Не перастаюць прыемна здзіўляць юныя валейбалісткі-выхаванкі ДЮСШ, радуючы чарговымі і эфектнымі перамогамі. Прычым здзіўляюць цяпер яны больш сапернікаў і іх трэнераў ужо нават не рэспубліканскага ўзроўню…

З бліскучай перамогай вярнулася нядаўна каманда дзяўчат 1997-98 гадоў нараджэння з Міжнароднага турніру “Наталка-Палтаўка” з удзелам каманд трох краін, які, як ужо можна здагадацца, праходзіў у Палтаве ва Украіне. Гэта быў дэбют кіраўчанак у гэтым горадзе, хаця з украінскім валейболам нашы дзяўчаты ўжо знаёміліся не аднойчы падчас удзелу ў іншых міжнародных турнірах у горадзе Белая Царква. Менавіта тут у студзені бягучага года каманда трэнера Сяргея Лазаковіча і атрымала запрашэнне ў Палтаву.
Сказаць, што дэбют кіраўчанкам удаўся — нічога не сказаць. Дзяўчаты з беларускай правінцыі ехалі, каб вывучыць вопыт украінскай і расійскай валейболь- ных школ, не ставячы перад сабой самамэты перамагчы любой цаной. А выйшла так, што кіраўчанкі проста збянтэжылі сваёй бліскучай гульнёй усіх равесніц-апанентак і іх трэнераў.
Першы сапернік — другая каманда Палтавы. Гаспадыні літаральна нічога не змаглі прад’явіць у адказ жалячым ударам нашых валейбалістак. Вынік — сухая перамога 3:0. Наступная гульня — з камандай Мелітопаля. Спартсменкі з берагоў Азоўскага мора таксама не змаглі “ўзяць” у кіраўчанак ніводнай партыі — 3:0. Затым супраць беларусак выйшла першая каманда Палтавы. Усё, што ўдалося гаспадыням, — гэта “ўзяць” адну партыю: лік 3:1 на карысць кіраўчанак.
Сенсацыйнай можна было б лічыць наступную іх перамогу, бо здабыта яна была ў паядынку супраць каманды Белгарада — своеасаблівай валейбольнай Мекі Расійскай Федэрацыі. Тым не менш, лік 3:1 на карысць дзяўчат з Кіраўска — справядлівы па гульні.
Ледзь-ледзь не здарылася асечка ў матчы з камандай Новамаскоўска. Кіраўчанкі вый-гралі дзве першыя партыі, а ў трэцяй крыўдную траўму атрымала наша капітан Крысціна Ермалаева і не змагла працягваць сустрэчу. Пахіснуўшыся псіхалагічна, беларускі ўступілі наступныя дзве партыі.
Аднак у пятым, рашаючым адрэзку гульні, нашы зямлячкі змаглі сабрацца. Выдатна ўзялі на сябе гульню Яўгенія Бяржаніна і Ганна Слабукова, якім дапамагалі астатнія члены каманды, і — цяжкая, але перамога — 3:2!
Адчуўшы, што і ў адсутнасць капітана каманда можа змагацца на поўную моц, нашы дзяўчаты разграмілі ў апошнім сваім матчы на турніры саперніц з Адэсы і па праву заваявалі кубак і залатыя медалі! Своеасаблівы рэкорд турніру ўстанавіла наша цэнтральная нападаючая Жэня Бяржаніна: у пляцоўку апанентак у шасці сустрэчах яна “ўкалаціла” 124 мячы! 91 мяч на рахунку яе сяброўкі і партнёршы па юніёрскай зборнай Беларусі Крысціны Ермалаевай, якая, нагадаем, паўтара матча не гуляла з-за траўмы. Спецыялісты, трэнеры каманд-удзельніц высока ацанілі падрыхтоўку валейбалістак з Кіраўска, а хтосьці нават пажартаваў, што, маўляў, у Палтаве такіх бліскучых перамог ніхто не атрымліваў з часін Пятра I…