23 сакавіка, Кіраўск /Уласн. інф./. Чарговая прамая тэлефонная лінія, прайшоўшая на базе рэдакцыі раённай газеты, была прысвечана пытанням забеспячэння бяспечных умоў жыцця, грамадскага парадку, захаванасці маёмасці. На пытанні жыхароў раёна адказвалі: начальнік РАУС С.М.ІЛЬІН, начальнік аддзялення ДАІ РАУС А.П.СМАРОДСКІ, старшы інспектар-інжынер аддзялення Дэпартамента аховы Г.А. ПРЫШЧЭП, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.А.КІСЯЛЁЎ, дырэктар прадстаўніцтва БРП “Белдзяржстрах” па Кіраўскім раёне Н.І.СВІРЫДАВА.
На “прамую лінію” патэлефанавалі жыльцы д.1а па вул. Камсамольскай райцэнтра са скаргай на тое, што ў кватэры №5 іх дома збіраюцца асобы, не маючыя пэўных заняткаў і месца жыхарства, п’янствуюць, ствараюць нязручнасці суседзям.
С.М.Ільін адзначыў, што ў гэтай кватэры пабываюць супрацоўнікі міліцыі і разбяруцца па сутнасці ўзнятага пытання.
— Якія ўмовы падключэння пад ахову кватэр пажылых грамадзян? Ці можна абсталяваць кватэру ахоўнай сігналізацыяй, калі падключаны высокахуткасны доступ да сеткі Інтэрнет або IPTV? А.В.Сяргееў, г.Кіраўск.
— Увогуле кошт абсталявання ахоўнай сігналізацыяй згодна мініма льных патрабаванняў — ад 310 тыс. руб. Дакладная сума залежыць ад таго, на якім паверху кватэра, колькі ахоўваемых пакояў. Кошт аховы ў месяц — 0,5 базавай велічыні (17500 руб.). Ільгота па аплаце ў месяц у памеры 1% базавай велічыні прадастаўляецца: ветэранам Вялікай Айчыннай вайны; інвалідам Вялікай Айчыннай вайны; уладальнікам (кватэраздымшчыкам) кватэр, памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян, жылых дамоў, з якімі прапісаны і пражываюць члены сям’і, маючыя права на тарыфы са скідкамі. Прадастаўляецца растэрміноўка плацяжу за мантаж ахоўнай сігналізацыі да 3-х месяцаў. На сённяшні дзень выкарыстоўваецца абсталяванне, дазваляючае падключыць пад ахову кватэру з падключаным высокахуткасным доступам да Інтэрнета або IPTV.
— Ці з’яўляецца парушэннем і якім адсутнасць у пуцявым лісце адзнакі ўрача аб перадрэйсавым медаглядзе ў час знаходжання транспартнага сродка на маршруце, калі гэты транспартны сродак належыць прыватнаму ўнітарнаму прадпрыемству? А.А.Костка, г.Кіраўск.
— Вадзіцелі транспартных сродкаў арганізацый усіх форм уласнасці абавязаны праходзіць медыцынскі перадрэйсавы кантроль (на падставе рэспубліканскай і адпаведнай абласной праграм павышэння бяспекі дарожнага руху на 2007-2011 г.г., шэрагу нарматыўна-прававых актаў, у тым ліку ведамасных ДАІ УУС аблвыканкама). Адмімістрацыйнай адказнасці вадзіцель, які ў пуцявым лісце не мае адзнакі аб праходжанні медыцынскага перадрэйсавага кантролю, не панясе, аднак гэты факт пацягне за сабой унясенне прадпісання на ўхіленне парушэння кіраўніку арганізацыі, якой належыць транспартны сродак, а за невыкананне прадпісання ён будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Кіраўніцтва арганізацый усіх форм уласнасці, маючых транспартныя сродкі, абавязана заключыць дагавор з медыцынскай установай аб забеспячэнні медыцынскага кантролю перад выездам вадзіцеля на лінію і пасля вяртання ў гараж.
— Ці можна здаць пад ахову гараж без тэлефона ў гаражным масіве льнозавода? Аляксей, г.Кіраўск.
— Можна, ахова будзе ажыццяўляцца па каналах GSMсувязі. На 1 модуль можна падключыць да 32-х аб’ектаў (гаражоў). Кошт модуля GSM — каля 600 тыс. руб. Кошт аховы гаража ў месяц — 0,5 базавай велічыні.
— Як паступіць на службу ў міліцыю? Аляксандр Каранкевіч, г.Кіраўск.
— У дадзены момант у райаддзеле ўнутраных спраў маюцца вакансіі на пасады малодшага і сярэдняга начсастава. Неабходна мець любую вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную або сярэднюю адукацыю (для дзвюх апошніх умоў служба ў арміі абавязковая). Зараз кадравы апарат РАУС падбірае прэтэндэнтаў для паступлення ў Акадэмію міліцыі і Магілёўскі каледж міліцыі. Інфармацыю можна атрымаць у кадравым апараце РАУС ці па тэлефоне 24-3-37.
— Калі ёсць неабходнасць выкарыстання транспартнага сродка ў час пасяўной кампаніі, а ён не прайшоў тэхнічны агляд, хто будзе несці адказнасць? Жыхар раёна.
— Адміністрацыйную адказнасць панясе як вадзіцель, кіруючы дадзеным транспартным сродкам, так і пасадавая асоба, якая дапусціла да эксплуатацыі гэты транспартны сродак. На вадзіцеля накладаецца штраф у памеры да 2-х базавых велічынь, на пасадавую асобу — ад 4 да 6 базавых велічынь.
Карыстаючыся выпадкам, Дзяржаўтаінспекцыя звяртае ўвагу кіраўнікоў гаспадарак на неабходнасць своечасовага прадастаўлення транспарту для праходжання тэхагляду.
— Ці можна падключыць пад ахову гандлёвы кіёск і колькі каштуе аплата ў месяц? Наталля, індывідуальны прадпрымальнік.
— Пытанне аб падключэнні кожнага гандлёвага кіёска разглядаецца індывідуальна з улікам месцазнаходжання, наяўнасці тэлефоннай лініі — ад гэтага залежыць кошт абсталявання ахоўнай сігналізацыі. Для патаннення кошту мантажных работ дапускаецца падключэнне на 1 прыбор некалькіх стаячых побач кіёскаў (як на цэнтральным рынку). Кошт аховы ў месяц — 3 базавых велічыні.
— Дзе можна набыць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, і хто павінен яго ўстанаўліваць? А.Бяляўскі, в.Мышкавічы.
— Жыхары сельскай мясцовасці, жадаючыя набыць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, могуць звярнуцца да стараст вёсак або старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў, і пытанне будзе вырашана. У гэтым выпадку кошт аднаго прыбора — 15500 руб. У магазінах райспажыўтаварыства ён каштуе каля 30 тыс. руб., у спецыялізаваным магазіне “01”, размешчаным на 2-м паверсе Цэнтра бытавых паслуг, каля 20 тыс. руб. Устанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік нескладана. Асобам сталага ўзросту ўстанаўліваем іх пры праверцы жылога сектара нашымі супрацоўнікамі. Калі неабходна дапамога ва ўстаноўцы прыбора, можна патэлефанаваць па нумары 24-3-01, і нашы супрацоўнікі зробяць гэта бясплатна.