Знамянальная для нашага раёна і рэгіёна ў цэлым падзея адбылася 6 лістапада — у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага была запушчана самая магутная ў Беларусі біягазавая ўстаноўка.
Біягазавая ўстаноўка ўзведзена побач з цяплічным камбінатам СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, мае электрычную магутнасць — 4,8 МВт. Дзякуючы новаму аб’екту рассветаўцы атрымаюць біягаз шляхам кіруемага анаэробнага раскладання арганікі бактэрыямі. А сыравіна для гэтага — тут жа, у сельгаскааператыве: гэта кукурузны сілас, гной, адыходы з цяплічнага камбіната. У кагенерацыйных устаноўках біягаз ператвараецца ў электраэнергію і цеплаэнергію. Атрыманая цеплавая энергія будзе выкарыстоўвацца для патрэб гаспадаркі, у першую чаргу, для абагрэву цяпліц, што дасць магчымасць скараціць спажыванне прыроднага газу на 3,1 млн. м3.
Атрыманая электраэнергія паступіць у энергасетку вобласці. Па падліках спецыялістаў, яе хопіць для патрэб народнагаспадарчага комплексу і насельніцтва ўсяго Кіраўскага раёна.
Да таго ж дзякуючы рабоце біягазавай устаноўкі з перабрадзіўшай біямасы рассветаўцы атрымаюць экалагічна чыстыя біяўгнаенні.
Распрацоўшчыкамі тэхналогіі вытворчасці біягазу і пастаўшчыкамі абсталявання выступілі нямецкія фірмы. Праект рэалізаваны за кошт крэдытных рэсурсаў замежных банкаў і ўласных фінансавых сродкаў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага і ацэньваецца ў 13,5 млн. еўра.
У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця ўнікальнага аб’екта прынялі ўдзел прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Руднік, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання краіны Леанід Заяц, першы намеснік міністра энергетыкі Эдуард Таўпянец, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Піскіжавым, кіраўніцтва і прадстаўнікі працоўнага калектыву СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага на чале са старшынёй гаспадаркі Аляксандрам Багелем, прадстаўнікі нямецкіх фірм, якія ажыццяўлялі пастаўкі абсталявання біягазавай устаноўкі і яго мантаж, кіраўнікі сельгасарганізацый раёна.
Прысутных шчыра вітаў кіраўнік урада Міхаіл Мясніковіч. Ён канстатаваў, што ў нашай краіне становіцца добрай традыцыяй да значных святаў, у тым ліку і да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, уво-дзіць у строй новыя аб’екты, якія значна ўмацоўваюць эканоміку нашай дзяржавы.
Прэм’ер-міністр адзначыў, што пытанні энергетыкі і энергетычнай бяспекі краіны былі заўсёды актуальнымі для Беларусі, паколькі ў нас няма вялікіх запасаў паліўна-энергетычных рэсурсаў. У цяперашні час вядзецца актыўная работа па дыверсіфікацыі паліўна-энергетычнага комплексу, і Беларусь ужо ў гэтым годзе закрые 25% паліўна-энергетычнага рынку за кошт мясцовых відаў паліва.
“Біягазавая ўстаноўка ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага — гэта дастаткова буйны аб’ект, — заўважыў Міхаіл Мясніковіч, — але мы за тры гады бягучай пяцігодкі павінны ўвесці ў строй яшчэ 25 біягазавых установак. Іх перавага ў тым, што яны дазваляюць вырашаць лакальныя праблемы, не патрабуюць вялікіх затрат на канверсію, а лішкі электраэнергіі, атрымліваемыя на іх, рэалізуюцца ў энергасістэму Беларусі па выгадным каэфіцыенце — 1,3. Гэта стымулюе развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі ў краіне.
Сабекошт электраэнергіі, атрыманай на біягазавай устаноўцы “Рассвета”, — каля 3,5 цэнта за кВт/гадз. у той час, як у аб’яднанай энергасістэме Беларусі — 9,7 цэнта. Гэта само за сябе сведчыць аб высокай эфектыўнасці дадзенага праекта.”
Міхаіл Мясніковіч заўважыў, што гэта, безумоўна, перспектыўны праект, рэалізацыя такіх праектаў накіравана на ўмацаванне магутнасці нашай дзяржавы, нашай энергетычнай незалежнасці.
У сваёй прамове на цырымоніі адкрыцця новага аб’екта губернатар вобласці Пётр Руднік адзначыў: вельмі важна, што біягазавая ўстаноўка пабудавана ў адной з лепшых гаспадарак краіны — знакамітым СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага; важна, што яна забяспечыць замяшчэнне прыроднага газу, за які наша дзяржава разлічваецца валютай; важна і тое, што для атрымання біягазу будзе задзейнічана мясцовая сыравіна.
Сучасныя эфектыўныя тэхналогіі, як падкрэсліў Пётр Руднік, дазволяць знізіць выдаткі вытворчасці — гэта факт, які пацвердзіцца ў самы бліжэйшы час.
Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч і старшыня аблвыканкама Пётр Руднік шчыра павіншавалі ўдзельнікаў урачыстасці з адкрыццём гэтага значнага для рэгіёна аб’екта, а таксама прынялі ўдзел у сімвалічным запуску біягазавай устаноўкі.
Затым высокія госці і ўсе прысутныя агледзелі ўнушальныя вытворчыя магутнасці аб’екта, прасачылі асобныя моманты тэхналагічнага працэсу.
Каментарыі па ходу агляду давалі старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў і старшыня СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Багель.
А ўпраўляючы нямецкай фірмы-распрацоўшчыка тэхналогіі вытворчасці біягазу на гэтай устаноўцы Герман Ліс яшчэ раз падкрэсліў, што гэта самы значны ў Беларусі праект і самы сучасны. “Гэта самая сучасная біягазавая ўстаноўка нават сярод падобных аб’ектаў Германіі і Еўропы. Будзем працаваць у Беларусі і далей,” — канстатаваў нямецкі спецыяліст.
Інавацыйныя тэхналогіі ўпэўнена ўкараняюцца ў нашым раёне, і рэгіён гатовы і далей ісці гэтым шляхам!
Наталля ХАДАКОВА.