

Сёння мы прыгадваем лёс вёскі Казулі­чы – дзе адбылася другая па маштабнасці трагедыя на тэрыторыі Кіраўшчыны. У адзін дзень тут былі спалены жывымі 318 чалавек. За аснову ўзяты даследаванні і запісы краяведа Міхаіла Ярчака.

Незагойная рана Казуліч
Страшная трагедыя ў Казулічах адбылася 11 чэрвеня 1942 года. Ноччу ашалелыя гітлераўцы з усіх бакоў пад’ехалі да вёскі на аўтамабілях і матацыклах, выстраіліся і акружылі яе трыма шчыльнымі ланцугамі.
Раніцай у вёску ўехаў спецыяльны атрад для абходу дамоў і высялення жыхароў – дзяцей, дарослых, старых. Каля 10 гадзін раніцы фашысцкія карнікі пачалі праверку дакументаў, падзяліўшы лю­дзей на дзве групы. Ніхто не ведаў, які лёс чакае кожную групу. Асобныя родзічы і дзеці нават прасілі перайсці з адной групы ў другую, дзе знаходзіліся іх бацькі, родныя. Скончыўшы «праверку», фашысты загадалі адной групе з чалавек 300 прайсці ў памяшканне былога млына-крупадзёркі.
Калі яны ўвайшлі, дзверы замкнулі, млын аблілі лёгкай на загаранне вадкасцю і падпалілі. Людзі гарэлі зажыва. Увесь дзень чорны дым ахутваў вёску…

Калі ўсё згарэла, каты адпусцілі другую групу дадому, і людзі ад страху разбегліся.

Сведкай гэтай страшнай трагедыі была жыхарка Ефрасіння Платонаўна Габрусь. Яна ўсё падрабязна расказала і заявіла, што згарэлі яе бацька, маці, сястра і брат з жонкай і 6-месячным сынам. Былі цалкам спалены сем’і Радзівона Свірыда з 6 чалавек, Платона Габруся з 7 чалавек, Мікалая Габруся, Герасіма Кеда і многіх іншых.
На другі дзень пасля расправы людзі знайшлі толькі абгарэлыя косці. Каб ушанаваць памяць памерлых, былі зроблены часовыя магілы, якія паслужылі стварэнню на гэтым месцы сучасных могілак.
У 1960 годзе тут быў устаноўлены помнік, які адлюстроўвае пакуты ахвяр. На ім памятны надпіс: «Вечная памяць жыхарам вёскі Казулічы, закатаваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі 11 чэрвеня 1942 года. Загінула 318 чалавек».

Аддаючы даніну памяці…

Сёння на грамадзянскіх могілках у Казулічах каля скульптурнага помніка закатаваным жыхарам вёскі знаходзіцца невялікая мемарыяльная кампазіцыя. На некалькіх мармуровых абелісках выгравіраваны імёны і прозвішчы загінуўшых у той страшны дзень 11 чэрвеня 1942 года, а таксама воінаў, ураджэнцаў Казуліч, якія абаранялі родную зямлю ад фашысцкай навалы і не вярнуліся з поля бітвы.

Сёлета кампазіцыю дапоўніла арка на ўваходзе на могілкі, выкананая ў выглядзе сімвалічнай капліцы, упрыгожанай праваслаўным купалам з крыжом і звонам у знак вечнай памяці аб загінуўшых жыхарах Казуліч. Побач размешчаны тры мармуровыя лаўкі, каб кожны жадаючы, асабліва людзі сталага ўзросту, маглі прысесці і ўшанаваць памяць тых, каго няма з намі. На Радуніцу адбылося ўрачыстае асвяшчэнне брамы.

Гэтая кампазіцыя з’явілася дзякуючы намаганням ураджэнца Казуліч, індывідуальнага прадпрымальніка і энтузіяста Віктара Худаўца, які зараз пражывае ў Клецку, што на Міншчыне. Мы звязаліся з Віктарам Фёдаравічам і папрасілі расказаць, што падштурхнула яго на стварэнне такіх помнікаў.

– Ідэю ўвекавечвання памяці загінуўшых землякоў выношваў даўно, яшчэ з маладосці – шчыра гаворыць Віктар Худавец. – Штуршком, нават памкненнем да гэтага паслужылі частыя ўспаміны аб страшных ваенных часінах майго бацькі Фёдара Сцяпанавіча Худаўца, у тым ліку і аб сваіх асабістых перажываннях, і аб жудасным лёсе нашай вёскі. Яму, на момант трагедыі ў Казулічах 18-гадоваму юнаку, пашчасціла выжыць. Магу сцвяр­джаць, што гэтаму шчасліваму выпадку абавязаны і я, пры іншым раскладзе мяне б не было.

…Чорны дзень 22 чэрвеня 1941 года Фёдар сустрэў у цягніку, які накіроўваўся ў Кіеў: школьны выдатнік вёз дакументы на паступленне ў артылерыйскае вучылішча, марыў стаць ваенным. І не ведаў тады, што афіцэрам стаць не атрымаецца, але перажыць усе ваенныя цяжкасці, абараняць Радзіму давядзецца. Сталася так, што на цягнік фашысты зрабілі налёт, у выніку чаго ён быў разбіты. Усіх выжыўшых, у тым ліку і Фёдара Худаўца, немцы накіравалі ў Рагачоўскае гета. Там іх зноў чакаў адбор: у ліку больш маладых і дужых Фёдара накіравалі на прымусовыя работы ў Бабруйск. У хлебапякарні яму і іншым даводзілася цягаць на сабе мяхі з мукой. Адпрацаваўшы пэўны час, хлопец заслужыў давер у кіраўніцтва, бо працаваў сумленна і не парушаў распарадку. Дзякуючы гэтаму юнак атрымаў дазвол адправіцца ў невялікі водпуск у родныя Казулічы, каб пабачыць сваіх. І вось якраз у гэты час тут здарылася бяда…

Бацька Фёдара зранку 11 чэрвеня адчуў нешта няладнае. На вёсцы чуліся галасы і крыкі людзей, брэх сабак – з хат выганялі вяскоўцаў. Гаспадар сямейства крыкнуў Фёдару: «Бяжы, ратуйся!..». Той праз агароды паспеў дабегчы да лесу, дзе і схаваўся з іншымі – усіх назбіралася чалавек дванаццаць. Ужо потым даведаліся ўцекачы, што здарылася з вёскай і яе жыхарамі. Разам з іншымі ў млыне-крупадзёрцы, у якую фашысты сагналі больш за 300 чалавек, згарэлі зажыва 9 родзічаў Фёдара, у тым ліку бацька і маці, брат, сястра. Назад дарогі не было…
Блукаючы па лясах, знясіленыя ўцекачы натрапілі на партызан, якія дзейнічалі на Клічаўшчыне, і далучыліся да іх, каб люта помсціць ворагу. А ў 1943 годзе пад Оршай Фёдара Худаўца залічылі ў рэгулярную Чырвоную Армію, у саставе падраздзялення якой ён храбра ваяваў з фашыстамі. За фарсіраванне Паўночнай Дзвіны ў саставе баявой групы і забеспячэнне далейшага руху савецкіх войск ён удастоены ордэна Чырвонай Зоркі. Меў таксама іншыя баявыя ўзнагароды. Двойчы быў паранены – у плячо і галаву. Трэцяе раненне перакрэсліла далейшы вайсковы шлях салдата: у жорсткіх баях пад Кенігсбергам выбухам ад снарада яму адарвала нагу…

У 1944 годзе пасля шпіталя Фёдар вярнуўся на малую ра­дзіму. Пазней стварыў сям’ю, разам з жонкай нара­дзілі і выхавалі пяцёра дзяцей. Віктар – самы малодшы.

– Я быў нібыта ад’ютант у бацькі, – успамінае Віктар Фёдаравіч. – Пастаянна быў побач, дапамагаў ва ўсім, нават апранацца, бо яму цяжка было гэта рабіць без нагі. На ўсё жыццё запомніліся мне бацькоўскія гісторыі і аповеды пра вайну. Вось з таго часу і стаў задумвацца аб увекавечванні памяці землякоў, ваяваўшых на франтах і бязвінна загінуўшых. Мне здаецца, што нават у самага яўнага песіміста прачнецца нешта ў душы, калі ён убачыць тое, што мне ўдалося ўзвесці, дакранецца да памяці продкаў. Калі не мы, то хто ўшануе іх? Кожны з нас у неаплатным абавязку перад тымі, каму давялося перажыць жахі вайны, узяўшы на сябе такі ўдар лёсу, каб жылі наступныя пакаленні. Мы павінны памя­таць пра гэта заўсёды. І асабліва зараз, калі на нашай планеце так неспакойна…

Аляксандр ХАХЛОЎ. (Фота аўтара).

Андрэй Мікітавіч ПАДАЛЯК, жыхар в.Казулічы:

– Да пачатку вайны я закончыў навучанне ў другім класе. У чэрвені 1942 года мне было 9 гадоў. Напярэдадні трагедыі я пасвіў каня на пашы побач з вёскай. Да нас ужо дайшлі чуткі, што немцы спалілі Кострыцкую Слабодку. Некаторыя вяскоўцы пабеглі хавацца ў лес, а я пайшоў дадому.

 

 

Новостная рубрика: