І зноў Чыгірынскае вадасховішча стала эпіцэнтрам рыбалоўных баталій: у мінулую суботу нягледзячы на вельмі марознае надвор’е, ля дамбы ГЭС сабралося шмат сапраўдных прыхільнікаў зімовай рыбалкі і здаровага ладу жыцця. Прычым, як аматараў, так і спартсменаў-прафесіяналаў. У паралельным фармаце праходзілі чарговае зімова-каманднае першынство раёна і першы этап чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па спартыўнай надлёднай лоўлі рыбы на мармышку.
Рыбакам сёлетняй зімой доўга прыйшлося чакаць усталявання трывалага лёдавага покрыву на любімых вадаёмах. З-за неспрыяльнага надвор’я пераносіліся і рэспубліканскія спаборніцтвы па надлёднай лоўлі рыбы. І вось, нарэшце, усе дачакаліся і паспяшаліся на спаборніцтвы насуперак 25-градуснаму з раніцы марозу!
Першымі адкрылі сваё першынство кіраўчане. Пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь быў узняты Дзяржаўны флаг краіны. На ўрачыстым пастраенні ўдзельнікаў каманд (а іх заявілася на ўдзел у спаборніцтвах 9), балельшчыкаў шчыра вітаў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Дарэчы, як і заўжды, ён сам быў удзельнікам першынства раёна па рыбнай лоўлі, і разам з ім у камандзе былі сын Ігар, навучэнец гімназіі, і пракурор раёна Вячаслаў Паршук, таксама актыўныя аматары і зімовай, і летняй рыбалкі. Астатнія каманды прадстаўлялі ДЮСШ, ААТ “Кіраўск-Лён”, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, РАПТЗ, райспажыўтаварыства, Скрыпліцкі сельсавет, прыватнае прадпрыемства “Булат-Сталь”, якое разам з раённымі арганізацыямі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру” выступіла спонсарам спаборніцтваў. Камандныя прызы, дыпломы падрыхтавалі аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і фізкультурна-спартыўны клуб, якія былі арганізатарамі першынства.
Уладзімір Піскіжаў, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў: гэта цудоўна, што кіраўскія аматары рыбнай лоўлі спаўна выкарыстоўваюць магчымасці такога вадаёма, як Чыгірынскае вадасховішча, і ў летні, і ў зімовы перыяд выязджаюць на рыбалку, удасканальваюць свае навыкі. Старшыня райвыканкама выказаў меркаванне, што пагодныя ўмовы нададуць асаблівы інтарэс спаборніцтвам: будзе, безумоўна, нялёгка пры такім марозе, але майстэрства, цярплівасць, а, самае галоўнае, рыбацкая ўдача дазволяць кожнаму быць з уловам!
Са святам зімовай спартыўнай рыбалкі кіраўчан павіншаваў намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання “Федэрацыя рыбалоўнага спорту” Канстанцін Ціханаў і выказаў удзячнасць кіраўніцтву раёна на чале з Уладзімірам Піскіжавым за прыхільнасць здароваму ладу жыцця, падтрымку рыбалоўных спаборніцтваў і зімой, і летам. І пажадаў удзельнікам першынства, як кажуць рыбаловы, ні хваста, ні лускі!
Першае месца з уловам у 735 грамаў заняла каманда ДЮСШ у саставе Валянціна Шакарава, Ігара Масюковіча, Дзмітрыя Вароніча. Другое месца з рэзультатам 644г — у каманды ААТ “Кіраўск-Лён” (Фёдар Багамолаў, Віталь Юдко, Сяргей Сітцаў), трэцяе месца — у каманды райвыканкама ў саставе Уладзіміра і Ігара Піскіжавых, Вячаслава Паршука (634 г).
У асабістым першынстве перамогу святкаваў Ігар Масюковіч (ДЮСШ), улоў якога склаў 422 г, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна Сяргей Трухановіч (“СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага) і Фёдар Багамолаў (ААТ “Кіраўск-Лён”). Самая вялікая рыбіна — у 148 г — трапіла на мармышку прадстаўніка каманды РАНС Аляксандра Жураўскага, самыя маленькія — па 4 грамы — аказаліся адразу ў чацвярых чалавек.
Камандам былі ўручаны Дыпломы і прызы, а пераможцам у асабістым заліку — грашовыя прэміі, сфарміраваныя за кошт уступных арганізацыйных узносаў.
Актыўнай удзельніцай і зімовых, і летніх спаборніцтваў па рыбнай лоўлі з’яўляюцца каманда прыватнага прадпрыемства “Булат-Сталь” і яе дырэктар Аляксандр Падашэўскі, а таксама, як мы ўжо адзначылі, гэтае прадпрыемства выступае спонсарам.
У хуткім часе непадалёк ад нашых рыбаловаў занялі свае сектары спартсмены. Іх спаборніцтва доўжылася два дні. А перамогу святкавала каманда “БРИК” (вялікага рыбалоўнага інтэрнэт-клуба) з двухдзённым уловам у 5772 г. Другое і трэцяе месцы — на рахунку мінскіх каманд “Байкал” і “RS ice fiching”.
Ля дамбы самадзейныя артысты запрашалі ўсіх на карагод, работнікі РДК праводзілі цікавыя гульні і конкурсы, усе жадаючыя мелі магчымасць пакатацца на санях, а хто замёрз — пачаставацца гарачым булёнам і чаем ля гандлёвай палаткі — адным словам, атрымалася свята рыбалоўнага спорту і сапраўднай зімы з незабыўнымі ўражаннямі і цудоўным настроем усіх, хто ў ім удзельнічаў!
Наталля ХАДАКОВА.