Гарачая пара зараз на палетках: ні адной хвіліны не прастойваюць камбайны, не прыпыняецца рух аўтамабіляў, якія спяшаюцца з поўнымі кузавамі свежанамалочанага зерня, не сцішаецца гул на збожжатаках – ідзе жніво!
Гаспадаркі раёна завяршаюць уборку азімага ячменю і плаўна прыступаюць да наступнай культуры – азімага рапсу. У ліку першых заняліся яго ўборкай хлебаробы КСУП “Жылічы”. Сёлета на мясцовых палетках гаспадаркі гэтая алейная культура займае плошчу ў 310 гектараў, па стане на раніцу панядзелка жылічане ўжо намалацілі 111 тон рапсу.
– Рапс сёлета даволі неблагі, – даў ацэнку галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Уладзімір Палячэнка. – Аднак, культура гэтая далікатная, убіраць яе трэба ў аптымальныя тэрміны, бо калі пераспее, стручкі патрэскаюцца, зерне высыплецца, а гэта – значныя страты. За камбайнерамі справа не стаіць, усе яны вопытныя і адказныя людзі. Сярэдняя ўраджайнасць рапсу – 18,5 цэнтнера з гектара. На дасягненне добрых вынікаў працаўнікі былі нацэлены яшчэ з восені: своечасова падрыхтавалі глебу, якасна і ў аптымальныя тэрміны правялі сяўбу азімага рапсу, зрабілі ўвесь неабходны комплекс работ па падкормцы і абароне раслін ад хвароб і шкоднікаў. І вынік не прымусіў сябе чакаць: рапс сёлета густы і высокі, з моцнымі сцябламі. У гэтым журналісты “раёнкі” пераканаліся асабіста, калі ўчора завіталі на палеткі, дзе вялася ўборка алейнай культуры. На палетках зараз працуюць два камбайны, гэтай тэхнікі пакуль дастаткова. За штурваламі КЗС-1218 – вопытныя механізатары: старшыя камбайнеры Аляксей Грыбоўскі і Уладзімір Бычкоў з камбайнерам Алегам Сазонавым. Яшчэ адзін камбайн задзейнічаны на ўборцы насеннікаў шматгадовых траў. Гэты адказны ўчастак работ даручылі Аляксандру Казеку.
У механізатараў цяпер кожная хвіліна дарагая. Яны імкнуцца прадукцыйна выкарыстоўваць замацаваную за імі тэхніку, а каб не было яе прастояў, кожны дзень перад выхадам у поле абавязкова праводзяць скрупулёзны агляд сваіх сталёвых коней.
Варта адзначыць, што ўсе збожжаўборачныя камбайны, якія задзейнічаны на рапсавых палях, абсталяваны спецыяльнымі прыстаўкамі. Яны неабходны не толькі для папярэджвання прасыпання масланасення, але і для пераразання месцамі пераплеценых раслін, што ў канчатковым выніку да мінімуму зводзіць магчымыя страты.
Трэба сказаць, што ўборачны канвеер у гаспадарцы наладжаны дасканала: да камбайнаў з запоўненымі бункерамі хутка пад’язджаюць аўтамабілі, і насенне рапсу шпарка высыпаецца ў кузаў. На адвозцы задзейнічаны адны з самых вопытных і адказных вадзіцеляў: Валерый Кісялёў на ГАЗ-САЗ і Раман Шарамета на МАЗе. Яшчэ імгненне, і вадзіцелі ўжо імчаць на зернесушыльны комплекс, дзе праводзіцца ачыстка сабранага ўраджаю. Да неабходных стандартаў яго даводзяць аператары ачышчальна-сушыльнай гаспадаркі Мікалай Міхнёў і Васіль Батуленка. Дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю, зерне не трэба дасушваць.
У першую чаргу жылічане рыхтуюць рапсавае зерне для здачы ў лік дзяржзаказу: на бягучым тыдні яны плануюць поўнасцю выканаць даведзены план.
Немалаважным аспектам зладжанай работы ўборачнага канвеера з’яўляецца стварэнне належных санітарных і бытавых умоў для ўдзельнікаў уборачнай кампаніі.
Як адзначыла старшыня прафкама гаспадаркі Зінаіда Кісялёва, усе ўдзельнікі жніва забяспечваюцца гарачымі абедамі і вячэрамі, якія дастаўляюцца прама на палеткі. З удзельнікамі жніва праведзены інструктажы па ахове працы, кожны азнаёмлены з ўмовамі аплаты працы. У спёку людзі дадаткова атрыліваюць пітную ваду.
Работы на палетках шмат, з-за спякотнага надвор’я збожжавыя культуры паспяваюць раней звычайнага, таму кожны на сваім участку імкнецца ўбраць вырашчаны ўраджай своечасова і без страт.
Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.