Першае, што адчулі журналісты раёнкі калі наведаліся на тэрыторыю вытворчага ўчастка “Сад” у ААТ “Рассвет імя К.П. Арлоўскага” – гэта прыемны яблычны пах, які разносіўся па акрузе. На календары – жнівень – актыўная пара збору яблыкаў. Менавіта ў гэтым месяцы, а дакладней заўтра, праваслаўныя веруючыя святкуюць Яблычны Спас, час, калі дазваляецца есці яблыкі новага ўраджаю і стравы з іх.
Найбольш вялікія плошчы пад садавіну на тэрыторыі нашага раёна заняты ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” – больш за 200 га.
Сёлетні год нельга назваць самым “яблычным”, але ў садах сельгасарганізацый раёна, якія маюць іх на сваіх плошчах, і ў некаторых прыватных домаўладальнікаў, ураджай сакавітых пладоў даволі важкі.
Як адзначыў вядучы аграном-садавод вытворчага ўчастка “Сад” ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Аляксандр Іваніцкі, больш за ўсё ў садах пасаджана зімовых і восеньскіх гатункаў яблыкаў. Па-першае, яны маюць працяглы тэрмін захоўвання і прывабны таварны выгляд, што вельмі важна пры рэалізацыі дадзенай прадукцыі, па другое, такія расліны менш пакутуюць ад замаразкаў, а значыць яны больш ураджайныя.
Сёлетні год, адзначыў Аляксандр Іваніцкі, для садаводаў стаў даволі няпростым. Значную частку ўраджаю садова-ягадных культур рассветаўцы страцілі з-за зваротных замаразкаў. Уявіце, у 2022 годзе на 11 га чорных парэчак сабралі каля 10 т ягад, а ў бягучым – 776 кг. Не было чарэшань, толькі асобныя гатункі вішань далі невялікую колькасць ягад. Планавалі сёлета рассветаўцы атрымаць першы ўраджай грэцкіх арэхаў, якія займаюць плошчу ў 9 га, але і гэты цеплалюбівы госць моцна быў пашкоджаны марозамі.
І толькі яблыневы сад радуе вока наліўнымі пладамі, якія блішчаць пад сонечнымі промнямі і напаўняюць паветра прыемным водарам.
На пытанне, што паспрыяла важкаму ўраджаю садавіны, вядучы аграном-садавод адзначыў, што складальнікаў шмат: тут і строгае захаванне тэхналогій, і своечасовасць правядзення розных аперацый, а галоўнае – адказнасць кожнага працаўніка на сваім участку работы. Штатная колькасць працуючых на дадзеным вытворчым участку складае 22 чалавекі, у сезон колькасць рабочых з улікам наёмных складае больш за 100 чалавек.
Па словах спецыяліста, майская і чэрвеньская засухі не лепшым чынам адбіліся на колькасці завязі яблыкаў на дрэвах, але тыя плады, што засталіся, выраслі даволі вялізнымі і таварна прывабнымі. Такія яблыкі не залежваюцца на прылаўках гандлёвых кропак, прычым, не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі.
Першы яблычны ўраджай у гаспадарцы сабралі яшчэ ў ліпені. Каля 30 т летніх гатункаў сакавітай прадукцыі было рэалізавана праз уласную гандлёвую сетку “Рассвета”. Потым надыйшоў час “каваленкаўскага” і “алены”.
Гэтымі днямі рассветаўцы займаліся нарыхтоўкай экспартных яблыкаў гатунку “ауксіс”. Увесь сабраны ўраджай адправіцца на прылаўкі магазінаў суседняй Расіі. Варта адзначыць, што гэты сорт даўно палюбіўся пакупнікам за свае смакавыя якасці і вялізнае ўтрыманне ў мякаці карысных рэчываў.
Як адзначыў Аляксандр Іваніцкі, здыманне таварных яблыкаў – працэс даволі няпросты. Усе занятыя на гэтых работах працуюць у пальчатках, кожнае яблыка акуратна здымаецца і ўкладваецца ў скрыні. Плады “ауксіса” вельмі адчувальныя да ўдараў і здаўлівання, таму працэсам здымання яблыкаў займаюцца найбольш адказныя і вопытныя садаводы. Усяго ж таварных яблыкаў у “Рассвеце” сабралі больш за 60 т.
Паралельна садаводы вядуць збор ападу яблыкаў: кожны дзень дзясяткі тон адпраўляюцца на нарыхтоўчы пункт райспажыўтаварыства.
Як толькі з яблыні ўбіраецца апошні плод пачынаюцца работы па апрацоўцы дрэў. Дарэчы, работы ў садзе не прыпыняюцца практычна круглы год. Дзесьці ў снежні садаводы праводзяць зімовую абрэзку дрэў, потым – фарміраванне кроны, апрацоўкі і падкормкі, якіх бывае за сезон каля 15-20. Па словах вядучага агранома-садавода, каб атрымаць важкі ўраджай, трэба прыкласці нямала намаганняў. Пры належным доглядзе “жыве” сад у сярэднім каля 15-20 гадоў.
Вялікую ўвагу рассветаўцы надаюць і далейшаму развіццю садаводства, укараненню сучасных тэхналогій. Зараз асноўны ўпор тут робяць на інтэнсіўныя сады. Па словах Аляксандра Іваніцкага, такая тэхналогія дазваляе на абмежаваных плошчах атрымліваць максімальны ўраджай. Зараз у рассветаўскіх садах на 1 га плошчаў размешчана каля 666 дрэў, у інтэнсіўным садзе іх на такі ўчастак будзе 1,5 тысячы. Сярод “плюсаў” сучасных садоў – магчымасць арганізацыі кропельнага паліву кожнага дрэва, прычым плануюць разам з вадой уносіць усе неабходные мікраэлементы і дабаўкі.
Зараз тут ужо маюць 15 га інтэнсіўных садоў, у будучым плошчу павялічаць да 60 га і ўвогуле пяройдуць на новыя тэхналогіі вырошчвання яблыкаў.