– 12 лютага Кіраўскаму раёну споўніцца 90 гадоў са дня заснавання. Гэта свята, якое аб’ядноўвае ўсіх жыхароў рэгіёну і яго выхадцаў, якія шчыра любяць Кіраўшчыну. За гэтыя гады невялікі населены пункт ператварыўся ў рэгіён, які дынамічна развіваецца і можа пахваліцца значнымі поспехамі ў розных сферах жыцця.
Гісторыя раёна пачалася даўно, калі на гэтых землях знаходзіўся маёнтак Качэрычы ў аднайменнай воласці Бабруйскага павета. У 1935 годзе з’явіўся пасёлак Кіраўск.
Сёння жыхарам раёна сапраўды ёсць чым ганарыцца. Сельская гаспадарка займае важнае месца ў яго эканоміцы. Асноўныя напрамкі ўключаюць малочна-мясную жывёлагадоўлю, вырошчванне збожжавых культур, бульбы, цукровых буракоў, алейнага насення рапсу, а таксама агародніцтва. За гады станаўлення ў раёне былі створаны аграгарадкі, пабудаваны сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы, абноўлены машынна-трактарны парк. Асаблівы гонар выклікае ААТ “Рассвет імя К.П. Арлоўскага”. Гэта знакамітае сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое адзначыла летась сваё 80-годдзе, з’яўляецца важным звяном у развіцці Кіраўшчыны. Кіраўскі раён валодае вялізным турыстычным патэнцыялам. Грыміць слава аб Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі, нікога не пакідае абыякавым наведванне памятнага знака «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў Борках. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна знаходзяцца папулярныя зоны адпачынку.
Галоўнае багацце раёна – гэта яго жыхары. Менавіта дзякуючы іх працы, адданасці і неабыякавасці Кіраўскі раён працягвае развівацца і квітнець.