У дзясяты раз на Кіраўшчыне прайшоў міжрэгіянальны фестываль “Калядныя сустрэчы сяброў”. Традыцыйна ён сабраў пад сваім крылом наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў Цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва не толькі нашай вобласці, але і суседняй – Гомельскай. На свяце панавалі станоўчыя эмоцыі, душэўная цеплыня, дабрыня і шчырая радасць.
Сёлета на базе санаторыя СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага сабралася 6 каманд, гэта прадстаўнікі Першамайскага і Ленінскага раёнаў г.Бабруйска – “Зефір” і “Бобр і Кампанія”, Асіповіцкага раёна – “Вясёлыя рабяты”, Клічаўскага – “Ольса”, Кіраўскага – “Пакаленне NEXT” і Светлагорскага – “Новае пакаленне”.
Удзельнікі прадставілі на суд журы і гледачоў свае конкурсныя нумары: “Калядная песня”, Каляднае “Аліўе-мюзыкл-шоу”, выставу вырабаў і сувеніраў на навагоднюю тэматыку, “Калядную казку”.
Як заўсёды, кожная з каманд вельмі творча і адказна падышла да выканання заданняў, усе імкнуліся паказаць свае творчыя і артыстычныя здольнасці. Было на фестывалі шмат песень, вершаў, казачных і неверагодна чароўных пераўтварэнняў. Кожнае выступленне гледачы сустракалі бурнымі апладысментамі.
Адным з партнёраў фестывалю выступіла Кіраўская раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Валанцёры БТЧК сталі актыўнымі ўдзельнікамі фестывалю, яны дапамагалі камандам пры падрыхтоўцы да выступлення і падчас выступу.
Падчас падвядзення вынікаў конкурсаў журы было вельмі складана вызначыцца з пераможцамі: усе ўдзельнікі фестывалю, як гаворыцца, “адпрацавалі” на сто працэнтаў. А таму кожная з каманд стала пераможцай у адной з намінацый. Так, кіраўчане прызнаны лепшымі ў намінацыі “Калядная песня”, прадстаўнікі ТЦСАН Ленінскага раёна г.Бабруйска – “Калядная казка”, наведвальнікі Светлагорскага ТЦСАН атрымалі званне “Самыя артыстычныя”, Клічаўскага РЦСАН – “Самыя згуртаваныя”, “Самымі творчымі” сталі рабяты з Асіповіцкага РЦСАН, а “Самымі крэатыўнымі” – з Першамайскага раёна г.Бабруйска.
Усе каманды атрымалі дыпломы, памятныя сувеніры і прызы фестывалю. Аб’яднала ўдзельнікі і дапамагла яшчэ больш пасябраваць святочная дыскатэка.
У наступным годзе, безумоўна, фестываль зноў збярэ добрых сяброў на новую калядную сустрэчу!