Алена САКАДЫНЕЦ, старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня Кіраўскага раённага аддзялення Магілёўскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь”:
– Кіраўскі раён сустракае значны юбілей – 90-годдзе са дня ўтварэння. За гэтыя дзесяцігоддзі ў гістарычнай скарбонцы нашага цудоўнага краю мноства яркіх дасягненняў і перамог, нямала падзей, якімі мы можам ганарыцца. Кіраўчане працуюць, гадуюць дзяцей, спакойна глядзяць у будучыню… Але не забываюць і пра тых, хто коштам уласнага жыцця здабываў для нас гэты мір і свабоду, абараніў ад ворага родную зямлю. Гераічнае мінулае свята шануецца на Кіраўскай зямлі. Тут усё прасякнута гісторыяй.
Гэта і памятны знак “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці”, і жамчужына Прыдняпроўскага краю Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, і многія іншыя знакавыя і маляўнічыя мясціны. А самае галоўнае – кіраўская зямля багатая на добрасумленных і працавітых людзей.
Прыемна, што наш раён у ліку лідараў па розных паказчыках дзейнасці, асабліва ў сельскагаспадарчай галіне. І гэта вынік самаадданай працы жыхароў раёна, кожнага на сваім рабочым месцы. Усе разам мы прыкладаем намаганні, каб зрабіць нашу Кіраўшчыну яшчэ прыгажэйшай, лепшай, больш утульнай. Стала добрай традыцыяй падчас раённага свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі” адкрываць новыя аб’екты. А як прыгажэюць населеныя пункты, якім выпадае гонар сустракаць гасцей “Дажынак”!
Належная ўвага надаецца навядзенню парадку на зямлі, добраўпарадкаванню горада і сельскіх населеных пунктаў. Будуюцца дамы і кватэры, адкрываюцца новыя дзіцячыя пляцоўкі, рамантуюцца сацыяльныя аб’екты, дарогі, добраўпарадкоўваюцца вуліцы і прылягаючыя тэрыторыі. І гэта наша агульная заслуга, наш уклад у дабрабыт малой радзімы. Хацелася б, каб усе людзі памяталі, што тое, наколькі будзе камфортна і зручна жыць у нашым раёне, залежыць ад кожнага з нас. Жадаю землякам мірнага неба, узаемаразумення, цярпення, згоды і здароўя. А нашай малой радзіме – развівацца і эканамічна мацнець, станавіцца з кожным годам прыгажэй і лепш.