16 лютага, Кіраўск /Уласн. інф./. Цесна сябруюць у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага з фізкультурай і спортам. Мясцовыя каманды і асобныя спартсмены на працягу многіх год паказвалі высокія рэзультаты на спаборніцтвах не толькі раённага, але і абласнога, і рэспубліканскага ўзроўню. Сённяшняе пакаленне рассветаўцаў працягвае традыцыі сваіх папярэднікаў і з гонарам выступае на спартыўных пляцоўках. Летась трэці год запар спартсмены “Рассвета” выйгралі раённую спартакіяду калектываў фізкультуры, паспяхова выступіўшы практычна ва ўсіх відах. “Раёнка” паведамляла нядаўна, што наш раён па выніках мінулага года стаў пераможцам абласной круглагадовай спартакіяды па месцы жыхарства. Вялікая заслуга ў гэтым належыць рассветаўцам, якія склалі касцяк зборных каманд раёна па розных відах. Два апошнія гады запар футбольная каманда “Рассвета” займала прызавыя месцы ў абласных спаборніцтвах паміж сельскімі камандамі “Залаты колас”, якія прымеркаваны да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі”.
Спартыўныя дасягненні рассветаўцаў з’яўляюцца вынікам той насычанай работы, якая праводзіцца ў гаспадарцы. Перш, чым выйсці на раён ці вобласць, выяўляюцца мацнейшыя на мясцовых спаборніцтвах. Ні ў адным іншым калектыве раёна з такім размахам не праводзіцца ўнутраная круглагадовая спартакіяда. У спаборніцтвах па 11 відах спорту ўдзельнічае 8 каманд ад падраздзяленняў. І барацьба паміж спартсменамі-аматарамі зусім не жартоўная. Ёсць тут свае фаварыты: каманды адміністрацыі, рыбнай гаспадаркі, “Тэрмапласта”, Мышкавіцкай СШ. Канкурэнцыю ім складаюць каманды трактарнай брыгады, гаража, цяплічнай гаспадаркі. Ахоплены заняткамі фізкультурай не толькі работнікі гаспадаркі, але і тыя, хто пражывае на яе тэрыторыі — яны выступаюць за каманду Мышкавіцкага сельсавета. Усталявалася добрая традыцыя: падводзіць вынікі спартакіяды 3 ліпеня — у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень на стадыёне гаспадаркі наладжваецца гулянне, значная частка святочнай праграмы адводзіцца менавіта спартыўным мерапрыемствам. Каманда-пераможца спартакіяды ўзнагароджваецца пераходным кубкам. Прызёрам уручаюцца грашовыя прэміі. Узнагароды атрымліваюць і лепшыя спартсмены гаспадаркі. Акрамя таго, заахвочваюцца пераможцы і прызёры і па выніках асобных відаў спартакіяды.
Нямала тут заўзятых аматараў фізкультуры. Варта адзначыць ветэранаў спорту — начальніка рыбнай гаспадаркі Алега Шапавалава і работніка гэтага ж падраздзялення Сяргея Шырокага. Актыўна змагаюцца на спартыўных пляцоўках Андрэй Казлоўскі, сямейная пара Юрый і Таццяна Цішковы, Андрэй Бяляўскі, Сяргей Лянкевіч. Уліліся ў фізкультурны рух маладыя спецыялісты Ірына Юркавец, Святлана Багамазава і многія іншыя.
Накіроўвае фізкультурна-аздараўленчую і спартыўна-масавую работу ў патрэбнае русла інструктар-метадыст Яўген Пішчалін, які і сам актыўна ўдзельнічае ва ўсіх спартыўных мерапрыемствах. Але, безумоўна, арганізацыя фізкультурнай работы на такім узроўні была б немагчымай без падтрымкі кіраўніцтва і прафкама сельгаспрадпрыемства. Для заняткаў спортам тут створана салідная база. Працуюць баксёрскі клуб, конна-спартыўная, тэнісная секцыі. На тэрыторыі «Рассвета» ба-зіруецца аддзяленне веласпорту ДЮСШ. Любы жадаючы можа займацца ў адной з некалькіх трэнажорных залаў ці ўвечары наведаць спортзалу. Не шкадуе кіраўніцтва гаспадаркі на развіццё фізкультурна-аздараўленчай работы фінансавых сродкаў, разумеючы, што гэта інвестыцыі ў здароўе людзей.