Кіраўшчына працягвае падтрымліваць свой брэнд рыбалоўнай сталіцы вобласці. Тут на Чыгірынскім вадасховішчы рэгулярна праходзяць спаборніцтвы рознага ўзроўню па спартыўнай лоўлі рыбы. І яны сталі паспяховай стартавай пляцоўкай для дасягнення перамог беларускімі рыбаловамі-спартсменамі на сусветным узроўні!
А ў мінулыя выхадныя дні ў Чыгірынцы адбыліся спаборніцтвы асаблівай значнасці, таму што былі прысвечаны 10-годдзю рыбалоўнага спорту на Магілёўшчыне. Яны ператварыліся ў сапраўднае свята спорту і здаровага ладу жыцця: такім шматлікім быў састаў удзельнікаў, балельшчыкаў і гасцей, такімі разнастайнымі і насычанымі спартыўна-аздараўленчая і культурна-забаўляльная мерапрыемствы, такім прыўзнятым і бадзёрым настрой ва ўсіх прысутных нягледзячы на капрызы надвор’я.
На дамбе гідраэлектрастанцыі на працягу двух дзён спрачаліся за Кубак Чыгірынкі па спартыўнай лоўлі рыбы летняй паплавочнай вудай і фідэрам прадстаўнікі 12 каманд практычна з усіх абласцей рэспублікі. Цікава, што шэраг каманд быў змешаным. Па склаўшайся традыцыі, у фармаце паралельных мерапрыемстваў было праведзена адкрытае першынство Кіраўскага раёна па лоўлі рыбы на паплавочную вуду сярод аматараў, у якім удзельнічала 18 каманд. Да кіраўчан тут далучыліся рыбаловы з Магілёва, Бабруйска, Горак. Да таго ж побач на беразе вадасховішча праходзіў раённы турыстычны злёт.
...У чэрвені 2002 года ў Чыгірынцы быў дадзены старт першым рэспубліканскім спаборніцтвам па лоўлі рыбы, якія сталі кропкай адліку сучаснага спартыўнага рыбалоўства. За гэты перыяд часу Чыгірынка стала сапраўдным гасцінным домам для многіх майстроў рыбалоўнай справы. І невыпадкова, бо вадасховішча ўнікальнае па сваім багацці і разнастайнасці і з’яўляецца рыбалоўна-турыстычнай жамчужынай не толькі раёна, але і ўсёй Магілёўшчыны.
Падчас урачыстага адкрыцця свята прысутных шчыра вітаў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Ён выказаў задаволенасць тым, што на юбілейных спаборніцтвах такое шырокае прадстаўніцтва ўдзельнікаў: і рыбаловаў-спартсменаў, і аматараў. За 10 год, як было прыблізна падлічана, у Чыгірынцы прайшло больш 100 спаборніцтваў рознага ўзроўню па спартыўнай лоўлі рыбы — ад раённых да міжнародных, у якіх прыняла ўдзел амаль тысяча чалавек. Гэта ўнушальныя лічбы. Паспяховыя рэзультаты, дасягнутыя на гэтым вадаёме, даюць спартсменам новы імпульс: так, сёлета зборная каманда Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі якой прымалі ўдзел у спаборніцтвах па надлёднай лоўлі рыбы на мармышку ў Чыгірынцы, стала чэмпіёнам свету!

Старшыня райвыканкама выказаў надзею, што плённае супрацоўніцтва Кіраўскага раённага камітэта, як аднаго з арганізатараў спаборніцтваў па спартыўнай лоўлі рыбы, з Беларускім грамадскім аб’яднаннем “Федэрацыя рыбалоўнага спорту” і далей будзе прыносіць свой плён. Кіраўчане заўсёды рады новым удзельнікам, сябрам, іх перамогам і дасягненням і, са свайго боку, стараюцца штогод паляпшаць умовы іх быту, адпачынку.
Старшыня Федэрацыі рыбалоўнага спорту краіны Яраслаў Ціхановіч уручыў Уладзіміру Піскіжаву і намесніку старшыні райвыканкама Вользе Гаршковай Памятныя знакі за вялікі ўклад у развіццё рыбалоўнага спорту Рэспублікі Беларусь. І, у сваю чаргу, адзначыў, што гасціннасць і чулыя адносіны мясцовых людзей, дапамога ў арганізацыі спаборніцтваў раённай улады, Стайкаўскага сель-скага Савета, гаспадарак розных раённых службаў дазваляюць не толькі плённа спабрнічаць, але і адпачываць, атрымліваць новыя ўражанні. За мінулыя гады, падкрэсліў ён, Чыгірынскае вадасхові-шча з’явілася каталізатарам развіцця рыбалоўнага спорту ў рэспубліцы на новым узроўні, а ў апошні час гэта сапраўдны палігон для шліфоўкі майстэрства вядучых айчынных і замежных спартсменаў як зімой, так і летам.
Ад імя ўсіх, хто вітаў удзельнікаў спаборніцтваў, прагучала традыцыйнае рыбацкае пажаданне “ні хваста, ні лускі!” — і ўсе накіраваліся да дамбы займаць вызначаныя жараб’ёўкай месцы.
Упершыню ў змешаным фармаце фідэрысты і паплавочнікі сышліся ў баі за ўдачу.
Вадасховішча пад моцнымі парывамі ветру ўзнімала высокія хвалі, але рыбаловам да такога не прывыкаць: яны смела ўступілі ў спрэчку з вадаёмам і паміж сабой.
І вось, нарэшце, для аматараў праз тры гадзіны настаў доўгачаканы момант узважвання ўлову. На жаль, не для ўсіх фартуна была добразычлівай у гэты дзень: некаторым не ўдалося вылавіць ніводнай рыбкі, але былі і шчасліўчыкі.
І вось на тэматычна ўпрыгожанай сцэне, уладкаванай на беразе, пачынаецца цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і прызёраў. Першае месца заваявала каманда рыбакоў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, другое — райаграпрамтэхзабеспячэння, трэцяе — каманда нашых гасцей з Ленінскага раёна г.Бабруйска.
У асабістым першынстве перамогу святкаваў прадстаўнік указанай ба-бруйскай каманды Вячаслаў Каратчэня. Другім стаў Андрэй Садоўскі з РАПТЗ, трэцім — Анатоль Гаўрылаў з рассветаў-скай каманды.
Арганізатарамі спаборніцтваў, па традыцыі, былі заснаваны дадатковыя прызы. За самую вялізную рыбу (161 г), якую пашанцавала злавіць Віталю Паўлоўскаму з Горак, самую маленькую (4 г) — Анатолю Гаўрылаву. Іван Бабарыка з ліцэя №15 быў самым сталым удзельнікам спаборніцтваў, Віталь Паўлоўскі — самым маладым.
Каманды-пераможцы і прызёры, а таксама лепшыя ў асабістым заліку атрымалі кубкі, медалі, дыпломы, каштоўныя падарункі.
Спонсарамі выступілі раённыя арганізацыі ГА “Белая Русь” і “Беларускі Фонд міру”, ААТ “Стрелец-Строй”, ААТ “ЭкоБел Плюс”, якое прадаста-віла кожнаму ўдзельніку прыкормку для рыбы.
Уручаючы ўзнагароды, Уладзімір Піскіжаў адзначыў, што аматарскія спаборніцтвы па лоўлі рыбы праводзяцца паралельна з прафесіянальнымі чацвёрты год запар. Ён выказаў пажаданне, каб удзел у іх быў больш масавым, бо ў раёне шмат людзей, якія займаюцца лоўляй рыбы для душы. Сярод такіх і ён сам. Гэта захапляльны від спорту, выдатны адпачынак, прычым сямейны.
А рыбаловы-спартсмены працягвалі спрачацца за першынство і ў наступны дзень. Вось якія вынікі спаборніцтваў на Кубак Чыгірынкі: у камандным заліку першае месца — на рахунку каманды “Розін і кампанія” (вынік за два туры — 15 кг 960 г на чатырох чалавек) , другое і трэцяе месцы адпаведна — каманды “2х2” і “Вышка”.
У асабістым заліку перамогу святкаваў Андрэй Клячко (прадстаўнік каманды “2х2”, вага злоўленай ім за два дні рыбы — 7 кг 740 г), “срэбра” — у Яўгена Святошчыка з гэтай жа каманды, “бронза” — у Аляксандра Высоцкага (“Розін і кампанія”).
На свяце ўвагу ўсіх прыцягнула выстава выяўленчага мастацтва і падзелак на рыбалоўную тэматыку, творчыя работы якой падрыхтавалі вучні школ раёна і выхаванцы дзіцячых садкоў, прыклаўшы фантазію і гумар.
Цікаўнасць ва ўдзельнікаў свята выклікала прэзентацыя, прысвечаная 10-годдзю рыбалоўнага спорту на Магілёўшчыне.
Спадабалася гледачам культурна-забаўляльная праграма, падрыхтаваная работнікамі культуры і ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці раёна. Павесялілі дзіцячая праграма “Забавы Вадзянога” і “Свята Нептуна”. А завяршылася свята вясёлай дыскатэкай.
Актыўна працавалі гандлёвыя павільёны райспажыўтаварыства, СГФ “Чыгірынка”, частуючы наведвальнікаў шашлыкамі і іншымі прысмакамі.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота аўтара
і Максіма МІКЕШЫНА.